Докшицкие доярки снова в передовиках

МТФ “Касцюкі” ААТ “Таргуны” па выніках работы ў лютым выйшла пераможцам абласнога спаборніцтва сярод малочнатаварных фермаў. Яе вынік –  133 працэнты валавога надою  да адпаведнага мінулагодняга паказчыка. На п’едэстал гонару вывелі даярак пяршачкі. Выбракоўка кароў і замена іх цялушкамі пачалася ў мінулым годзе. Статак быў абноўлены амаль напалову. Цялушкі паступалі ў «Касцюкі» з комплексу “Гліннае” і фермы “Таргуны”. Племянная работа, якая вядзецца ў сельскагаспадарчым таварыстве на дастаткова высокім узроўні, дала станоўчы плён. Ад некаторых пяршачак надойвалі ў дзень па 30 кілаграмаў малака. Канечне, не ўсе каровы настолькі прадуктыўныя, а таму работу ў гэтым кірунку трэба весці на яшчэ большым узроўні.

Пэўныя зрухі ў жывёлагадоўлі павінны адбывацца дзякуючы добрым кармам. «Як кароўку накорміш, так яе і падоіш», — спрадвеку лічаць вяскоўцы. А таму і з’яўляецца перыяд корманарыхтоўкі адным з важнейшых у сельскагаспадарчай вытворчасці. Праўда, летась год быў не зусім спрыяльным для нарыхтоўкі сена. Дажджы ішлі, травы, падкормленыя мінеральнымі ўгнаеннямі, раслі хутка, але рыхтавалі з іх у асноўным сянаж. На сілас пайшла высокаўраджайная кукуруза. Зараз у рацыёне кармлення дойнага статка ў дастатковай колькасці сенажу і сіласу, канцэнтратаў, патакі, солі. Скампанаваны корм – гэта малакагонны сродак для кароў, але цяляткамі іншы раз  такое малако дрэнна засвойваецца. Прыходзіцца прымяняць медыкаментознае лячэнне, выпайку маладняку льняным сіропам. Пры амаль што ідэальным парадку на ферме ў Касцюках адсутнічаюць боксы для расцёлу. Стрымлівае падзеж работа начных і дзённых даглядчыкаў. Пасля таго, як  цяля атрымае першую порцыю малодзіва, яго змяшчаюць у прафілакторый. Там на працягу пяці дзён пояць маладняк праз сыскі.

На справаздачным сходзе ў ААТ “Таргуны” галоўны ветэрынарны ўрач А. Камзакоў запатрабаваў прыкласці максімум намаганняў і нарыхтаваць на наступны перыяд стойлавага ўтрымання жывёлы патрэбную колькасць сена.

Калектыў фермы дружны і зладжаны. Па словах яго загадчыцы Тамары Жакаўка, добрасумленна адносіцца да справы кожны з аператараў машыннага даення. Стараюцца працаваць на агульны вынік, а таксама для таго, каб мець дастойны заробак. Напрыклад, даярка Ядвіга Сіўко за 2011 год надаіла ад кожнай каровы ў сярэднім па 7 тысяч кілаграмаў малака і заняла другое месца ў гаспадарцы. Дастойна працуе аператар на раздоі пяршачак Святлана Юхневіч. За 20-гадовы стаж работы ў жывёлагадоўлі гэта яе другая група раздою. Святлана і сама бачыць, што ў яе атрымліваецца, а таму гатова ўзяць на сябе гэту нялёгкую ношу і яшчэ раз.

Урэшце, пра кожнага члена калектыву можна гаварыць шмат і добра. Працуюць старанна, адпачываюць культурна. Адзін другому спагадаюць і падтрымаюць у цяжкую хвіліну.

Апрача ганаровага дыплома (дарэчы, ужо не першага), калектыў МТФ “Касцюкі” атрымаў чайнік і сервіз. У спецыяльна абсталяваным пакоі адпачынку можна між справай папіць гарбаткі, адзначыць прыемную падзею ў жыцці калектыву. І нават заспяваць. Галасістую Ніну Быкаву падхопяць жанчыны, ды і мужчыны, сярод аператараў машыннага даення якіх двое. Калі пануе сяброўства, люба працаваць і добра адпачываць.

НА ЗДЫМКУ: (злева направа) аператары машыннага даення Н.В. Быкава, А.А. Шыла, С.А. Юхневіч і В.С. Гінтофт.

Нэлі БЯЛЯЎСКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *