Переселился в Парафьяново и «заземлился»


На снимке: Сергей Викторович Слизень.

Мы стаім ля кароўніка МТФ “Альхоўка”, чакаем героя свайго будучага аповеду. А на вуліцы цісне мароз. Хоць у студзені дачакаліся сапраўднай зімы, радасна падумалася, бо кожная пара года заўсёды жаданая і па-свойму прыгожая.

 

З “Беларуса” выскачыў у плямістым спецадзенні механізатар, глянуў у наш бок блакітнымі вачамі, шчыра ўсміхнуўся і адразу выклікаў да сябе прыхільнасць. Моцна складзены, круглявы, у расшпіленай на грудзях куртцы, ён нагадваў казачнага героя-волата. Вось сапраўдны мужчына, якому ні мароз не страшны, ні праца амаль што без выхадных!

 

Шэсць гадоў працуе механізатар ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс” С.В. Слізень на раздачы корму жывёле. Паставілі на комплексе ў Альхоўцы дойны статак, маладняк буйной рагатай жывёлы і прызначылі жывёлаводаў. Адным з пастаянных работнікаў стаў Cяргей Віктаравіч. Як тагачасны кіраўнік прадпрыемства вызначыў, што менавіта ў гэтага механізатара пойдзе праца за доглядам жывёлы, сказаць складана. Мабыць, адказнасць чалавека назіралася ў кожнай даручанай справе.

 

Зараз Сяргей Віктаравіч іншай справы і не ўяўляе. Кажа, што “Беларуса” можа разабраць і сабраць з заплюшчанымі вачамі. Ведае прычыну любой паломкі і ўмее яе ліквідаваць. Доўга стаяць на рамонце не даводзіцца, бо своечасова робіць прафілактыку: падмазвае, падкручвае, урэшце, шануе рухавік. Таму кожны дзень – за руль, і кожны дзень з аднолькавай адказнасцю ў работу.

 

Працоўная дзейнасць механізатара пачалася ў юнацтве. Ён, як і бацька Віктар Міхайлавіч, быў здатны да тэхнікі. Хацеў працаваць на трактары і ў іншай ролі сябе не ўяўляў. Пазней вопытнаму ды ўмеламу працаўніку прапаноўвалі пасады памочніка брыгадзіра, загадчыка мехмайстэрні. Той адмовіўся. Трэба рабіць справу тую, якую любіш і якую ўмееш, вырашыў Сяргей, і не прыняў, здавалася б, выгадную прапанову. З таго часу, як зрабіў першыя крокі ў прафесію, прайшло 35 гадоў, але ён ніколі не пашкадаваў аб выбраным у жыцці. Задаволены ўсім: добра склалася сямейнае жыццё, выраслі дзеці, расце ўнучка. Памяняў сваё Порплішча на Параф’янава і прыжыўся. Тут і дом, што некалі выдзеліла гаспадарка, з газавым ацяпленнем і ўсімі бытавымі выгодамі. Хлеў поўны жыўнасці: дзве каровы, свінні, куры. “Трэба дзецям дапамагаць. Унучачцы. Як без гаспадаркі? – нават здзіўляецца Сяргей. – Часу хапае, каб зрабіць усё як трэба”. А яно і сапраўды так. Гэта заканамерна, што калі чалавек паспявае на рабоце, то і дома ў яго парадак. Мабыць, гэта залежыць ад умення размеркаваць свае сілы, спланаваць дзень. Вось корміць жывёлу Сяргей Віктаравіч на кормараздатчыку, змешвае сянаж з кукурузным сіласам. Дабаўляе туды канцэнтраты. Робіць гэта дакладна, згодна з патрабаваннямі. Каровы накормленыя. Кармы не трацяцца дарэмна. У “Альхоўцы” статак падзелены на тры групы, у залежнасці ад надоенага малака. Згодна з гэтым і выдзяляецца камбікорм, і запраўляецца кормараздатчык. Механізатар добрасумленна падыходзіць да справы, а таму і вынікі ёсць. Кіраўніцтва прадпрыемства яго хваліць.

Нэлі БЯЛЯЎСКАЯ.

Фота В. Чарвінскага.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *