Не толькі скардзяцца, але і дзякуюць

8 тэлефонных званкоў да старшыні райвыканкама Алега Леанідавіча Пінчука сталі сведкамі таго, што не ўсё тое, што ўваходзіць у службовыя абавязкі некаторых адказных работнікаў службаў і арганізацый раёна выконваецца належным чынам. Па-ранейшаму ў жыхароў раёна выклікае праблему водазабеспячэнне. Пра гэта гаварыў па тэлефоне жыхар вёскі Літоўцы. Праўда, чамусьці чалавек адмовіўся назваць сваё прозвішча. Між тым, тое, што ў новых дамах, што былі здадзены два гады назад, адсутнічае вада і іх насельнікам няма магчымасці карыстацца санвузлом, мала сказаць, што не ўпрыгожвае кіраўніка КУП “Докшыцкі” і старшыню Крулеўшчынскага сельскага Савета. Невыкананне дзяржстандарту проста недапушчальна. Дарэчы, у час правядзення “прамой лініі” са старшынёй на гэты раз прысутнічалі кіраўнікі службаў райвыканкама і сельгаспрадпрыемстваў, старшыні пассельсаветаў.

Пенсіянерка з Докшыц З.С. Панцялеева абурылася няякаснай саломай, што прадавалася на восеньскім кірмашы ў райцэнтры, і прасіла разабрацца з гэтай праблемай. Высветлілася, што няякасную салому на мінулы кірмашы прывезлі з СВК “Барсучанка”. За тыдзень да таго былі папрокі на якасць саломы, што прывезлі з СВК “Таргуны”. Алег Леанідавіч паставіў на асаблівы кантроль забеспячэнне жыхароў раёна прадукцыяй сельскагаспадарчай вытворчасці. Рэкамендавана аб неабходным тавары, якія хочуць набыць у час кірмашу, тэлефанаваць па нумары 2-12-32 у аддзел жыллёва-камунальнай гаспадаркі.

В.М. Васюковіч з вёскі Дзедзіна прасіў у старшыні дапамогі, каб адкрыць крэдытную лінію на набыццё жылля. Справа заключаецца ў тым, што сям’я Васюковічаў шматдзетная, а каб набыць трохпакаёвую кватэру, неабходна атрымаць выдзеленую субсідыю. Праблема была ў тым, што ў такім выпадку сям’ю здымаюць з чаргі на паляпшэнне жыллёвых умоў. Сям’я з гэтым згодна, і просьба іх задавальняецца.

Сярод званкоў, якія паступілі на “прамую лінію” да старшыні былі і такія, дзе выказваліся ўдзячнасці кіраўнікам сельгасарганізацый і некаторым іншым адказным работнікам. Напрыклад, з Параф’янава патэлефанавала грамадзянка Варапаева і падзякавала за падбор кіруючых кадраў у адкрытае акцыянернае таварыства. Яна вельмі ўдзячна Анатолю Мікалаевічу Бальшунову за ўвагу да праблем жыхароў, а таксама старшыні Параф’янаўскага сельскага Савета П.Р. Маславу за аказанне дапамогі.

Л.М. Сінякова, пенсіянерка з Нябышана, выказвала ўдзячнасць кіраўніку ДП “АграБераснёўка” А.А. Тулоўскаму за дапамогу ў набыцці бульбы. А жыхарка вёскі Порплішча А.П. Грыгаровіч дзякавала за чуласць і добразычлівасць дырэктару ДП “Порплішча” І.У. Камзакову і маладому доктару І.М. Бруяку.

Тое, што тычыцца праблем жыхароў, у старшыні райвыканкама стаіць на кантролі. І, практычна, невырашальных пытанняў няма.

Нэлі БЯЛЯЎСКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *