В Докшицком районе за звание «Лучший по профессии» боролись шесть соцработников
На мінулым тыдні шэсць сацыяльных работнікаў на раённым конкурсе прафесійнага майстэрства змагаліся за званне “Лепшы па прафесіі”.
Мерапрыемства праходзіла ў два дні: напярэдадні фінальнага конкурсу журы ацаніла панадворкі падапечных канкурсантаў, кожны з якіх меў адметную назву.
Ад “Гаспадынькі” да “Утульнага”
Каб уразіць журы Таісія Несцяронак падвор’е сваёй падапечнай Дануты Ястраб у Станіслаўцах упрыгожыла саматканымі рэчамі бабулі. Цікавай і адметнай кампазіцыяй выглядалі пучкі кмену на плоце. У гэтай жа вёсцы адбылося знаёмства з яшчэ адной удзельніцай конкурсу – Людмілай Маланковай. Больш за 20 гадоў яна дапамагае па гаспадарцы Таццяне Шабан. Пра тое, што Таццяна Мікалаеўна – былы біёлаг, гаварыў расквечаны шматлікімі раслінамі двор. У Анатолія і Галіны Ляўко з Заборцаў, якіх даглядае Святлана Пашкевіч, вазамі для букетаў з рамонкаў і васількоў сталі гумовыя боты, а на калёсах ля хаты ўсядалі баба з дзедам, зробленыя з чурак. Вязанымі дыванамі, вышыванымі ручнікамі і духмянымі блінамі сустракалі камісію ў Бярозаўцы гаспадар сядзібы Часлаў Надольскі і ўдзельніца конкурсу Ларыса Стадольнік, якая перамагла ў намінацыі “Лепшы панадворак”. Гасцінна прыняла членаў журы Галіна Мяшко ў Крулеўшчыне і амаль з парогу пачала нахвальваць сваю памочніцу Іну Каляга. Яна дзякавала сацработніку за яе акуратнасць, увагу, бездакорнае выкананне абавязкаў і пастаянны добры настрой. У Докшыцах на панадворку Ліліі Кокар журы чакаў канцэрт, які ў падтрымку каляжанкі Галіны Лініч арганізавалі іншыя сацыяльныя работнікі.
Візітоўка з фантазіяй
Другі этап конкурсу сабраў удзельнікаў і заўзятараў у канцэртнай зале ГЦК. Адкрыла мерапрыемства начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Алена Тулоўская, якая падзякавала канкурсантам за ўдзел у мерапрыемстве.
Першае заданне – візітоўка. Сацработнікі загадзя падрыхтавалі эсэ з фотапрэзентацыямі, у якіх распавялі пра сваю работу.
– Сацыяльная праца – не прафесія, а стан душы, – пранікнёна распавядала Святлана Пашкевіч. Яе выступленне на роднай мове гучала меладычна і напеўна, што адзначылі не толькі журы, але і ўсе, хто быў у зале. Іна Каляга, акрамя асноўнага задання, прыдумала яшчэ эмблему і нават падрыхтавала мадэлі адзення для сацыяльнага работніка, прадэманстраваць якія ёй дапамагла група падтрымкі.
Самым галоўным заданнем быў конкурс “Эрудыт”, падчас якога правяраліся тэарэтычныя веды канкурсантаў.
Розныя работы ўдзельніц, прадстаўленыя ў намінацыі “Мае таленты”, упрыгожылі аднайменную выставу, аформленую ў зале. Іна Каляга вылучылася і тут: зноў жа з групай падтрымкі яна праспявала вясёлыя жартоўныя прыпеўкі пра прафесію сацработніка.
Пакуль журы выяўляла пераможцу, гледачы з задавальненнем падпявалі мясцовым артыстам. І вось урачысты момант узнагароджання. Самай эрудзіраванай па агульнай колькасці набраных балаў аказалася Галіна Лініч. У намінацыі “Талент” узнагароджана Людміла Маланкова. Трэцяе месца ў конкурсе “Лепшы па прафесіі” заваявала Таісія Несцяронак, другое – Святлана Пашкевіч. Па выніках конкурсу лепшай па прафесіі стала Іна Каляга, яна ж атрымала дыплом у намінацыі “Візітоўка з фантазіяй”.
Тэкст і фота Яўгеніі МАЛЕВІЧ.