У «сонцы» ёсць зоркі

Фестываль творчасці дзяцей і моладзі з абмежаванымі магчымасцямі “Сонечны круг” мае не сімвалічную, а абсалютна дакладную назву. Яго ўдзельнікаў інакш не назавеш, як сонечныя. Нездарма людзей, якія маюць фізічныя асаблівасці, часта называюць божымі дзецьмі. Ад іх ідзе фізічна адчувальная боская ласка, якая дае свядомасць сутыкнення з велічынёй чалавечай сутнасці.

3 снежня на шосты фестываль “Сонечны круг” у кінаканцэртнай зале “Іскра” сабралася вялікая публіка. Радаснае хваляванне адчувалася ў выступоўцаў, асабліва ў дэбютантаў. Яркім воблакам з бантаў і стужак яны мітусіліся па зале, папраўлялі прычоскі, макіяжы, даводзілі кожны штрых свайго сцэнічнага вобраза. Не адыходзілі ад іх настаўнікі і творчыя кіраўнікі, пыталіся пра гатоўнасць, нагадвалі словы з песень і вершаў, распраўлялі на іх касцюмах фальбонкі, падбадзёрвалі. Рассаджваліся на свае месцы бацькі. Яны не зводзілі вачэй са сваіх родных артыстаў. Ганаровае месца ў зале займалі паважаныя госці: прадстаўнікі раённай улады на чале са старшынёй раённага выканаўчага камітэта Алегам Пінчуком. Няпростую работу прадчувалі члены журы. Атмасфера была па ісціне святочнай.

Феерыя доўжылася больш за тры гадзіны. Са сцэны ліліся песні, дэкламаваліся вершы, кружыліся танцы, захоплівалі тэатральныя пастаноўкі, інтэрмедыі. Маленькія і дарослыя артысты прадставілі вялікую прастору канцэртных жанраў, напоўніцу раскрылі свае таленты. Шчыра вітала публіка ўжо вядомых зорак “Сонечнага круга”, спевакоў Аляксандра Якубоўскага, Влада Сіманіса, Уладзіміра Курто, Лізу Патэйчук, Паліну Палтаран, дэкламатараў і паэтаў Марыю Каляга, Марыю Стадольнік, тэатралаў Бягомльскай школы-інтэрната, артыстаў аддзялення дзённага прабывання інвалідаў ТЦСАН і ЦКРНіР. Шмат было і тых, хто выходзіў на сцэну ўпершыню. Яны таксама здолелі ўспыхнуць яркімі зорачкамі на творчай “сонечнай” прасторы. Нават маленькія няўдачы, хваляванне, забыццё слоў толькі ўзмацнялі замілаванне і надавалі трапятання іх выступленням. Некаторыя мамы і настаўнікі не пакінулі сваіх дзяцей і выхаванцаў нават на сцэне. Разам з імі спявалі і танцавалі. Зал узрываўся апладысментамі пасля кожнага нумара.

Ніхто не хацеў бы апынуцца на месцы журы. Выбраць лепшых было надзвычай складана. Аднак умовы конкурсу патрабавалі назваць пераможцаў.

Тэрэза Урбан, дырэктар раённага Цэнтра дзяцей і моладзі, выйшла на сцэну з вялікім стосам дыпломаў. Яна шчыра дзякавала ўсім удзельнікам фестывалю за актыўны ўдзел, за радасць і ўражанні, што яны падаравалі гледачам. Таксама нагадала пра выставу “Свет маіх захапленняў”, што праходзіць у рамках фестывалю і запрасіла ўсіх наведаць яе ў Цэнтры дзяцей і моладзі. Пасля гэтага на сцэну сталі запрашаць пераможцаў усіх намінацый, адорваць іх шчырымі апладысментамі, уручаць узнагароды.

Намінацыя выяўленчае мастацтва:
1 месца – Дар’я Петрусёва. 2 месца – Марыя Стадольнік. 3 месца – Елізавета Казлоўская і Святлана Навіцкая.

Дэкаратыўна-прыкладная творчасць:
1 месца – Таццяна Новік, Алёна Асіповіч, Іван Будзіч. 2 месца – Іван Пруднікаў, Віктар Жукаў, Марыя Ярмаковіч, Таццяна Супрун. 3 месца – Ала Ярмаковіч, Уладзімір Мацук, Аляксандр Пятровіч, Віталій Зданоўскі.

Прыз глядацкіх сімпатый атрымаў Іван Будзіч.

Вакальнае майстэрства:
1 месца – Уладзіслаў Сіманіс, Аляксандр Якубоўскі. 2 месца – Дзяніс Родчанка, Ліза Патэйчук. 3 месца – Паліна Палтаран.

Мастацкае чытанне:
1 месца – Марыя Каляга, Ліза Казлоўская. 2 месца – Васіль Бацэка, Марыя Стадольнік. З месца – Яўген Мацук, Марыя Дранковіч.

Тэатральная творчасць:
1 месца – Бягомльская школа-інтэрнат. 2 месца – аддзяленне дзённага прабывання інвалідаў ТЦСАН. 3 месца – Бярозкаўская СШ.

Харэаграфія:
1 месца – ЦКРНіР. 2 месца – Бягомльская школа-інтэрнат. 3 месца – Уладзімір Нарніцкі.

Пасля канцэрта артыстаў запрасілі ў рэстаран “Бярэзіна” на святочны абед і гульнявую праграму. Там удзельнікі фестывалю атрымалі падарункі, якія былі набыты за сродкі, атрыманыя ад спонсараў. Дзіцячаму шчасцю не было межаў.

Таццяна СТАДОЛЬНІК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *