Сціплы Аніковіч дае пераможныя вынікі

429 тон зерня намалаціў падчас сёлетняй уборачнай кампаніі Вячаслаў Аніковіч з ААТ “Таргуны”. У вобласці яго вынік стаў трэцім. Так Вячаслаў Іванавіч стаў удзельнікам рэспубліканскіх “Дажынак-2012”.  
Для механізатара з Таргуноў сёлетняя ўборачная кампанія была 25-ай. Першыя дзве, яшчэ школьнікам, ён быў памочнікам камбайнера, а ў 1990 годзе самастойна сеў за руль свайго першага камбайна “Дон”. Раённая газета не раз пісала пра пераможныя вынікі Аніковіча. Акрамя таго, што механізатар мае шмат прэмій, грамат, дыпломаў і ўзнагарод, у мінулым годзе ён атрымаў ганаровае званне “Чалавек года Віцебшчыны-2012” .

На рэспубліканскае свята “Дажынкі” ў гэтым годзе яго запрасілі ўжо ў другі раз. У 2010 годзе Вячаслаў Іванавіч меў таксама трэці вынік, толькі за нарыхтоўку травяністых кармоў. Аніковіч – вельмі сціплы чалавек, які не любіць хваліцца сваімі поспехамі. Падчас нашай сустрэчы, якая адбылася адразу пасля яго прыезду з “Дажынак”, Вячаслаў Іванавіч не быў мнагаслоўным. Мы спынілі яго працу ў полі, калі той займаўся ўборкай кукурузы, і было бачна, што ён спяшаецца зноў у поле. Не смеючы затрымліваць працу хлебароба, мы задалі яму некалькі пытанняў, павіншавалі з працоўнай перамогай, а пра ўсё астатняе, што нас цікавіла, спыталі ў людзей, якія добра яго ведаюць.
Кошт хлебу знае і паважае ў сям’і Аніковічаў не толькі гаспадар, але і дзеці. Спачатку старэйшы Яўген з чатырнаццаці год на працягу пяці сезонаў быў памочнікам бацьку падчас уборкі жніва, а потым яго змяніў малодшы Іван, як толькі яму споўнілася таксама чатырнаццаць. Так, апошнія чатыры сезоны з Аніковічам-старэйшым працуе Іван. Вячаслаў Іванавіч, ведаючы ўсе складанасці сваёй працы, сынам параіў атрымаць адукацыю. А яны, як і заўсёды, бацьку паслухалі.
– Меркаванне бацькі для нас аўтарытэтна, – падзяліўся з намі Іван. – З дзяцінства ён прывучае нас да парадку ва ўсім, каб не баяліся любой працы. А таму тыя веды, якія атрымалі ў яго падчас уборачнай кампаніі, для нас добрая школа. У той жа час тата вельмі патрабавальны. Любая работа, за якую ён бярэцца, павінна быць выканана ідэальна, гэтага патрабуе і ад нас. Да канца свайго жыцця я буду ганарыцца сваім бацькам і дзякаваць яму за кожную параду, за кожны жыццёвы ўрок, за падтрымку і дапамогу.
У свой час Вячаслаў Аніковіч таксама пачынаў памочнікам камбайнера. Уладзімір Кірылавіч Васілевіч быў яго настаўнікам. У далёкіх 80-ых ён даваў першыя ўрокі хлебаробскага майстэрства маладому Чэсю на палях былога калгаса “Таргуны”. Мы дазваніліся ветэрану працы і ён з ахвотай успомніў свае працоўныя гады і аднаго з лепшых сваіх памочнікаў:
– Як толькі выйшаў на пенсію, усё не мог забыцца на свой камбайн “Ніва”, так любіў сваю працу. Для нас тады здавалася, што больш магутную машыну і прыдумаць складана. Жалі тады не так многа, ураджайнасць была слабая, за сезон толькі 200-300 тон намалочвалі, але на той час і гэта для нас было многа. Зараз хлопцы жнуць тысячамі! Ці памятаю Аніковіча? А як жа, Чэсь вельмі старанны хлопец быў. Два гады з ім працаваў. Сціплы такі быў, ціхі, але вельмі працавіты і адказны. Лёгка мне з ім было, што ні даручыш – усё спраўна выконваў. На “Дажынкі” сёлета ездзіў? Маладзец. Ён гэтага заслугоўвае. Я хоць і ў Стараселлі жыву, але чую пра яго поспехі і вельмі рады за яго. Прывітанне яму перадавайце!
Паважаюць і ганарацца вынікамі свайго механізатара і ў ААТ “Таргуны”. Толькі добрыя словы ў адрас Вячаслава Аніковіча гучалі ад галоўнага агранома прадпрыемства Аляксея Іосіфавіча Каротчыка:
– Вельмі адказны чалавек. Працуе і жыве з цвёрдым пачуццём сумлення. Кожнае даручэнне выконвае ў тэрмін і без нараканняў. Беражліва адносіцца і да  тэхнікі, а калі здараюцца паломкі, то ён раней за ўсіх прыйдзе на працу, каб адрамантаваць і своечасова выйсці ў поле. Разам з тым гэта вельмі добрасумленны чалавек, сапраўдны гаспадар у сям’і і выдатны бацька для сваіх сыноў.

Таццяна ШУЛЬГАТ.
Фота В. Варанковіча.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *