Дружная страна Пионерия

Масавым мерапрыемствам у раёне адзначылі 90-годдзе піянерскай арганізацыі.

Дзевяць стагоддзяў таму дзеці і падлеткі СССР аб’ядналіся ў першыя  піянерскія атрады, і сёння ў нашай дзяржаве працягваецца гэтая традыцыя. Зараз Докшыцкае раённае аб’яднанне налічвае 24 піянерскія дружыны, якія займаюцца карыснымі справамі. Напярэдадні свята свайго юбілею піянерская арганізацыя прыняла ўдзел у акцыях: “Я піянер”, “Дзякуй за перамогу”, “Наша праца табе, Айчына”, “Вясенні тыдзень дабрыні”. Паспяхова прайшлі конкурсы “Цімураўскія зоркі”, “Гісторыя піянерскага гальштука ў маёй сям’і”. Піянерскія дружыны сталі актыўнымі ўдзельнікамі праектаў “Ганаровы піянер” і “Я піянер сваёй краіны”. З вынікамі гэтай працы госці мерапрыемства маглі азнаёміцца ў фае кінаканцэртнай залы “Іскра”. Таксама можна было палюбавацца на  фотавыставу, якая дэманстравала былое і сучаснае піянерыі: паважаныя людзі раёна знаходзілі на архіўных фота сябе ці сваіх сяброў, узгадвалі дзяцінства і юнацтва. На мерапрыемстве прысутнічалі намеснік старшыні райвыканкама В.Ю. Рандарэвіч, начальнік аддзела адукацыі райвыканкама В.А. Лаўцэвіч. Першая піянерка горада Докшыцы Л.Ц. Румчык павіншавала сённяшніх піянераў са святам:

– Першыя піянеры ў раёне з’явіліся пасля яго ўзбуйнення ў 1939 годзе. Гэта былі дзеці людзей, якіх прыслалі на аднаўленне раёна, сярод іх была і я. Мы сталі для ўсіх прыкладам. Мне хацелася, каб вы зараз, як і мы тады, сябравалі, дапамагалі адзін аднаму, былі “адзін за ўсіх і ўсе за аднаго”.  

Як бы ў працяг слоў Любові Цярэнцьеўны на сцэну кінаканцэртнай залы “Іскра” выйшлі лепшыя дружыны раёна і артыстычна распавялі, чаму годна быць піянерам. “Піянер – значыць першы” – песня з такой назвай нарадзілася ў дружыне “Рытм” (Докшыцкая школа № 2) і ўвайшла ў рэспубліканскі зборнік пераможцаў конкурсу піянерскай песні. На сцэне “Іскры” яе выканаў Косця Стадольнік. Адзначылася дружына “Рытм” таксама і лепшым старшынёй савета дружыны. Ілья Молчан перамог у сёлетнім раённым конкурсе “Піянер года”. З яго ўдзелам быў прадэманстраваны цікавы відэаролік.

Напрыканцы ўрачыстасці лепшыя з лепшых былі ўзнагароджаны граматамі Докшыцкага раённага цэнтра дзяцей і моладзі і раённага савета Докшыцкай раённай піянерскай арганізацыі.

Таццяна МАЦЮШОНАК.

НА ЗДЫМКУ: піянеры Крулеўшчынскай сярэдняй школы. Крысціна Жураўлёва дапамагае свайму сябру Уладзіславу Навіцкаму завязаць гальштук.

Фота Т. Стадольнік.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *