Ряды тысячников в Докшицком районе пополняются

№1

№1

Жніво імкліва лістае свой каляндар – з кожным днём павялічваюцца рады камбайнераў, вадзіцеляў, якія ў скарбонку краіны закладваюць чарговую тысячу тон збожжа. Гэтымі днямі іх паўсюдна ўшаноўваюць.
Не стаў выключэннем і наш раён. На мінулым тыдні дэлегацыя на чале са старшынёй райвыканкама Алегам Пінчуком зноў накіравалася ў ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс”. Тысячнага намалоту там дасягнулі Аляксандр Суднік і сямейны экіпаж у складзе Яўгена і Сяргея Машко. Да слоў падзякі і ўзнагарод райвыканкама, райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу дадаліся яшчэ віншаванні і падарункі ад прафсаюза “Белпрафмаш”, якія першым у раёне тысячнікам Уладзіміру Лаўцэвічу і Віктару Судніку, а таксама віноўнікам урачыстасці ўручыў старшыня прафкама Мікалай Кавальчук. Віктар Суднік, як малады механізатар-перадавік, атрымаў таксама дыплом і падарунак ад РК ГА “БРСМ”, якія ўручыла в.а. першага сакратара Вікторыя Ждановіч.
З той жа прыемнай місіяй наведала дэлегацыя і ААТ “Таргуны”, дзе па тысячы тон збожжа “паклалі на рахунак” гаспадаркі механізатары Вячаслаў Аніковіч і Юрый Малюжанец, які працуе ў экіпажы з Максімам Скуратом, – думаецца, гэтыя імёны добра вядомыя ўсім неабыякавым да сельскагаспадарчых спраў у раёне чытачам.

№2

№2

Людзі, якія працуюць на зямлі, добра ведаюць, што лёгкага хлеба не бывае. Для Віцебшчыны, і нашага раёна ў прыватнасці, гэта асабліва актуальна. Сёлета пачалі жніво практычна на два тыдні раней, але пасля нязвыкла спякотнага чэрвеня зарадзілі праліўныя дажджы – сапраўдны біч у такую напружаную пару, калі не тое што кожны пагодлівы дзянёк – кожная сонечная хвіліна на ўліку. Таму спакойнай і размеранай працу камбайнераў ніяк не назавеш: штодзённа трэба быць напагатове, выкарыстоўваць любую магчымасць, самы маленькі прасвет – нездарма ўборачную кампанію калісьці назвалі бітвай за ўраджай. І ў такіх умовах кожная новая перамога цэніцца яшчэ больш. Хочацца спадзявацца, што і ў райаграсэрвісе, і ў “Таргунах” яны не апошнія, а ў астатніх гаспадарках яшчэ наперадзе.
Алена НЕСЦЯРОНАК.
НА ЗДЫМКАХ: 1. Дыплом Аляксандру Судніку ўручае старшыня райвыканкама Алег Пінчук; 2. Першыя тысячнікі ў ААТ “Таргуны” (злева направа) Вячаслаў Аніковіч, Юрый Малюжанец і Максім Скурат.
Фота Т. Саковіч.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *