Молодая семья построила своё счастье в Городище Докшицкого района

Сацыёлагі ўздыхаюць: наша грамадства паступова становіцца спажывецкім. Усе хочуць  усяго і толькі для сябе. Людзі,    асабліва моладзь, не саромяцца нічога не рабіць. А калі і рабіць, то толькі за высокую зарплату, якой бы хапала адразу на дастойнае, па іх мерках, жыццё і забавы. За высокай зарплатай і камфортам едуць у горад, хаця пры гэтым часта нічога з сябе не ўяўляюць у прафесійным плане. Таму адны вяртаюцца назад, іншыя перабягаюць з аднаго месца працы на другое, але ўсе так і не хочуць зразумець, што дастойнае жыццё з бытавымі выгодамі можна стварыць сабе ўсюды. Толькі не трэба баяцца працы і памятаць, што менавіта яна прадаўжае жыццё, а бяздзейнасць, лянота і забавы – скарачаюць. Такой думкі прытрымліваецца Мікалай Масевіч з вёскі Гарадзішча і яе справядлівасць даказвае справамі сабе і сваім дзецям кожны дзень.

Яго бацька меў 7 класаў адукацыі і разам з тым пэўны час працаваў нават інжынерам, і, здавалася, што няма той справы, якую б ён не змог зрабіць. Заўсёды любіў казаць: “Калі нехта гэта ўмее рабіць, то чаму не магу я?”  Па матчынай, падрэзаўскай, лініі ўсе былі таксама ўмелымі і працавітымі майстрамі. Дзед ездзіў на заработкі нават у Аргенціну. Мікалай атрымаўся дастойным прадаўжальнікам абодвух родаў. Ён скончыў спачатку будаўнічы тэхнікум, потым Полацкі ўніверсітэт. Мае 10 год будаўнічага стажу, з якіх 10 год працаваў прарабам. А затым нечакана для ўсіх пайшоў у міліцыю. Паўгода “таптаў зямлю” ўчастковым інспектарам, за што вельмі ўдзячны тагачаснаму начальніку РАУС, а зараз з’яўляецца старшым інспектарам тылавога забеспячэння райаддзела. Гэта накшталт загадчыка гаспадарчай часткі. І ўвесь гэты час: з моманту нараджэння і па сённяшні дзень жыве ў вёсцы, хаця меў не адзін шанс выехаць бліжэй “да цывілізацыі”. Хаця, па вялікаму кошту, Масевіч мае многія яе атрыбуты і ў сваёй,  зараз ужо ціхай, вёсачцы.

Яго першым крокам у будаўніцтве дастойнага жыцця па вышэйшых духоўных законах была, пэўна, жаніцьба на дзяўчыне з роду Януковічаў. Прадзед Іны пабудаваў хату ў 1902 годзе без адзінага жалезнага цвіка. Сяліба доўга захоўвалася, яе хацелі забраць у Мінск у музей, але дзед Іны не згадзіўся. Не паквапіўся нават на кватэру ў сталіцы, якую давалі ўзамен. Да 1993 года хата стаяла яшчэ крытая саломай. У ёй вельмі любіла праводзіць летнія канікулы Іна, якая жыла да гэтага часу з маці ў Віцебску. Была першай памочніцай у дзеда з бабуляй, і настолькі палюбіла гараджанка вясковае жыццё, што пасля таго, як выйшла замуж за мясцовага хлопца Мікалая, засталася ў вёсцы, а не яго “пацягнула” ў горад, як гэта часцей бывае. А ён у прымакі  ісці і не збіраўся. У сям’і Масевічаў заўсёды кіравалі мужчыны і лічылі сваім першым доўгам стварэнне дастойнага жыцця для жонкі і дзяцей.
 

Жыллём для сябе маладая сям’я выбрала  бабуліну хату і стала паціху, па меры накаплення грошай, перарабляць яе на сучасны лад. Зараз з фасаду гэта ўжо будынак у еўрастылі. Унутры таксама прыгожа і ўтульна. Прыбудоўваецца памяшканне для сучаснага санвузла, бялізну ж гаспадыня даўно мые ў пральнай аўтаматычнай машыне. Дзеці Маша і Саша, як і ўсе іх аднагодкі, любяць бавіць час у Інтэрнэце. Толькі ў іхняга таткі надта не засваволіш. Забава тады, калі ўсе абавязкі выкананы. Дзеці, на думку бацькі, павінны з ранняга дзяцінства ведаць цану працоўнаму рублю. У васьмігадовага Сашы ёсць свае маленькія граблі і лапата, і ён лічыць сябе першым памочнікам таты ў нарыхтоўцы сена на дзвюх кароў. Ён разам з бацькам і тады, калі той на ўласным трактары апрацоўвае 2 гектары зямлі або корпаецца ў сваіх сталярнай ці слясарнай майстэрнях.  Вось толькі да пчол хлопчык яшчэ асцерагаецца хадзіць. Ёсць свае абавязкі і ў Машы.  Наогул, Масевічы любяць усюды быць разам: на працы і на адпачынку. Не баяцца цяжкай працы і весела адпачываюць. З дапамогай свайго прыроджанага пачуцця гумару, арганізатарскіх здольнасцей у Мікалая атрымліваецца зрабіць вясёлым мерапрыемствам агульную паездку ў лес па суніцы, наведванне сталічных паркаў, музеяў і тэатраў (гэта амаль кожны год), купанне на возеры. А яшчэ яны з жонкай любяць чысціню, парадак і прыгажосць ва ўсім. Не выкарчавалі стары бабулін сад вакол хаты, хаця і пасадзілі крыху далей новы, бо так прыгожа. На вадаёме за вёскай Мікалай зрабіў для ўсіх адпачываючых імправізаваны стол і лаўкі. Перажываў вельмі, калі нехта, ці то ад зайздрасці, што сам да гэтага не дадумаўся, ці ад шкоднасці, гэтыя прылады зламаў і кінуў у возера.

Толькі не трэба думаць, што Масевіч ідэальны і зусім без слабых месцаў чалавек. Не, ён і чарку, здараецца, падыме, і з сябрамі можа ў лазні забавіцца, і яшчэ чаго выкінуць. Толькі робіцца ўсё гэта так, каб нікому з блізкіх не было ад таго балюча. А калі, не дай бог, Мікалай чым-небудзь уквяліць жонку, то ў яе хатнім садзе (інакш нельга назваць калекцыю кветак з 60 відаў) адразу з’яўляецца гаршчок з новай раслінай. Букетаў Іне муж не дорыць, ведае што яна іх не любіць, а вазоны абагатварае.

Самая вялікая мара Масевічаў — адрадзіць свой гарадзішчанскі край, бо тут, на іх думку, самае чыстае паветра, самыя прыгожыя краявіды, самая ўрадлівая зямля і багаты лес. Хіба можа ўсё гэтае багацце замяніць горад са сваёй загазаванасцю, шумам і мітуснёй? Канечне, не.

Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *