Искорки радости в глазах детей-сирот

Вельмі прыгожым і светлым атрымалася навагодняе свята, якое адбылося ў Бягомльскай дапаможнай школе-інтэрнаце для дзяцей-сірот. Педагогі і іх выхаванцы сумесна падрыхтавалі казачнае прадстаўленне для ўсіх, хто трапіў на мерапрыемства. Пачэснымі гасцямі на свяце сталі Старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзімір Андрэйчанка і старшыня Докшыцкага раённага выканаўчага камітэта Алег Пінчук.

Уладзімір Паўлавіч сардэчна прывітаў і павіншаваў усіх прысутных са святам, а хлопчыкам і дзяўчынкам пажадаў быць стараннымі і руплівымі ў вучобе, берагчы і цаніць усё тое, што зроблена старэйшым пакаленнем.

– Прэзідэнт, урад, вашы выхавальнікі зрабілі ўсё магчымае, каб Новы год стаў для вас яркім і запамінальным,– сказаў У.П. Андрэйчанка, звяртаючыся да дзяцей. – Будзьце актыўнымі ў жыцці, дабівайцеся сваёй мэты, рабіце дабро людзям, і яно абавязкова да вас вернецца.

Старшыня Палаты прадстаўнікоў ад імя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь уручыў выхаванцам інтэрната куфэрачкі з цукеркамі. Але самымі важкімі падарункамі  сталі камп’ютар з прынтарам,  ад імя дэпутатаў парламента,  і тэлевізар – ад раённай улады.

Вось ужо на працягу дзесяці год пастаянную падтрымку Бягомльскай дапаможнай школе-інтэрнату аказвае ААТ АСБ “Беларусбанк”. Дзякуючы такім спонсарам і надзейным сябрам, неаднаразова выдзяляліся грашовыя сродкі для замены вокнаў, кухоннага абсталявання, набыцця школьнага адзення. І сёлетні год не стаў выключэннем. На гэты раз салодкія падарункі дапоўніла пэўная грашовая сума, якая была пералічана на рахунак інтэрната. На гэтыя грашы  плануецца набыць санітарна-гігіенічныя сродкі. 

Дзеці ўсім падарункам былі вельмі рады і ў знак падзякі падарылі гасцям  сувеніры, зробленыя сваімі рукамі.
Вельмі важна, што такія дабрачынныя акцыі праходзяць у нашай краіне і робіцца ўсё для таго, каб ніводнае дзіця не было пакінута без цеплыні і ласкі.

Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ.

Фота В. Чарвінскага.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *