Шчырая душа і вялікая адказнасць вадзіцеля

Аляксандр Віктаравіч Герасімёнак – працавіты і неабыякавы да жыцця.

На Дошцы гонару, якая створана ў ДП “АграБераснёўка”, сярод лепшых аграрнікаў прадпрыемства знаходзіцца партрэт Аляксандра Віктаравіча Герасімёнка – вадзіцеля МАЗа, які перавозіць грузы на далёкія адлегласці.

Кажуць, што ў “АграБераснёўцы” без сучаснага МАЗа ды вадзіцеля  Герасімёнка ніяк не абысціся. За 7 гадоў, якія ён працуе на магутнай машыне айчыннай вытворчасці, праехаў такі шлях, што каб скласці яго ў адзін адрэзак, то ішла б машына па ім пяць гадоў без перапынку.

Аляксандр Віктаравіч усміхаецца і кажа, што, мабыць, і больш. Пры гэтым заўважае, што далёкая дарога мае адрозненні ад блізкай. Першае, гэта стома, якая адольвае пасля пяці гадзін шляху. Ён жа, шлях гэты, доўжыцца не названай колькасцю гадзін. Ужо пасля 200 кіламетраў хочацца адпачыць, бо баляць рукі, вочы, шыя ад напругі. І ўсё ж ён настолькі прывык да гэтага, што інакшага жыцця  не ўяўляе. Любіць доўгія дыстанцыі, хоць кожны раз, калі садзіцца за руль, чуе словы жонкі: “Моцна трымайся за руль”.

Бераснёўскі хлопец пасля школы закончыў Гарадоцкі тэхнікум па спецыяльнасці тэхнік-механік-арганізатар. Вучыўся па накіраванні мясцовай гаспадаркі, а таму і на працу вярнуўся ў калгас імя Юхнаўца. Адразу быў загадчыкам майстэрні. Здавалася б, што гэта тое, чаго хацеў. Ды дастаткова часта бывае наадварот. Паспрабуе сябе чалавек у выбранай прафесіі і разумее, што задавальнення не атрымлівае. Як працаваць у такім выпадку з добрымі вынікамі?! Трэба справу мяняць. Аляксандр пайшоў на трактар: і араў, і сеяў, і 15 гадоў убіраў на камбайне збожжавыя. Але поўную асалоду атрымаў ад працы толькі тады, калі сеў на новы МАЗ. Соль, камбікорм, угнаенні, зерне – асноўны груз, які перавозіць вадзіцель Герасімёнак. Ён добра разумее, што, напрыклад, бераснёўскія супясчаныя глебы без мінеральнай падкормкі вялікага ўраджаю не дадуць. Значыць, трэба забяспечыць гаспадарку ўгнаеннямі. На МАЗе за адзін рэйс перавязеш столькі зерня, колькі на  іншай машыне за чатыры. Практычнасць і гаспадарлівасць Аляксандра адчуваецца на рабоце і дома. У кіраўніцтва гаспадаркі ён у пашане, жонка з дачкой таксама цэняць роднага чалавека.

Дарэчы, у жонкі выбраў сабе Аляксандр Герасімёнак настаўніцу. Дзяўчына прыехала на працу ў Бераснёўскую школу пасля размеркавання. Прыглянуліся адзін другому маладыя людзі, стварылі сям’ю, нарадзілі дачушку. Калгасны дом прыватызавалі. Дагледзелі, дабудавалі.   Разам плануюць, разам затым і планы здзяйсняюць. Жонка да працы гарачая, ён – хлапец не промах. І з сякерай у руках выглядае спрытна, і з малатком, якім б’е па цвіку. А возьме касу ў рукі, дык звініць яна ў яго звонкай песняй.

 А ўсё таму, што герой  сённяшняга аповеду – Аляксандр Віктаравіч Герасімёнак (на здымку) – працавіты і неабыякавы да жыцця.

Нэлі БЯЛЯЎСКАЯ і Вячаслаў ЧАРВІНСКІ (фота).

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *