Сильная смена

Сушка зерня – важнейшы этап у нарыхтоўцы збожжавых культур. Менавіта ад яго залежыць доўгатэрміновая захаванасць ураджаю. Пры правільным рэжыме сушкі адбываецца фізіялагічнае даспяванне зерня і, адпаведна, павялічваецца яго якасць. Пра працэс дапрацоўкі зерня многа можа расказаць Вячаслаў Селівон, аператар зернесушылкі  ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс”, які з 13 гадоў не прапускае ніводны збожжаўборачны  сезон.

Экіпаж машыністаў ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс” у саставе Міхаіла Цяльнова, Аляксандра Кушаля, Вячаслава Селівона і Аляксандра Каросціка, якія  працуюць на  зернесушылцы “КЗСВ-30Н”, па выніках дзвюх пяцідзёнак быў прызнаны лепшым у раёне і занесены на Дошку гонару, што ўстаноўлена ў раённай газеце.

За кошт чаго такая высокая прадукцыйнасць? – пытаемся ў самага вопытнага з усяго экіпажу работніка сушылкі Вячаслава Селівона.

– Я, калі шчыра, нават і не сачу за паказчыкамі. Лічбы – гэта не мая справа. Я стараюся хутка і якасна выконваць сваю работу, не дапусціць прамаруджвання, хутка ліквідаваць непаладкі. Зернесушылка новая, у поўную моц працуе з мінулага года, – не зраўняць са старой. Кіраваць ёй лёгка, паломак практычна не бывае, прадукцыйнасць высокая.  За ноч, бывае, дзвюма сушылкамі падбіраем увесь дзённы намалот. Галоўнае – не зяваць, – заўсміхаўся хлебароб.

– Як вы вытрымліваеце пастаянны шум агрэгата, гэта, напэўна, цяжка?

– Ды, не. Я настолькі прывык да шуму, што гук нармальна працуючай зернесушылкі, нават і не чую. Затое, адразу рэагую, калі ў звычайным шуме з’яўляюцца незнаёмыя гукі, – значыць ёсць непаладка.

Сапраўды, за 25 з лішнім сезонаў працы на сушылцы і шум ужо стаў родны, і сам працэс работы ў Вячаслава Селівона даведзены да аўтаматызму.  Па тэрыторыі ён не ходзіць, а бегае, таму і сваіх напарнікаў найперш цэніць за шустрасць. За гады працы на сушылцы іх у Селівона было многа, усіх ён памятае і пералічвае па імёнах. У цяперашні сезон на змене з ім працуе малады хлопец Аляксандр Каросцік, Вячаслаў Зігмундавіч яго хваліць:

– Малады, шустры, талковы, адказны. Ён студэнт, таму, не вядома ці будзем разам у наступным годзе працаваць, я б быў бы не супраць.

Працоўная змена работнікаў зернесушылкі доўжыцца суткі – з васьмі раніцы да васьмі вечара. У гэты час ні днём, ні ноччу адпачываць нельга. Наадварот, трэба быць крайне ўважлівым, каб не замарудзіць працэс і не прапусціць недапрацаванае зерне ў склады. У гарачы сезон, як і ўсе хлебаробы, Вячаслаў Селівон дома бывае рэдка. Нават у выхадныя дні яму не выпадала пабыць з сям’ёй, бо трэба было ездзіць у лагер “Бярозка”, дзе ён працуе заггасам.

– За лета ні разу не пакупаўся ў возеры, – без асаблівага смутку канстатуе Вячаслаў Селівон. – Няма калі адпачываць, хлеб убіраем!

Таццяна СТАДОЛЬНІК.

НА ЗДЫМКУ: (злева направа) Аляксандр Каросцік і Вячаслаў Селівон.

Фота В. Чарвінскага.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *