Хлеб — усяму галава

На сённяшні дзень у СГФ “Бягомльскі” налічваецца ў сярэднім 75 штатных работнікаў. Асноўную колькасць складаюць жывёлаводы і хлебаробы.  Працуюць у напрамку вырошчвання збожжавых культур і вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі. Маюць пэўныя поспехі. Па словах дырэктара філіяла Анатолія Бальшунова, галоўным у рабоце з’яўляецца дакладная арганізацыя працы, вытворчая і працоўная дысцыпліна, жаданне дабівацца станоўчых вынікаў. Сёння факты канстатуюць: па стане на 17 жніўня ў гаспадарцы было ўбрана 693 гектары збожжавых, намалочана 2079 тон зерня пры сярэдняй ураджайнасці 30 цэнтнераў. Валавы намалот мінулага года значна пераўзыдзены, а на корані стаіць яшчэ 87 гектараў.

– На ўборцы задзейнічаны тры экіпажы камбайнераў, уборачная тэхніка – амаль новая, – гаворыць галоўны аграном М.А. Ушкевіч. – Механізатары працуюць на адным дыханні. Каб не надвор’е, якое ў апошні час сапсавалася, то, магчыма,  вырашчанае ўжо ўбралі б.

Па выніках чацвёртай пяцідзёнкі экіпаж камбайнераў у складзе бацькі Аляксандра і сына Андрэя Дударонкаў выйшаў у лік трох лепшых у раёне: намалаціў за пяць апошніх дзён 151 тону зерня. На яго адвозцы заняты брат  старэйшага Дударонка – Уладзімір, які таксама вызначыўся сваёй працай і стаў адным з лідараў раённага спаборніцтва сярод вадзіцеляў. Гэта сямейная дынастыя хлебаробаў выклікае захапленне сваёй умелай працай. 

Накіравана ідуць да мэты камбайнеры Уладзімір Батура з памочнікам Дзянісам і Васілій Герасімёнак з памочнікам Паўлам. Дарэчы, і гэтыя экіпажы камбайнераў  сямейныя.

На дапрацоўцы зерня заняты Леанід Матрашыла і Тадэвуш Мажынскі, якія працуюць на старой сушылцы. Канечне, каб не сёлетняе гарачае лета, то з дасушкай убранага маглі быць праблемы. СГФ “Бягомльскі” мае патрэбу ў новым зернеачышчальна-сушыльным комплексе, які ў раёне мае большая колькасць сельгаспрадпрыемстваў. Думаецца, што і гэта пытанне тут будзе вырашана.

Хлеб – усяму галава. Каравай на стале складаецца з цэлага комплексу круглагадовай працы вяскоўцаў, гучнае імя якім – хлебароб.

Нэлі БЯЛЯЎСКАЯ.

НА ЗДЫМКУ: дырэктар А.М. Бальшуноў і галоўны аграном М.А. Ушкевіч ля новага ўраджаю хлеба.

Фота А. Варанковіча.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *