Абласныя дыпламанты

Шмат якой сялянскай работы: пілаваць і сячы дровы, запрагаць каня, араць глебу, чысціць гародніну, насіць каромыслам ваду – давялося выканаць Паўлу і Вользе Шылковым, якія прымалі ўдзел у абласным конкурсе “Уладар сяла”. Да гэтай працы мужу і жонцы не прывыкаць: дома яны трымаюць дастаткова вялікую гаспадарку, у тым ліку пчол і нават экзатычных перапёлак. Рамкі з мёдам, велізарны фаршыраваны шчупак, якога злавіў і сам прыгатаваў гаспадар, запечаныя перапёлкі, за дзясятак саленняў і варэнняў, якія ледзь змясціліся на стале Шылковых у час конкурсу “Сялянская хата ўсім багата”, так спадабаліся прысутным, што кожны, хоць маленькі кавалачак, але ўзяў на спробу. Непаўторнымі былі Шылковы і падчас прадстаўлення візітоўкі, калі заспявалі сямейным ансамблем, у якім тату з мамай дапамагалі сын з дачушкай. Акампаніраваў дзядуля Дзмітрый Аляксеевіч. Шылковы, адзіныя сярод канкурсантаў, за музычную візітоўку атрымалі гарачыя апладысменты ад шматлікіх гледачоў.

Высокую падрыхтаванасць канкурсантаў з Докшыц адзначыў і першы сакратар абкама ГА “БРСМ” Дзмітрый Хама, калі ўручаў ім дыплом.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *