На падмостках школьнай сцэны

Сцяпан і Вяльяна, Пятрусь і Адась, Ангел і чорт, Агатка, Акуліна, Цыганка і іншыя дзеючыя асобы п’есы “Сцяпан і Вяльяна” докшыцкага драматурга Фёдара Палачаніна, лаўрэата прэміі імя Уладзіміра Караткевіча, зноў узрушылі пачуцці, звязаныя са старажытным паданнем Докшыцкай зямлі пра Сцёп-камень. І адбылося гэта, дзякуючы ініцыятыве настаўніцы гісторыі ўстановы адукацыі “Докшыцкая ДАСШ №1” Людмілы Пятроўны Шашко, якая з вучнямі 10 “Б” класа паставіла драматычны спектакль.

Амаль паўтары гадзіны зала жыла падзеямі сівой мінуўшчыны. Перад гледачамі паўстала гісторыя трагічнага кахання. Шаснаццацігадовыя юнакі і дзяўчаты, з іх максімалізмам і ружовым успрыманнем жыцця, пераўтварыліся ў сур’ёзных герояў аповеду. З іх вуснаў замест такога звыклага маладзёжнага слэнгу гучалі, нават сыпаліся, народныя прымаўкі, якімі багата творчасць аўтара. Родная беларускамоўная гаворка напаўняла ўсю прасторную актавую залу.

Не выпадкова знаёмства з вуснай народнай творчасцю, з паданнямі краю, народнай культурай абрала Людміла Пятроўна – да тыдня гісторыі рыхтаваліся загадзя. Дзесьці тры месяцы вучні зусім няпростага, па сведчанні настаўнікаў, класа жылі рэпетыцыямі, падборам рэквізіту, касцюмаў. І сярод тыдня па вечарах, і ў нядзельны дзень спяшаліся ў школу. Там іх чакала Людміла Пятроўна, якая ўвесь гэты час, здаецца, толькі і жыла пастаноўкай спектакля. Гэта ўжо трэцяя рэжысёрская работа са школьнікамі. І сёння выпускнікі школы, збіраючыся разам, заўжды ўспамінаюць свой удзел у спектаклях “Трыбунал”, “Цуд”.

Людміле Пятроўне ўдалося аб’яднаць работай над спектаклем і настаўнікаў школы. Шмат дапамагла настаўніца музыкі Ірына Валер’еўна Каросцік. Пастаноўкай народных танцаў займалася настаўніца харэаграфіі Таццяна Мікалаеўна Новік. Разумела і падтрымлівала вучняў і класны кіраўнік Людміла Леанідаўна Шышла.

Як прызнаецца сама Людміла Пятроўна, ёй хацелася аднавіць і прадоўжыць справу сваёй настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Фаіны Андрэеўны Юнцэвіч, калі яе вучні на падмостках сцэны паказвалі сапраўдныя шэдэўры школьнага тэатральнага мастацтва.

Людміла ГІЛЬНІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *