Анжела Верховодка — самая молодая приёмщица заказов комплексно-приёмного пункта г.п. Бегомль Докшицкого района

dsc_ 026Бытавыя паслугі насельніцтву ў нашым раёне аказваюць дзевяць сельскіх комплексных прыёмных пунктаў і адзін КПП у г.п. Бягомль. Ён размясціўся на цэнтральнай вуліцы Бягомля. Мае належны знешні выгляд. Зроблены рамонт і ўнутры будынка. Прыёмшчыцай заказаў працуе Анжэла Верхаводка (на здымку). Яна ўладкавалася сюды ў 23 гады, пасля дэкрэтнага водпуску, маючы дыплом аб заканчэнні Мінскага тэхналагічнага каледжа. І вось пяты ўжо год адказвае за аказанне бытавых паслуг насельніцтву гарпасёлка. Анжэла — дзяўчына мясцовая. У Бягомлі хадзіла ў школу, тут зараз жыве з сям’ёй. Сваю маленькую радзіму любіць, ведае многіх людзей і пра змену месца жыхарства нават не разважае. Кажа, што можа і гэта дапамагае ў складанай штодзённай рабоце.
Дарэчы, менавіта Бягомльскі КПП вылучаюць у КУПБА “Бытавік”, як адзіны ў раёне пункт прыёму, дзе ў розных долевых суадносінах, але аказваюцца насельніцтву ўсе без выключэння паслугі. А гэта рамонт вопраткі, пашыў бялізны, падушак, коўдраў, сурвэтак, паслугі цырульніка і іншыя. Тут можна набыць рытуальныя рэчы, прадукцыю цэха дрэваапрацоўкі, які з восені стаў працаваць у “Бытавіку”, аформіць заказы на рамонт мэблі, хімчыстку, паслугі пральні, пракат спортінвентару, бытавой тэхнікі і посуду. Карыстаецца нядрэнным попытам рэалізацыя камбікорму і дроў. На КПП можна выбраць прадукцыю ўласнай вытворчасці “Бытавіка”, якая знаходзіцца на асобнай вітрыне, ці зрабіць заказ на яе выраб па ўласным памеры і гусце. У продажы і іншыя, патрэбныя ў гаспадарцы рэчы.
Раз у тыдзень выязджае Анжэла Верхаводка ў населеныя пункты сельсавета, каб даць магчымасць вяскоўцам скарыстацца паслугамі работнікаў службы быту. Капейка да капейкі і гэта дазволіла Бягомльскаму КПП у мінулым годзе рэалізаваць работ і паслуг на 282 мільёны рублёў. Прозвішча самой прыёмшчыцы ў 2014 годзе была занесена на раённую Дошку гонару. За два месяцы бягучага года аказана паслуг на 36 мільёнаў. Пачатак года – гэта, звычайна, самы зацішны перыяд, далей попыт насельніцтва значна ўзрастае.
На любую паслугу, калі не паленавацца і прапанаваць яе, можна знайсці попыт. А ўжо потым, калі людзям спадабаецца, яны не толькі прыйдуць ізноў, але і прывядуць сваіх знаёмых — такім прынцыпам кіруецца самая маладая ў раёне прыёмшчыца заказаў “Бытавіка”.

Наталля НАВІЦКАЯ.
Фота В. Чарвінскага.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *