В деревне Бирули Докшицкого района продаются пустующие земельные участки

У Докшыцкім раёне шмат цікавых мясцін. Кожная вабіць сваёй прыгажосцю, прыродным багаццем і гісторыяй. Вядомы ўсім Бірульскі край. Для аматараў уік-энду – гэта любімае месца, бо тут надзвычайна маляўнічыя краявіды, прыгожае возера, поўныя дарамі лясы.

Вёска Бірулі спрытна туліцца на заходнім беразе возера Медзазол. Яго воды поўняцца разнастайнай рыбай:  шчупаком, судаком, акунём, ляшчом, язем, карасём, сомам. Некалькі разоў зарыблялі вадаём  карпам, белым амурам, таўсталобікам. У Медзазоле і працякаючай праз яго Бярэзіне жыве  больш за 30 відаў рыб. Ёсць тут нават  ракі, што сведчыць пра чысціню вод.  Рака жывіць і ўзбагачае возера рыбнымі запасамі, таму што за ім уніз па цячэнні пачынаецца сусветна вядомы Бярэзінскі біясферны запаведнік.

За вадаёмамі прасціраецца  Галубіцкая пушча – адна з цікавейшых і ўнікальных мясцін Беларускага паазер’я. Яе плошча – 30 тысяч гектараў.  Жамчужынай пушчы з’яўляецца адно з экалагічна чыстых азёр Беларусі – возера Межужол. Яно жывіцца выключна паветранымі ападкамі і прафільтраванымі балотнымі імхамі водамі. Лясы і балоты цягнуцца суцэльным масівам з поўдня на поўнач на плошчы ў  дваццаць кіламетраў, а з захаду на ўсход займаюць каля трыццаці, плаўна пераходзячы ў прылягаючую з усходу да яе ўжо ва Ушацкім раёне Барткевічаву пушчу. У накірунку на паўднёвы ўсход пачынаецца  Бярэзінскі запаведнік, які навукоўцы называюць “Беларускай тайгой”. З поўначы Галубіцкая пушча мяжуе з невялічкай Зялёнай пушчай. Не шмат у Беларусі пушчаў, а тут іх адразу тры, сабраных у адным месцы. Канцэнтрацыя шматлікіх лясоў абумоўлівае разнастайны жывёльны свет гэтых мясцін. Тут жыве шмат відаў рэдкіх ахоўваемых жывёл: мядзведзь, рысь, барсук, тры віды соняў. З птушак – арол-беркут, скапа-рыбалоў,  арол-змеяед, падорлік, шэры журавель, белая курапатка, чорны бусел, лебедзь-шыпун, шэры гусак, белая чапля і шмат іншых. Пушча і навакольныя лясы багатыя  паляўнічымі відамі жывёл і птушак. Тут водзяцца лось, дзікі кабан, казуля, цецярук, глушэц, многа відаў качак.

Хваёвыя лясы, шматлікія квітнеючыя лугі напаўняюць паветра лячэбным водарам. Вясной, калі абуджаецца прырода, у паветры стаіць водар балотнага багуну, падвею і імхоў. Пазней да яго далучаецца  клейкі пах маладых лісточкаў бярозы,  квітнеючай лазы,  вольхі і таполі. Ледзь улоўны ў веснавым дурмане пяшчотны пах падснежнікаў, пралесак, кураслепу, сну. З кожным днём водар узмацняецца і ўзбагачаецца новымі тонамі, дасягаючы кульмінацыі ў пачатку ліпеня. У гэты час паветра пахне мёдам – гэта значыць, што прыйшоў час мядовых рос. Даўней такой парой ранкам людзі хадзілі басанож па мокрай траве, бо ведалі, што нектар квітнеючых траў мае лекавыя ўласцівасці, больш цудадзейныя  за ўсялякія лекі і мазі.

Надзвычай прыцягальная Бірульская зямля для фалькларыстаў, гісторыкаў і археолагаў. У IV стагоддзі тут існавалі даволі буйныя паселішчы. Аб гэтым сведчаць археалагічныя раскопкі, якія вядуцца тут на працягу некалькіх гадоў. Паводле знаходак выяўлена старажытнае гарадзішча-крэпасць  на шведскай гары, а каля яе падножжа – мноства паселішчаў. Мясцовасць была густа населена, што даказваюць курганныя могілкі каля Біруль, Несцераўшчыны, Рачных, Шалашаў, Дзедзіна, Маставухі. Гэта зямля хавае падзеі паўстання Кастуся Каліноўскага, абарончых баёў Першай Сусветнай вайны, гістарычныя рубяжы мяжы, якая дзяліла Беларусь на ўсходнюю і заходнюю. Тут захаваліся падмуркі былых маёнткаў і польскіх стражніц, пахаванні вядомых таго часу людзей – Дмухоўскага, Юзэфовічаў, Вронскіх-Варонскіх.  Шматлікія помнікі і абеліскі ператварыліся  ў нямых сведак апошняй Айчыннай вайны.

Старэйшых жыхароў вёскі называюць носьбітамі фальклору, захавальнікамі старажытнай культуры.

У Бірулях прадаюцца пустуючыя зямельныя ўчасткі. Тумілавіцкім сельскім саветам распрацавана і зацверджана схема індывідуальнай забудовы жылых дамоў. Прадаюць зямельныя ўчасткі ў 15-18 га на аўкцыёнах. 9 ўжо набылі ва ўласнасць прыезджыя грамадзяне і зараз вядуць на іх будаўніцтва жылых дамоў з гаспабудовамі (на здымках), а 24 участкі яшчэ свабодныя. Два з іх падрыхтаваны для выстаўлення на аўкцыён. Першапачатковы  кошт участка – 5 мільёнаў рублёў.  Размяшчэнне будучых сядзіб  вельмі выгаднае для стварэння падсобнай гаспадаркі і арганізацыі культурнага адпачынку на прыродзе. Многія дамы будуць з відам на возера.

Нават за  кароткі час прабывання ў гэтых мясцінах атрымліваеш цудадзейную эстэтычную асалоду ад ціхага прыроднага гоману, чыстага паветра, наталяешся магічнай энергетыкай гісторыі. Непадробная павага ўзнікае да тых, хто ацаніў каштоўнасць гэтага краю, і светлая зайздрасць, што яны змогуць тут жыць. 

Рыгор ПЯЦЬКО,  ляснічы Тумілавіцкага лясніцтва.

Таццяна СТАДОЛЬНІК.

Фота. А. Варанковіча.

Один комментарий для “В деревне Бирули Докшицкого района продаются пустующие земельные участки

  • 24.10.2012 в 5:10 пп
    Permalink

    Спасибо за материал. Теперь уже исчезли все сомнения о приобритении в этой местности земельного участка. Это инвистиции в будущее, которое с каждым годом будет всё дороже и дороже.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *