Как в Докшицах будут отмечать Год книги

2012 год абвешчаны Годам кнігі. Гэта значыць, што пытанні захавання духоўнасці грамадства, развіцця беларускай літаратуры і культуры – у цэнтры асаблівай увагі дзяржавы. Беларусь шануе і развівае лепшыя традыцыі айчыннай літаратуры і кнігавыдання. Сімвалічна, што першую сваю кнігу наш славуты суайчыннік Францыск Скарына выдаў у 1517 годзе і сёлета ў гэтай знакавай падзеі своеасаблівы юбілей – 495 год. Мудрыя словы першадрукара : “Любіце кнігу, бо яна – крыніца мудрасці, ведаў і навукі, лекі для душы” – сёння, як ніколі,  актуальныя.

Ці сапраўды гэта так, мы пацікавіліся ў некаторых неабыякавых да кнігі людзей, а таксама спыталі пра іх любімую кнігу.

Аксана Гапанёнак, начальнік аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама:

– Вельмі адметна тое, што ў сённяшні складаны эканамічны час для Беларусі пра кнігу не забыліся на дзяржаўным узроўні. Яна ў нас сёння на розных носьбітах, але, як паказвае вопыт заходнееўрапейскіх краін і ЗША, усе носьбіты адступаюць на задні план перад папяровай кнігай. Як вядома з друку, Год кнігі стане адным вялікім мерапрыемствам, адпраўным пунктам у паляпшэнні якасці літаратуры і кнігавыдання. Хочацца, каб больш выходзіла добрай мастацкай літаратуры, якая вельмі патрэбна нашым бібліятэкам.

Любімая кніга на кніжнай паліцы: побач з кнігай з маленства. Захапляюся класікай і зараз, у прыватнасці, перачытваю многія рэчы, знаёмыя са школьных гадоў. Нанова  (дзякуй за гэта бібліятэкарам раённай бібліятэкі) адкрыла для сябе раман вялікага пісьменніка Аляксея Талстога “Хождение по мукам”, адчула, і ўжо ў каторы раз, неверагодную асалоду ад чытання “Мастера и Маргариты” Міхаіла Булгакава. Класіка – гэта вечная каштоўнасць. З айчыннай літаратуры для мяне такім з’яўляецца раман І. Мележа “Людзі на балоце”. На мой погляд, чалавек, які не чытае, абкрадае сябе духоўна.  

Валянціна Шаура, загадчыца аддзела бібліятэчнага маркетынгу ЦБС:

– Год кнігі цікавы тым, што на яго прыпадае 130-годдзе Янкі Купалы  і Якуба Коласа, 100-годдзе Максіма Танка. У сувязі з гэтым плануецца шырокае святкаванне гэтых юбілейных дат у бібліятэках раёна, будзе і вялікае раённае мерапрыемства “Песняры зямлі беларускай”. Аб’яўлены раённы агляд-конкурс сярод бібліятэк раёна на лепшую пастаноўку работы па прапагандзе творчасці названых пісьменнікаў і паэтаў. Бягомльская гарпасялковая бібліятэка, а разам з ёй і ўся грамадскасць раёна будзе святкаваць  сёлета ў жніўні 95-годдзе Пімена Панчанкі. Будзем рыхтаваць “Свята паэзіі”.

Вельмі спадзяёмся, што ў Год кнігі знойдзе падтрымку не толькі кнігавыдавецкая справа, але і бібліятэчная. Маем вялікую патрэбу ў папаўненні кніжных фондаў, павелічэнні грашовых выдаткаў на падпіску перыядычных выданняў.

Любімая кніга на кніжнай паліцы: люблю Івана Шамякіна за яго рэалістычны паказ жыцця сярэднестатыстычнага беларуса. У рускай літаратуры блізкія Г. Маркаў, А. Іваноў.

Аксана Палачаніна, дырэктар Парплішчанскай сярэдняй школы:

– Як педагогу, з сумам прыходзіцца канстатаваць, што моладзь перастала чытаць кнігі. Абмяжоўваецца інтэрнэтаўскай інфармацыяй. Таму сачыненне, рэферат, якія раней лічыліся творчай работай і атрымлівалі за гэта адпаведную больш высокую адзнаку, сёння такімі не з’яўляюцца. Гэта звычайны перанос на паперу чужых думак, прачытаных у інтэрнэце. Не на карысць любві да кнігі працуе скарачэнне школьнай праграмы па літаратуры. А менавіта літаратура заўсёды была лепшым выхавацелям людзей. Зараз першынство надаецца інтэрнэту, тэлебачанню, дзе ў большасці сваёй прысутнічае прымітыўная забаўляльнасць ці жорсткасць з крывёю і забойствамі. Каб гэта хваля бездухоўнасці не паглынула з галавой падрастаючае пакаленне, сям’я, школа павінны запаўняць прабел папулярызацыяй добрай кнігі.

Любімая кніга на кніжнай паліцы: я вырасла на кнігах, якія пачала збіраць мая маці, звычайная паштовая служачая. Зараз у мяне вялікая бібліятэка, у якой самы вялікі мой сябра — Эдуард Асадаў. З яго вершамі я кладуся спаць  і прачынаюся. Жыццёвыя сілы надае творчасць Васіля Быкава, Івана Мележа. 

Ірына Круковіч, вучаніца 9 класа Параф’янаўскай сярэдняй школы:

– У маёй сям’і кнігу любяць усе. Я памятаю, як мама прывяла мяне першы раз у бібліятэку, і мы там узялі для мяне кнігу. Гэта быў “Рабінзон Круза” Даніэля Дэфо на беларускай мове. Як і ўсе мае аднагодкі, я люблю камп’ютар, карыстаюся ім кожны дзень, але ён ні ў якім разе не дае той асалоды ад чытання мастацкага твора, як кніга! Калі кніга новая, то авалодвае  непараўнальнае пачуццё першаадкрывальніка, атрымліваеш асалоду ад перагортвання яшчэ крыху склееных старонак, а  калі чытаная, то,  наадварот, цікава, колькі людзей прачыталі яе раней і як аднесліся да напісанага.

 Любімая кніга на кніжнай паліцы: мой любімы пісьменнік – Уладзімір Караткевіч, а яго “Чазенія” – самае лепшае, што я чытала. Гэта песня, у якой аўтар “спявае” гімн каханню, высокім маральным якасцям чалавека, да якіх трэба імкнуцца, а не радавацца прымітыўнаму існаванню.

Дзмітрый Глазко, рабочы Бягомльскага завода “Ветразь”:

– Чытаю кнігі з таго часу, як толькі навучыўся гэта рабіць. Аматарамі кнігі з’яўляліся і з’яўляюцца мае бацькі, нягледзячы на ўзрост. Сваёй 5-гадовай дачцэ я таксама купляю кнігі і чытаю ёй услых. Кнігу нельга не любіць, яна адкрывае свет, вучыць жыццю і нішто, на мой погляд, яе паўнацэнна не заменіць: ні інтэрнэт, ні тэлебачанне. Вельмі б хацелася, каб фонды бібліятэк папоўніла добрая літаратура. Таму, хто чытае шмат, кніг не хапае.

Любімая кніга на кніжнай паліцы: люблю фантастыку, зараз зачытваюся дэтэктывамі А. Вароніна. Але  гэта кнігі на гадзіну. З “вечных” пісьменнікаў вельмі паважаю І. Тургенева і І. Буніна.

Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *