Да патрэб людзей — з большай увагай

На гэтым тыдні, у аўторак, прайшоў дзень Крулеўшчынскага сельсавета. Прадстаўнікі раённай улады, а таксама кіраўнікі службаў раёна выехалі на месца, каб сустрэцца з людзьмі, выслухаць іх просьбы, прапановы, даведацца пра надзённыя праблемы, пасадзейнічаць хутчэйшаму іх вырашэнню.
У памяшканні Крулеўшчынскага сельскага выканаўчага камітэта прыём грамадзян вёў старшыня райвыканкама Алег Пінчук, у іншых населеных пунктах сельсавета з людзьмі гутарылі старшыня раённага Савета дэпутатаў, намеснікі старшыні райвыканкама, начальнікі ўпраўленняў і аддзелаў раённага выканаўчага камітэта, кіраўнікі службаў раёна.
Большасць пытанняў, з якімі звярнуліся ў той дзень мясцовыя жыхары да прадстаўнікоў раённай улады, тычыліся іх жыццезабеспячэння. Так, жыхары асобных дамоў у Крулеўшчыне скардзіліся на нездавальняючыя бытавыя ўмовы: не ўцеплена цеплатраса, у кватэрах холадна, не рамантуюцца тратуары, дваровыя тэрыторыі, працякае каналізацыя, патрабуюць рамонту дах і балконы.

Разабрацца ва ўсіх гэтых пытаннях і працаваць над стварэннем нармальных умоў для жыцця людзей старшыня райвыканкама Алег Пінчук абавязаў дырэктара РУП ЖКГ Уладзіміра Ходаля. А намеснік старшыні райвыканкама Андрэй Шнітко павінен будзе ўзяць дадзеныя пытанні на кантроль.

З дваццаці населеных пунктаў сельсавета сустрэчы з жыхарамі адбыліся ў чатырнаццаці. Вяскоўцы ўздымалі такія пытанні, як ільготнае забеспячэнне брыкетным палівам, нездавальняючае транспартнае абслугоўванне. Асобныя жыхары ўказвалі на неабходнасць палячыцца ў Крулеўшчынскай бальніцы, якая, на жаль, пакуль абмежавана ў прыёме на бальнічныя ложкі ўсіх жадаючых па прычыне незавершанага рамонту другога паверха. Былі просьбы аб дапамозе ў рамонце печы, ва ўстаноўцы ў магазіне касавага апарата. Людзей, якія займаюцца вядзеннем уласных гаспадарак, хвалявалі пытанні наконт дрэннай арганізацыі асемянення грамадскага статка.

Вырашэнне ўзнятай праблемы даручана начальніку райсельгасхарчу Наталлі Бортнік. Пенсіянеры вёскі Кляпіцы прасілі, каб ім па ніжэйшай цане дазволілі купіць зерне. Дадзенае пытанне вырашылася на месцы: той, хто працаваў у гаспадарцы, будзе мець магчымасць купіць збожжа па льготнай цане. Такое даручэнне Алег Леанідавіч адрасаваў дырэктару КУП “Докшыцкі”.

Занепакоены вяскоўцы і такім пытаннем, як супрацьпажарная бяспека, а таму прасілі дапамогі ў ачыстцы мясцовага вадаёма. Сярод іншых пытанняў, якія ўздымалі людзі ў час сустрэч з прадстаўнікамі раённай улады, былі: спілоўка старых дрэў, вулічнае асвятленне, добраўпарадкаванне дарог і іншыя. Прыемна, што ад іх паступалі не толькі просьбы і скаргі, а і добрыя водгукі аб станоўчых з’явах, выказваліся, напрыклад, удзячнасці за добрае абслугоўванне медыкам, работнікам гандлю, паштальёнам.
На падвядзенні вынікаў дня сельсавета старшыня райвыканкама патрабаваў ад адказных асоб, у асноўным такіх арганізацый, як ПМС, райгаз, РУП ЖКГ, ДЭУ-180, РЭС, каб праблемныя пытанні яны вырашалі больш аператыўна. Любая пачатая справа не павінна зацягвацца, а быць завершана ў сціслыя тэрміны. Алег Пінчук звярнуў увагу кіраўнікоў мясцовых арганізацый на неабходнасць цеснага супрацоўніцтва паміж імі ў навядзенні парадку на тэрыторыі сельсавета. На больш высокі ўзровень трэба падымаць культуру земляробства. Самая галоўная наша задача, падкрэсліў кіраўнік раёна, – гэта клопат пра людзей, а ў дадзены момант – гэта забеспячэнне іх палівам, гароднінай, належным медыцынскім абслугоўваннем, словам, стварэнне для іх нармальных бытавых умоў.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *