В Докшицком — 14 экипажей-тысячников

Па стане на 13 жніўня ў раёне было ўбрана каля 70 працэнтаў ад пасеянага, намалочана 60401 тона зерня. Лідзіруюць у гэтым кірунку ААТ “Таргуны”, ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс” і ДП “АграСітцы”. З гэтых гаспадарак выйшлі і экіпажы-тысячнікі. Імі сталі камбайнеры ААТ “Таргуны”: бацька і сын  Аніковічы – Вячаслаў Іванавіч і Іван Вячаслававіч,  бацька і сын Парфяновічы – Уладзімір Дзмітрыевіч і Дзяніс Уладзіміравіч, сямейны экіпаж Аксючыцаў – Аляксандр Іванавіч і сын Андрэй Аляксандравіч, а таксама экіпажы ў складзе Аляксея Мікалаевіча Варанковіча і Аляксандра Віктаравіча Шульгата, Аляксандра Іосіфавіча Савульскага і  Аляксея  Валяр’янавіча Карніловіча. Тысячную мяжу перакрочылі экіпажы камбайнераў ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс”: Уладзімір Пятровіч Лаўцэвіч і Павел Уладзіміравіч Шульгат, дарэчы, яны недалёка ад двухтысячных намалотаў, Вячаслаў Вячаслававіч Кавалёнак і Сяргей Аляксандравіч Трус, Валерый Анатольевіч Корсак і Вадзім Васільевіч Каляга, Міхаіл Мікалаевіч Валковіч і Арцём Дзмітрыевіч Машко, Аляксандр Міхайлавіч Суднік і Дзмітрый Анатольевіч Гільніч, Станіслаў Іосіфавіч Стэфаньян і Іван Уладзіміравіч Хоміч, бацька з сынам Ярмаковічы – Яўген Іосіфавіч і Руслан Яўгенавіч, бацька і сын Малашы – Міхаіл Мікалаевіч і Ігар Міхайлавіч. Чатырнаццатым “тысячнікам” у раёне стаў экіпаж камбайнераў ДП “АграСітцы” ў складзе   Аляксандра Аляксандравіча Кудзеркі і Івана Віктаравіча Ючкавіча (на здымку). З імі мы сустрэліся на горыстай мясцовасці за Гарадзішчам. Толькі пакуль з бункера сыпалася зерне ў кузаў машыны, мы гутарылі з сітцаўскімі перадавікамі.

– Працаваць складана, – гаворыць Аляксандр Аляксандравіч. – Асабліва на гэтай зоне. Мы не прывыклі “штурмаваць” узгоркі, жаць на дробнаконтурных палях. Тут самая большая плошча складае каля 30 гектараў, а іншыя – значна меншыя. Работа патрабуе пільнасці, штурвал трэба моцна трымаць у руках. Але спраўляемся.

Другі год працуе ў Кудзеркі памочнікам студэнт Полацкага ўніверсітэта Іван Ючкавіч. Праз тры гады юнак стане настаўнікам фізічнай культуры і спорту. А пакуль авалодвае найважнейшай прафесіяй – прафесіяй хлебароба.

– Мне ўсё цікава, – гаворыць Іван. – Сэрца замірае ад спускаў і пад’ёмаў, але я ўпэўнены, што жыццё менавіта з іх і складаецца. Пакуль пра вучобу ў горадзе не думаю. Мне прыемна займацца спрадвечнай справай бацькоў.

Нэлі БЯЛЯЎСКАЯ.

Фота В. Чарвінскага.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *