Семья из Докшиц спасла птенца ласточек

Пад дахам дома, дзе жыве сям’я Шнітко, ужо даўно гняздзяцца ластаўкі. Іх тут некалькі сем’яў. Разумеюць птушкі непамерную любоў гаспадароў да прыроды, а таму адчуваюць сябе тут прывольна і бяспечна. Нядаўна ў крылатых кватарантаў здарылася бяда: звалілася гняздо з трыма птушанятамі. Двое з іх загінулі, а адно выжыла.

Бедалагу знайшоў пляменнік гаспадыні Вольгі Уладзік і прынёс пісклявую крошку сваёй маме Іне. Пасля жаласлівых охаў, жанчыны вырашылі прыступіць да выратавальнай справы. Адрэстаўрыраваць гняздо не атрымалася. Яго рэшткі паклалі ў слоік, пасадзілі туды птушаня і выставілі на падаконнік у надзеі, што бацькі-ластаўкі заўважаць прапажу. Але птушкі чамусьці не звярнулі ўвагі на свайго маленькага родзіча. Чаканне пагражала птушаняці галоднай смерцю – выратавальнікі кінуліся ў пошукі харчавання. Спачатку кралі ў мурашак яйкі і з дапамогай касметычнага пінцэта  частавалі жаўтароціка. Пасля таго, як ён асвоіў і аблюбаваў такое кармленне, перайшлі да больш каларыйнай далікатэснай ежы: апарышаў і матылёў. Запасы прынад для рыбалкі сына Вольгі хутка скончыліся, і цяпер іх спецыяльна для ластаўкі купляюць у спецыялізаванай краме.

Птушаня назвалі Пыскам за выразнае звонкае пішчанне. Яго перасялілі ў прыгожую плеценую вазу і ўзялі пад узмоцненую апеку. Кот Маф адразу адчуў павышаную ўвагу гаспадыні да новага жыхара дома і адзначыў для сябе яго недатыкальнасць. Дзякуючы пастаяннай насычанасці і вялікай ляноце, перанёс гэты факт спакойна, без псіхалагічнай і фізічнай траўмы.

За тыдзень Пыск падрос, у яго прарэзаліся вочкі, падраслі і крыху апярыліся крылы. Ён здалёк пазнае Уладзіка, Іну і Вольгу. Убачыўшы іх, адразу пачынае пранізліва пішчаць, імітуючы голад. Хітруна палюбілі ўсе. З дапамогай інтэрнэта дазналіся пра тое, як даглядаць, чым і калі трэба карміць ластавак. Строга кіруючыся інструкцыяй, нягледзячы на магчымасць летам даўжэй паспаць, як толькі ўстае сонца, нясуць любімцу першае сняданне.

– А што будзеце рабіць з птушанём, калі падрасце? – задаю пытанне.

– Як што! Будзем вучыць лётаць, – смяецца Іна. – Гэта трэба рабіць на траве, крыху падкідваць і чакаць, пакуль у яго атрымаецца ўзняцца ў паветра. А потым, спадзяемся, яго прымуць ластаўкі да сябе пад дах.

Таццяна СТАДОЛЬНІК.

НА ЗДЫМКУ: Іна Залатуха і яе сын Уладзік частуюць птушаня матылямі.

Один комментарий для “Семья из Докшиц спасла птенца ласточек

  • 13.07.2012 в 4:33 пп
    Permalink

    Молодец Владик!!! Сразу видно, что хороший человек растёт!

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *