Не толькі з просьбамі, з удзячнасцю — таксама

Як, напэўна, ужо заўважылі нашы чытачы, мы перыядычна друкуем на старонках “Родных вытокаў” справаздачы з дзён сельсаветаў. Такія мерапрыемствы апошнім часам сталі праводзіцца ў раёне рэгулярна. Да жыхароў вёсак выязджаюць прадстаўнікі раённай улады, кіраўнікі розных службаў раёна, якія сустракаюцца з людзьмі ў кожнай вёсцы, гутараць з імі, высвятляюць хвалюючыя мясцовых жыхароў праблемы з тым, каб дапамагчы іх вырашыць, а значыць, аблегчыць жыццё пажылым людзям, бо асноўную частку сельскага насельніцтва складаюць сёння менавіта яны. На гэтым тыдні такое выязное мерапрыемства адбылося ў Сітцаўскім сельсавеце.
У адміністрацыйным памяшканні ДП “АграСітцы” прыём грамадзян вёў старшыня раённага выканаўчага камітэта Алег Пінчук, у іншых населеных пунктах сельсавета з вяскоўцамі сустракаліся і гутарылі старшыня раённага Савета дэпутатаў, намеснікі старшыні райвыканкама, начальнікі ўпраўленняў і аддзелаў раённага выканаўчага камітэта, кіраўнікі службаў раёна.
Што хвалюе сёння вяскоўцаў? Якія пытанні яны не ў стане вырашыць самі і звяртаюцца да прадстаўнікоў улады? Такіх пытанняў не так і мала. На вырашэнне адных не патрабуецца шмат часу, іншыя ж просьбы адразу задаволіць не атрымліваецца, і людзям даюцца адказы, колькі ім трэба будзе пачакаць. У кожным канкрэтным выпадку вырашэнне праблемы даручаецца той ці іншай адказнай асобе.
Вось і просьбу жыхароў аграгарадка Сітцы вырашыць адразу не ўяўляецца магчымым. Яны просяць правесці ў вёсцы водаправод, а таксама падвесці ваду ў свае дамы. Каб здзейсніць такую аперацыю, патрэбна яшчэ адна свідравіна, кошт якой з помпамі і трубамі складае прыкладна 120 млн. рублёў. Гэтыя грошы неабходна закласці ў бюджэт, распрацаваць правядзенне гэтага мерапрыемства, на што, вядома, спатрэбіцца пэўны час. Што ж датычыцца падвядзення вады ў дамы, то гэту работу іх гаспадары павінны будуць аплаціць за свой кошт. Вырашэнне дазенай праблемы старшыня райвыканкама даручыў дырэктару РУП ЖКГ Уладзіміру Ходалю.
Жыхары вёскі Дзядкі ўзнялі пытанне па ачыстцы пажарнага вадаёма. Гэту работу кіраўнік раёна даручыў выканаць кіраўніцтву ДП “АграСітцы”. У Новай Вёсцы, у Курдзеках, у Макаравічах, у Лісавічах людзі прасілі дапамогі ў апрацоўцы прысядзібных участкаў. А.Л. Пінчук даў указанне кіраўніцтву мясцовага сельгаспрадпрыемства па прымальных цэнах апрацаваць зямельныя ўчасткі вяскоўцаў.
Былі таксама пытанні наконт забеспячэння торфабрыкетным палівам, дрывамі. Адзін з жыхароў паскардзіўся на дрэнную радыёсувязь. Як паабяцаў начальнік РВЭС В.У. Падцяроб, гэта пытанне ў 4 квартале будзе вырашана станоўча. Вяскоўцы прасілі таксама дапамогі ў спілоўцы трухлявых дрэў, у рамонце моста. Былі просьбы аб дазволе купіць у гаспадарцы зерне, бульбу па сабекошце. Старшынёй райвыканкама было дадзена ўказанне прадаставіць такую магчымасць пажылым людзям, якія ў свой час працавалі ў гаспадарцы.
Ад жыхароў вёскі Парэчча паступіла скарга, што ім не дазваляюць займацца саманарыхтоўкай дроў. Яны таксама ўзнялі пытанне транспартнага забеспячэння, прасілі, каб у вёску заходзіў аўтобус, каб быў устаноўлены аўтобусны павільён. Вернікі асобных населеных пунктаў прасілі выдзялення аўтобуса для падвозу іх у царкву.
Ніводнае ўзнятае вяскоўцамі пытанне не засталося па-за ўвагай, на ўсё былі дадзены канкрэтныя адказы, і ў асноўным станоўчыя.
Варта заўважыць, што звароты грамадзян да прадстаўнікоў улады тычыліся не толькі просьбаў ды скаргаў. Напрыклад, тыя ж парэчанцы, а таксама жыхары вёскі Пліскі выказвалі ўдзячнасць медыкам, работнікам гандлю, паштальёнам за добрае абслугоўванне, а кіраўніцтву мясцовай гаспадаркі за тое, што своечасова дапамаглі зжаць збожжа на прысядзібных участках.
На падвядзенні вынікаў старшыня райвыканкама выступіў з заключным словам, выказаў свае заўвагі па актуальных пытаннях, даў канкрэтныя ўказанні, патрабаваў выканання ад адказных асоб дадзеных даручэнняў.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *