Каб ведалі і памяталі

У 1964-м годзе аднапалчанінам П.М. Машэрава па партызанскай барацьбе, тагачасным дырэктарам Докшыцкай сярэдняй школы У.Ф. Парулем у школе быў створаны музей, прысвечаны Герою Савецкага Саюза Івану Сцяпанавічу Палявому. Экспанаты для школьнага музея Уладзімір Францавіч збіраў сам, некалькі разоў ездзіў на радзіму героя-лётчыка, у Докшыцы прыязджалі родныя Палявога. Адразу пасля свайго стварэння музей стаў цэнтрам патрыятычнага выхавання школьнікаў. Тут прымалі ў акцябраты, піянерам завязвалі гальштукі, камсамольцам уручалі білеты. Не страціў сваёй актуальнасці ён і зараз.

На сёння гэта самы буйны ваенны школьны музей. Да 65-годдзя Вялікай Перамогі тут праведзена вялікая работа па абнаўленні экспазіцый, папаўненні іх новымі экспанатамі. Шмат якімі матэрыяламі падзяліўся з музеем краязнавец з Крулеўшчыны А.У. Чарнаруцкі. Дакладней, дазволіў зрабіць з дакументаў і фатаграфій фотакопіі. Сваімі сіламі Докшыцкая СШ № 1 зрабіла рамонт асноўнага памяшкання музея, дзе будуць размяшчацца экспазіцыі ваеннай тэматыкі. У светлым пакоі са спецыяльным асвятленнем асноўнае месца прадастаўлена матэрыялам, якія датычацца ваеннай біяграфіі Івана Палявога і Бярлінскага ордэнаў Кутузава і Аляксандра Неўскага 132 авіяпалка, у якім ваяваў будучы Герой Савецкага Саюза. Віднае месца зоймуць экспазіцыі, прысвечаныя настаўнікам-ветэранам, а таксама былым воінам-афганцам і тым салдатам, што загінулі ў час выканання воінскага абавязку ў мірны час.

У загадчыцы музея настаўніцы гісторыі Ірыны Станіславаўны Аліноўскай яшчэ вельмі шмат планаў наконт музея. Як чалавек творчы і энергічны, яна, магчыма, здолее ператварыць іх у жыццё, хаця і ёй патрэбна дапамога, і ў першую чаргу фінансавая. Музей неабходны гораду і, мяркуючы па экспанатах, яго можна смела ўключаць у экскурсійныя маршруты. Ведаць пра вайну і помніць, як дорага прыходзіцца плаціць за перамогу ў ёй, трэба кожнаму.

Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *