Камбайнер — адмысловы, гаспадар — увішны, бацька — шчыры

НА ЗДЫМКУ: камбайнер Уладзімір Лаўцэвіч з дачкой.

Докшыцкая зямля заўсёды славілася і высокімі ўраджаямі, і працавітымі людзьмі. У лік пераможцаў рэспубліканскага спаборніцтва па выніках уборкі ўраджаю кожны год трапляюць і нашы ўдзельнікі жніва. Шмат разоў прадстаўнікі хлебаробскіх калектываў прадстаўлялі Докшыцкі раён на рэспубліканскім свяце “Дажынкі”. Сёлета гэты гонар выпаў  камбайнерам Уладзіміру Лаўцэвічу з ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс” і Вячаславу Аніковічу з ААТ “Таргуны”. Адчуўшы асалоду перамогі, абодва вярнуліся дадому з падарункамі: Уладзімір, які заняў першае месца ў вобласці па намалоту збожжа, – з аўтамашынай, а Вячаслаў, якому дасталося трэцяе месца – з халадзільнікам.

   Бойкі хлопец Уладзімір Лаўцэвіч. За словам у кішэню не палезе. З яго вуснаў сыплюцца жартачкі, анекдоты, байкі бывалага. Ён  заўсёды ў курсе навін, што адбываюцца ў краіне. Валодае рознай інфармацыяй наватарскіх прапаноў і распрацовак у вырошчванні сельскагаспадарчых культур. Мае зносіны з перадавымі камбайнерамі рэспублікі, бо за 6 разоў – столькі ён пабываў на свяце перадавікоў вытворчасці – рэспубліканскіх дажынках – шмат з кім пазнаёміўся, пасябраваў.

Уладзімір упэўнены ў тым, што як кропля дажджу спрыяе росту раслін, так і адна перамога цягне за сабой пераможныя вынікі іншых. Напрыклад, летась у ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс” у пагоні за ім больш, чым тысячу тон збожжа намалацілі 9 камбайнераў. Сёлета экіпажаў-тысячнікаў стала на адзін больш. Тут, канечне, пэўную ролю адыгрывае ўраджайнасць, бо на пустым полі не толькі тысячу, але і сотню тон збожжа не намалоціш. У аграсэрвісе ж у гэтым годзе самая вялікая ўраджайнасць у Докшыцкім раёне. Бачна, што аграном на месцы: ведае сваю справу, працуе з глебай, угнаеннямі, насенным матэрыялам і абавязкова з людзьмі.  Ды і механізатары з веданнем справы падыходзяць да работы, сеюць, а затым і ўбіраюць тое, над чым працавалі вясной ды восенню. Не толькі камбайнерам, але і настаўнікам юнага пакалення з’яўляецца Уладзімір Лаўцэвіч. Многія кіраўнікі давяралі яму працоўнае выхаванне сваіх нашчадкаў. У прыватнасці, яго памочнікамі ў свой час былі сын дырэктара райаграсэрвіса Мікалая Шульгата, калі вучыўся за геадэзіста-землеўпарадчыка, сын яго намесніка Анатолія Бальшунова, які быў студэнтам і авалодаў прафесіяй эканаміста, і нават сын старшыні райвыканкама Алега Пінчука, будучы юрыст.
Працавала два гады памочнікам і дачка самога камбайнера — студэнтка ўніверсітэта культуры. Без палёгкі, без зменшаных патрабаванняў  старэйшага камбайнера Віялета Лаўцэвіч вёртка чысціла жняярку і змазвала вузлы і агрэгаты. Па локці была ў мазуце, калі даводзілася займацца складаным рамонтам. З ёй бацька і кола мяняў у камбайне на палявым стане. Той, хто гэта рабіў, разумее, як складана памяняць “махіну пад махінай”. Неяк давялося пачуць, што адзін камбайнер дзень чыніў такі рамонт у майстэрні, а Лаўцэвічы справіліся за тры гадзіны.  Пасля заканчэння ўніверсітэта Віялета засталася працаваць у Мінску. Працай сваёй задаволена. Часта прыязджае да бацькоў у Докшыцы. Па яе словах,  небам было наканавана быць дома якраз у той час, калі бацька нажаў першую тысячу тон першым у Віцебскай вобласці. Яна прыехала на поле, каб парадавацца перамозе разам з родным чалавекам. Абое свяціліся шчасцем. Так павялося ў іх сям’і, што ўсе радасці і  непрыемнасці яны перажываюць разам.
Уладзімір Пятровіч – з тых людзей, якім заўсёды чагосьці мала. У добрым сэнсе сказанага. З неба яму не падала манна нябесная, а ўсё, што мае, заваёўваецца добрасумленнай працай. Кажа камбайнер, што пакуль ідзе ўборка, яму не спіцца. Іншыя валяцца з ног ад стомы і засынаюць на адведзеныя гадзіны ў сутках,  як пшаніцу прадаўшы. А ён – наадварот. Ляжа – і заснуць не можа. То жыта бачыцца ў кароткім сне, то густая пшаніца, якая схіліла свае каласы пад жняяркай. І тады мужчыну хочацца падняцца і ехаць на поле. Што ён і робіць. Рабочы дзень камбайнера іншы раз пачынаецца ў 4 гадзіны раніцы, а заканчваецца ў дзве гадзіны ночы. Як вытрымлівае нагрузку арганізм? Хай на мяжы фізічнай магчымасці, аднак пры душэўнай раўнавазе: у іншым выпадку нервы проста не вытрымалі б. Між тым перыяд уборкі абмежаваны: у сярэднім 20 каляндарных напружаных дзён, а потым – спакойнае і размеранае жыццё. На яго Уладзімір не скардзіцца, а толькі дзякуе лёсу, што змог знайсці правільную сцяжыну. Што добра склалася сямейнае жыццё з прыгажуняй Людмілай. Што растуць чароўныя дачушкі – яго бацькоўскі гонар.
Перадавік, за мінулагоднія перамогі атрымаў новы дом пад ключ. Наперадзе ў Лаўцэвіча – наваселле. Вось толькі скончацца неадкладныя сельскагаспадарчыя работы, будзе закладзены падмурак пад багаты ўраджай будучага года, і зоймецца ён добраўпарадкаваннем на новым месцы. Я веру, што будзе зроблена гэта на найвышэйшым узроўні, бо ў Лаўцэвіча ўсюды так: калі рабіць, дык найлепшым чынам, каб душа цешылася, каб зробленае прыносіла задавальненне не толькі сабе і блізкім…

Нэлі БЯЛЯЎСКАЯ.
Фота А. Варанковіча.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *