Николай Трахинин из Бегомля посвятил жизнь родным местам
Перш чым узначаліць мясцовую “вертыкаль» у Бягомлі, Мікалай Трахінін паспрабаваў сябе на некалькіх пасадах. Набыты вопыт кіраўніка, арганізатара ў спалучэнні з асабістай энергічнасцю, ініцыятыўнасцю, працаздольнасцю і ўменнем прымаць правільныя рашэнні сталі лепшымі памочнікамі старшыні ў рабоце з людзьмі, стварэнні на тэрыторыі сельсавета патрэбных умоў для іх жыцця. Мікалаю Аляксеевічу ўдалося зрабіць многае па навядзенні парадку на зямлі, па вяртанні закінутым вёскам цывілізаванага выгляду. Актыўнасць набыло грамадскае і культурнае жыццё гарпасёлка. Па выніках дзейнасці за 2014 год Бягомльскі сельвыканкам быў занесены на раённую Дошку гонару.
Сёння Мікалай Трахінін шчыра адказвае на 12 пытанняў, якія мы задаём цікавым, выбітным асобам, каб лепш пазнаёміць з імі нашых чытачоў.
1. — Ці можаце назваць падзею, якая вызначыла Ваш далейшы лёс?
— Паступленне ў 1978 годзе ў інстытут механізацыі сельскай гаспадаркі. Выйшаў адтуль праз 5 гадоў інжынерам-механікам і быў накіраваны працаваць у тагачасны калгас “Іскра” нашага раёна. Старшынёй быў Аркадзь Канстанцінавіч Голуб. Прайшоў у яго сапраўдную школу жыцця, урокі якой памятаюцца і сёння. Гэта быў чалавек-асоба, як і многія тагачасныя кіраўнікі: Петрашкевіч, Грыцкевіч, Ястраб. Ганаруся, што давялося ў іх вучыцца працаваць, ладзіць з людзьмі, шанаваць іх давер.
Гэта была першая прыступка, а потым іх было шмат на службовай лесвіцы: інструктар райкама партыі, сакратар партарганізацыі саўгаса “Бягомльскі”, настаўнік у школе, начальнік станцыі тэхабслугоўвання, начальнік Бягомльскага ўчастка РУП ЖКГ. У 2011 годзе быў абраны старшынёй Бягомльскага сельскага Савета.
2. — Работа для Вас — кар’ера ці справа?
— У маладосці імкненне да таго, каб зрабіць кар’еру, — нармальная з’ява. І доўжыцца гэта гадоў так да 35-ці, а потым прыходзіць разуменне жыцця і яго галоўных каштоўнасцей. Што такое кар’ерны рост для чыноўніка, кіраўніка сёння? Калі толькі маральнае задавальненне для амбіцыйнага чалавека. Што датычыцца матэрыяльнага, то за гэтым раю ісці ў камерцыю. Асабіста для мяне работа – гэта справа, якая абавязкова павінна прыносіць задавальненне, як было, напрыклад, калі будаваў СТА. Удалося ўвасобіць у жыццё многае з таго, што хацелася. Кіраўніцтвам не стрымлівалася здаровая ініцыятыва, таму ночы не спаў, каб зрабіць задуманае. Затое пасля быў проста шчаслівы. Для мяне спакой – гэта дэградацыя, смерць. Быць статыстам – не маё. Заўсёды трэба рухацца, і толькі наперад.
3. — Калі не ў сельскай гаспадарцы, то ў якой яшчэ галіне хацелася б сябе рэалізаваць?
— Я люблю тэхніку. А калі працаваць з ёй, то не мае значэння, у якой галіне. Таму даволі камфортна адчуваў сябе і тады, калі вучыў у школе дзяцей трактарнай справе.
4. — Прадоўжыце выказванне: мая сям’я — гэта…
— У шлюбе з жонкай Зояй Аляксандраўнай ужо 33 гады, і зараз магу з ўпэўненасцю сказаць, што яна мой сапраўдны спадарожнік жыцця: сябра, дарадца і каханы чалавек. Зоя падарыла мне двух сыноў, за якіх пакуль не сорамна перад людзьмі. Абодва інжынеры, як і я. Аляксандр узначальвае ПМК-52, а Дзмітрый жыве і працуе ў Мінску. Ён пакуль халасцяк, нас з жонкай цешаць дзеткі Сашы — Настачка і Антон.
5. — Што перанялі ад сваіх бацькоў, дзядоў?
— Мая маці з Вуглоў. Яе бацька, мой дзед Каятан Францавіч Палітыка, быў царскім лесніком. Гэту пасаду ў той час абы-каму не давяралі. Дзеда паважалі ўсе. Сям’я яго вызначалася прыстойнасцю і вялікай адказнасцю за любую справу. Хацелася б думаць, што праз маму і мне нешта перапала ад майго слаўнага дзядулі. Па лініі маці вайна пакінула балючы след, шмат загінула радні. Таму да сённяшняга гэта тэма для мяне святая. Тата з Расіі, з-пад Курска. У вайну 12-гадовым падлеткам быў у калгасе брыгадзірам. За тую ратную працу адзначаны ўрадавай узнагародай. Пасля вайны татаў дзядзька Мікалай Гарбачоў, які ў Бягомлі кіраваў МТС, забраў сям’ю сястры да сябе. Мы з братам Генадзем нарадзіліся ўжо ў гарпасёлку. Любоў да тэхнікі нам абодвум перадалася ад бацькі Аляксея Цімафеевіча, які быў механікам.
6. — Які сэнс укладаеце ў паняцце радзіма, патрыятызм?
— Мая радзіма – мой Бягомль. Люблю яго да самазабыцця. Памятаю: у студэнцкія гады еду на аўтобусе з Мінска, і яшчэ задоўга да родных мясцін пачынае няроўна біцца сэрца ад чакання сустрэчы з імі. Заўсёды ведаў, што жыць і працаваць буду толькі на малой радзіме. Мне пашчасціла быць знаёмым з людзьмі, якія добра ведалі гісторыю гарпасёлка, ганарыліся ёю і шмат зрабілі для Бягомля. Маю на ўвазе Сяргея Барысавіча Лапчыка і Уладзіміра Канстанцінавіча Герасімёнка. Гэта і ёсць патрыятызм.
Я шчаслівы ад таго, што ў Бягомлі спыніла дзеянне камендатура, што ён пасля праведзенага добраўпарадкавання набыў цывільны выгляд. Рады, што ўдалося аднавіць шырокае святкаванне самага дарагога для нас свята – Дня Перамогі, наладзіць правядзенне фестывалю “Таленты Бягомльшчыны”. Сёлета ўпершыню прайшоў адпаведны дзіцячы агляд-конкурс. Гарпасёлак атрымаў і сваё свята. Сёння, 20 жніўня, адзначаецца чарговы Дзень Бягомля. Напярэдадні адбылося адкрыццё помніка на пасялковых могілках у памяць усіх загінулых у гады вайны. Ёсць і яшчэ задумкі, планы, але пакуль агучваць, лічу, няма патрэбы.
7. — Які ён, свет вашых захапленняў?
— Ад дзядулі дасталася любоў да прыроды. Магу проста без мэты хадзіць па лесе і любавацца краявідамі. Падобныя вандроўкі здымаюць стому, наталяюць душу. Хочацца жыць і працаваць, каб наша зямля была яшчэ больш прыгожай. Люблю мастацтва. Некалі сам маляваў, і няблага атрымлівалася. Мару, што на пенсіі, калі будзе шмат часу, вярнуся да гэтага занятку. У свой час музыцы вучыў мяне ў музычнай школе Уладзімір Іванавіч Пусташыла. Такім адметным музыкантам, як ён, я, канечне, не стаў, але музыку люблю і сам калі-нікалі магу ўзяць інструмент у рукі. На сцэне спявае жонка, і я гэтым вельмі задаволены. Зносіны з мастацтвам эмацыянальна разнявольваюць чалавека, робяць яго душу больш багатай і прыгожай.
8. — Ці бачыце герояў у рэальным жыцці?
— Пётр Міронавіч Машэраў. Для Беларусі ён незаменная страта. Мне давялося бачыць яго, калі прыязджаў у Бягомль на адкрыццё помніка. Уразіла яго дэмакратычнасць, прастата ў зносінах з людзьмі. Ні выглядам, ні словам, ні жэстам ён не падкрэсліваў, што займае вялікую пасаду, з’яўляецца кіраўніком краіны.
Калі працаваў у райкаме партыі, з захапленнем глядзеў на Васіля Лукіча Чарвінскага. Смелы быў чалавек. На бюро мог падняцца і выказаць свой пункт гледжання, які абсалютна не адпавядаў кіруючай ролі партыі. У рамках той сістэмы гэта быў амаль што подзвіг.
9. — Ці згодны з меркаваннем, што чалавек без сяброў, як печ без дроў?
— Абсалютна. Канечне, з узростам сяброў становіцца менш, бо павялічваюцца крытэрыі адбору, затое застаюцца сапраўдныя. У мяне – Мікалай Пусташыла. Сябруем з дзяцінства. Ён жыве не ў Бягомлі, але сустракаемся кожны год і не адзін раз. Яму першаму тэлефаную, калі бяда і калі радасць. Наогул лічу, што чалавек, які не мае сяброў, — дрэнны чалавек, яго не любяць людзі і ён іх — таксама.
10. — Якімі якасцямі павінны валодаць жанчыны, што ў іх не прымаеце?
— Люблю разумных і прыгожых, канечне, хаця ў кожнага мужчыны свой крытэрый прыгажосці. Паважаю, калі жанчына разумее мужчынскія слабасці. У любой канфліктнай сітуацыі трэба паспрабаваць зразумець адно аднаго, а не настойваць на сваёй праўдзе. І ў жанчын, і ў мужчын не прымаю скупасці. Гэта прычына многіх іншых заган.
11. — Ці можа быць шчаслівым, на Ваш погляд, чалавек, які не зведаў кахання?
— Каханне – гэта элемент шчасця, а кажуць, што шчаслівых поўнасцю людзей не бывае. Значыць, не ўсе кахалі ці былі каханымі. Асабіста я ведаў хлопца, які прагматычна ажаніўся на кватэры, аўтамабілі. Мне заўсёды такіх шкада.
12. — Вашы любімыя музыка, літаратурны твор, страва, від спорту, марка аўтамабіля?
— класічная ў адпаведнасці з настроем душы, народная, эстрадная з сапраўднай паэзіяй і мелодыяй. Люблю джаз у выкананні аркестра Лунгстрэма;
— паважаю творчасць Ільфа і Пятрова, Новікава-Прыбоя. Нядаўна перачытаў “Цар-рыбу” Астаф’ева;
— беларускія клёцкі і юшка;
— футбол, толькі як глядач;
— «мерседэс».
— Дзякуй за размову.
Пытанні задавала
Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.