На розныя ноты гучыць апошні званок

Ёсць у школьным жыцці асаблівыя святы, якія пакідаюць добрую памяць пра сябе, колькі б гадоў ні было вучню. Гэта святы першага і апошняга званка. І калі першы званок поўніцца радасным звонам сустрэчы, то ў апошнім адчуваюцца ноткі суму. У чацвер апошні дзень вясны, стаў апошнім школьным днём для 197 адзінаццацікласнікаў і 265 выпускнікоў базавых школ нашага раёна.  Юнакі і дзяўчаты не хавалі слёз смутку, выказвалі шчырыя словы падзякі сваім настаўнікам.

Крулеўшчынская школа адпраўляла ў вялікі шлях свой  37-ы  выпуск. На святочную лінейку, каб падтрымаць юнакоў і дзяўчат, прыйшлі бацькі, блізкія, сябры. Наказ у дарослую дарогу гаварылі ім настаўнікі, госці і самыя маленькія вучні. Дырэктар школы Галіна Белая адкрывала мерапрыемства прывітальнымі словамі. Уручала пераможцам разнастайных школьных, раённых, абласных і рэспубліканскіх конкурсаў і алімпіяд заслужаныя ўзнагароды і падарункі. Дзякавала педагогам і вучням за плённую працу, жадала ўсім здароўя, поспехаў і добрага настрою. Прыемнага  адпачынку школьнікам пажадаў намеснік начальніка Докшыцкага РАУС Анатоль Ралавец. Ён папрасіў іх памятаць і выконваць Правілы дарожнага руху, не парушаць заканадаўства і ў верасні здаровымі, бадзёрымі, поўнымі сіл вяртацца ў родную школу. Ад імя ўсіх бацькоў словы падзякі настаўнікам выказала Таццяна Юнцэвіч, дачка якой скончыла школу з залатым медалём. Яна заклікала выпускнікоў берагчы сяброўства, ніколі не забываць школу і тых людзей, якія далі ім пуцёўку ў дастойнае жыццё.

Радасны момант чакаў на лінейцы першакласнікаў. Спецыяльна для іх з Докшыцкага разлікова-касавага цэнтра ААТ “Белаграпрамбанк” прывезлі падарункі. 28 малышоў з рук начальніка РКЦ банка Вольгі Аніськовіч атрымалі футбольныя мячы.

– Гэта рэспубліканская акцыя пад назвай “Падары дзіцяці футбольны мяч” праходзіць у апошнія дні мая напярэдадні школьных канікулаў і Алімпійскіх гульняў ва ўсёй краіне, – патлумачыла Вольга Аніськовіч. –  Мячы на апошніх школьных лінейках падарылі 116-ці першакласнікам усіх сельскіх школ нашага раёна. Асацыяцыя “Беларуская Федэрацыя Футбола” пры падтрымцы Міністэрства адукацыі, ААТ “Белааграпрамбанк” і марожанага «Юкі» такім чынам хоча папулярызаваць футбол, далучыць дзяцей да спорту і прапанаваць ім цікавы рухомы адпачынак у час летніх канікулаў. 

Свята прайшло, як заўсёды, прыгожа і трапятліва. Было шмат музыкі, кветак і хвалявання. Апошні званок малодшым рабятам абвясціў пра пачатак самага вялікага вучнёўскага перапынку  –  канікулаў. Выпускнікам жа сярэдніх і базавых школ нагадаў, што наперадзе экзамены, паступленне і новае жыццё.

На здымках: 1. У Крулеўшчынскай школе гучыць апошні званок. 2. Першакласнікі рады падарунку.

Таццяна СТАДОЛЬНІК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *