Цешаць гарбузы і патысоны

      КУП “Докшыцкі”, які практыкуецца на вырошчванні агародніны, пашырае межы сваёй дзейнасці. Сёлета вясной пасадзілі гарбузы, патысоны і кабачкі з мэтай атрымання насення. Шкада, што надвор’е не спрыяла паспяванню кабачкоў. Ярка-жоўтыя плады сорту “ананасавыя” не дайшлі да той кандыцыі, якая дазваляе атрымаць з іх семечкі, каб выкарыстаць у наступны сезон на сяўбу. Па словах галоўнага агранома прадпрыемства Франца Красоўскага, якога вы бачыце на здымку, іх пусцяць у рэалізацыю. А вось  гарбузы і патысоны выкарыстаюць па прызначэнні. Сто кілаграмаў насення, а на такую колькасць ёсць дамоўленасць з “Вітсортнасенагароднінай”, будзе атрымана. Пакуль яркая прадукцыя агароднінаводаў з “Докшыцкага” ляжыць на захоўванні ў спецыялізаваным сховішчы. У гэты час рабочыя прадпрыемства заняты больш неадкладнымі справамі, а таму жоўта-аранжавыя круглякі-гарбузы і падобныя на лятаючыя талеркі з хвалістымі краямі патысоны чакаюць сваёй чаргі. У памяшканні пры адпаведнай тэмпературы іх уручную разрэжуць, сэрцавіны складуць у ёмістасць з вадой  на дні тры-чатыры, каб пайшло браджэнне. Некандыцыйныя семечкі разам з мякаццю падымуцца на паверхню, а ўсходжае насенне застанецца на дне.  Такім непрацаёмкім працэсам на прадпрыемстве будуць займацца ўпершыню.
У рабочых КУП “Докшыцкі”, апрача насення траў, ёсць практыка атрымання ўласнага пасяўнога матэрыялу сталовых буракоў, капусты, кропу. Вось таму і ўпэўнены агароднінаводы, што справяцца  і з чарговым пачынаннем. Праўда, пакуль ідзе ўборка рэпак, якія яшчэ сядзяць на двухгектарнай плошчы. З 25 гектараў пасеянай морквы засталося выбраць на 7-мі гектарах. Да вылушчвання семечак гарбузовага сямейства справа не дайшла. А яшчэ абмалочваюць белую канюшыну. Яе зжалі заўчасна, высушылі і складзіравалі пад дах ля агароднінасховішча. Як бачна, тут стараюцца ахапіць увесь комплекс асенніх палявых работ, але слабы машынна-трактарны парк у нейкай ступені стрымлівае ход работ.

Нэлі БЯЛЯЎСКАЯ.
Фота В. Чарвінскага.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *