Шчасце для сям’і, радасць для краіны

      Дзеці  – гэта шчасце для кожнага чалавека. Для краіны – гэта яе будучыня, клопат пра якую з’яўляецца адным з прыярытэтных кірункаў дзяржаўнай палітыкі. У Беларусі мерапрыемствы па сацыяльнай падтрымцы сям’і і дзяцінства прадугледжвае Нацыянальная праграма дэмаграфічнай бяспекі на 2011 – 2015 гады. У межах гэтай праграмы распрацаваны праект Закона “Аб дзяржаўных дапамогах сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей”. Цяпер дакумент знаходзіцца на разглядзе ва ўрадзе. Адна з галоўных навін закона заключаецца ў тым, што дапамога па доглядзе за дзіцем ва ўзросце да трох год будзе прывязана да сярэднямесячнай зарплаты па рэспубліцы. Плануюцца наступныя павышэнні памеру дапамогі: на першае дзіця – да 35 працэнтаў сярэднямесячнай зарплаты па краіне, на другога і наступных – да 40 працэнтаў. Прыняць закон плануецца сёлета. У жніўні — кастрычніку штомесячная дапамога па доглядзе за дзіцем да трох год складае 843870 рублёў, з надбаўкай 75 працэнтаў – 1476770 рублёў, з надбаўкай 40 працэнтаў – 1181420 рублёў.

Пэўныя змены плануецца ўнесці і ў Працоўны кодэкс Беларусі. Згодна з прапанаванымі патрабаваннямі права па доглядзе за дзіцем да трох год будзе прадастаўлена працуючым татам, іншым працуючым родным дзіцяці ў выпадку, калі маці з’яўляецца прадпрымальнікам, прыватным натарыусам, творчым работнікам, а таксама тым, хто займаецца рамеснай дзейнасцю.

Таму мела рацыю тая 31 сям’я ў Докшыцах, у якой сёлета нарадзіліся дзеткі. Шчаслівымі бацькамі сталі Ларыса і Аляксандр Вахавічы, Святлана і Аляксандр Гоманы, Валянціна і Дзмітрый Палтараны, Святлана і Андрэй Навойчыкі, Ганна і Віталь Ючкавічы, Ірына і Аляксандр Палідаўцы і іншыя дакшычане.

Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.
НА ЗДЫМКУ: бэбі-бум па-докшыцку.
Фота А. Варанковіча.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *