Пани Гэля из Волколатчины — настоящая труженица

Убачыўшы чужых людзей, Алена Браніславаўна Кушаль (на здымку) стала каля дзвярэй і амаль залемантавала:

– Я не пушчу вас у хату!  У мяне не прыбрана.

І тым не менш, мы ў прасторным светлым пакоі, у якім насупраць акон стаяць скрыні і скрыначкі, баначкі з-пад маянэзу, смятаны, ёгурту. У іх растуць памідоры і агуркі, салодкі перац і расада кветак летнікаў. Алена Браніславаўна скіроўвае нас у вясковую святліцу (залу), садзіць на канапу і гаворыць, гаворыць…

– Вось да Вялікадня рыхтуюся, толькі што прыбегла з касцёла. А тут яшчэ і папрасаваць абрусы трэба, капы. Я ў маладосці наткала столькі, што іх да канца жыцця хопіць. Штосьці аддала сыну з нявесткай, сваякам, але і сама вельмі люблю, каб гэтыя рэчы былі пад рукамі. Кухонныя ручнікі толькі саматканыя. Паглядзіце, вось пакрывалы на ложкі ў восем нітоў ткала, а вось – у шаснаццаць. Хіба не прыгожа? Рэчы натуральныя, трывала пафарбаваныя. Ім ніякага зносу няма. Нават тыя, што былі шэра-рудаватымі, за гады адбяліліся, сталі беласнежнымі.

Мы звяртаем увагу на вышыванкі і гафтаванкі. Іх таксама гаспадыня не купляла. А яшчэ яна шые спяцоўкі – рабочыя рукавіцы, мехавыя ўкладкі ў гумовыя боты. Адным словам, адходаў няма. Кожная непатрэбная рэч (старое паліто, спадніца) ідзе на перапрацоўку, а затым – у карысную справу. Напрыклад, тыя спяцоўкі, якіх нашыта, пэўна, каля сотні, бабуля аддасць у сельгаспрадпрыемства, а ёй за гэта ўчастак зямлі апрацуюць тэхнікай.

– Я без работы не магу, – дзеліцца Алена Браніславаўна. – Мне нават сын кажа, што я калі не працую, дык хварэю. Але такую раскошу сабе рэдка калі дазваляю. Тэлевізар гляджу мала, амаль ніколі. А вось рукам справу знайду заўсёды.

Вясковая хата А.Б. Кушаль, што ў Асінаўшчыне – вёсцы маленькай, лічы,  глухой,  – дагледжана на сучасны лад. У двары выкапаны басейн і абкладзены камянямі. Вясной вакол яго цвітуць кветкі. За зіму бабуля пашыла вялікага чорнага ката, прымасціла яму ў лапу “залатую” рыбку. Кажа, што пацяплее і тады яна яго пасадзіць ля вадаёма. Каля хлява ў Алены Браніславаўны адкрытая веранда. Там стол, мяккая канапа, а сцяну ахапіў разгалінаваны вінаграднік. За зіму нарыхтавала жанчына і дроў. Кажа, што хопіць на доўгі час. Цяпер яна іх складае ў стажкі. Такія акуратненькія, спрытныя.

– Калі занядужу, не змагу, дык без запасу цяжка будзе, – гаворыць пані Гэля. Дарэчы, так да яе звяртаюцца ксяндзы, ды і ўвогуле на валкалацкай зоне прынята звяртацца адзін да аднаго на польскі лад, інтэлігентна. Хоць паняй, у звычайным сэнсе гэтага слова,  уявіць працавітую жанчыну цяжка. 18 гадоў таму  яна засталася ўдавой, але знайшла сілы жыць дастойна без любімага мужа. Цешыцца жыццём сынавай сям’і. Бязмерна любіць унучка, які прыслугоўвае ксяндзу. Любіць жыццё, працу, блізкіх, як самую сябе. Як таго патрабуе Бог.       

Нэлі БЯЛЯЎСКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *