Генетический потенциал порплищанских коров на высоте

 Па выніках мінулага года жывёлаводы ДП “Порплішча” па надоях малака ад каровы сталі лідарамі ў раёне. У сярэднім ад кожнай з 890 кароў атрымана па 4717 кілаграмаў малака. Прыбаўка да папярэдняга года склала 506 кілаграмаў. На МТФ “Варганы”, дзе ўтрымліваюць жывёлу па навейшай тэхналогіі, ад каровы надоена 5023 кілаграмы. За кошт чаго дабіліся такіх вынікаў? На гэта і некаторыя іншыя пытанні я прашу адказаць галоўнага заатэхніка дзяржпрадпрыемства Жанну Аляксандраўну Баравінец.НА ЗДЫМКУ: галоўны заатэхнік Ж.А. Баравінец.

– Вядома, што генетычны патэнцыял парплішчанскіх кароў дастаткова высокі. Гэта застаецца з даўніх часоў альбо вынікае з таго, што на высокім узроўні вядзецца племянная работа?

– Каб дасягнуць станоўчых вынікаў у жывёлагадоўлі, трэба дбайна працаваць па ўсіх накірунках, – гаворыць тэхнолаг жывёлагадоўчай вытворчасці. – Магу адкрыта сказаць, што недапрацоўкі ў нас ёсць. Аднак племянную работу ставім на першае месца. Замену выбракаваных кароў вядзём сваімі цялушкамі, якіх атрымліваем ад высакаўдойных кароў. У мінулым годзе атрымалі прыплоду на 57 галоў больш чым у папярэднім. Увогуле, выхад цялят на 100 кароў і цялушак склаў 92 працэнты. Другі год пакрываем іх спермай канадскіх быкоў-вытворцаў. За кошт гэтага ў наступным годзе будзем чакаць павелічэння надояў і валавой вытворчасці малака. А таксама аб’ёму прадукцыі, якая ідзе класам экстра. Пільна сочым за развіццём жывёлы, адбіраем па колькасці саматычных клетак. Пры неабходнасці лечым, сочым за тым, каб карова своечасова прыйшла ў ахвоту. Уся праведзеная работа занесена на спецыяльныя картачкі, у якіх зарэгістраваны стан кожнай жывёліны.

– Аднак выказванню, што малако ў каровы на языку, ніхто і ніколі не пярэчыў.

– Гэта бясспрэчна. На зімоўку 2011 — 2012 года ў гаспадарцы нарыхтавана ў разліку на ўмоўную жывёліну каля 30 цэнтнераў кармавых адзінак, а гэта значна больш чым было летась. У мінулым годзе ўжо са студзеня кармілі жывёлу прывазнымі кармамі, што адмоўна адлюстравалася на сабекошце прадукцыі. Сёлета такой праблемы не ўзнікне. Апрача травяных кармоў, у рацыёне жывёлы прысутнічаюць канцэнтраты, шрот, соль, патака. Згодна з тэхналогіяй, пяршачкам на раздоі даём па 350 грамаў канцэнтратаў на кілаграм надоенага малака і па 1,5 кілаграма шроту, а каровам, адпаведна, па 300 грамаў канцэнтратаў і аднаму кілаграму шроту. Ад пяршачак у сярэднім доім па 18 кілаграмаў малака, ад кароў – па 15.

– За кошт гэтага і плануеце павялічыць вытворчасць малака?

— У нейкай ступені так. Летась, напрыклад, увялі ў дойны статак 253 цялушкі. Увайшла ў дзеянне і другая чарга МТФ “Варганы”. Туды паставілі 220 пяршачак. З іх 100 ацяліліся. Сёлета чакаем ацёлаў 120 цялушак. Калі ў мінулым годзе павелічэнне пагалоўя кароў за кошт цялушак склала 32 працэнты, то ў гэтым годзе плануецца ўвесці 35 працэнтаў ад агульнай колькасці кароў.

На бягучы год запланавана правесці рэканструкцыю фермы “Порплішча” і павялічыць надой ад кожнай каровы да мінулагодняга паказчыка на 500 кілаграмаў. Зразумела, што створаныя належныя ўмовы ўтрымання статку таксама дадуць станоўчыя вынікі.

– А працаваць ёсць каму?

– Канечне. Кадравых праблем пакуль не адчуваем. Сёння мне нават складана выдзеліць лепшых. Добра працуюць 19 аператараў машыннага даення, 18 даглядчыкаў, 3 тэхнікі-асемянатары, заатэхнік-селекцыянер.

У мінулым годзе рэалізавалі малако класам экстра 65 працэнтаў ад агульнай колькасці. Сёлета 85 працэнтаў ідзе найвышэйшай якасцю.

Ад рэалізацыі малака залежыць заробак усіх жывёлаводаў. Сярэдняя заработная плата даярак склала каля паўтара мільёна рублёў, даглядчыкаў – 1 мільён 200 тысяч.

– Дзякую за размову.

Гутарыла Нэлі БЯЛЯЎСКАЯ.

Фота В. Чарвінскага.

                

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *