Докшицким обществом инвалидов руководит бескорыстный человек Евдокия Вязникова

У лістападзе ў Мінску адбыўся пленум Цэнтральнага праўлення Беларускага таварыства інвалідаў. Выступаючы на ім, старшыня праўлення Уладзімір Патапенка гаварыў пра тое, што сёння галоўным і самым важным пытаннем з’яўляецца развіццё вытворча-тэхнічнай базы таварыства. Без гэтага нельга мець дастаткова фінансавых сродкаў, якія неабходны для рэалізацыі задач і планаў, сацыяльных праграм.

Докшыцкая раённая арганізацыя ГА “Белтін” не мае ніякай уласнасці, таму, зразумела, адсутнічае і ўсялякае фінансаванне арганізацыі. Нават яе старшыня Еўдакія Вязнікава працуе на грамадскіх пачатках, г.зн. бясплатна. Як гаворыць сама Еўдакія Андрэеўна, толькі таму, што не можа пакінуць сам-насам гэтых гаротных людзей. Такім чынам, існуе таварыства за кошт спонсарскай дапамогі і невялікіх членскіх узносаў.

За 9 месяцаў сёлета ўдалося выплаціць інвалідам 3827800 рублёў матэрыяльнай дапамогі і яшчэ 650 тысяч рублёў выдзеліла Цэнтральнае праўленне. Для ляжачых інвалідаў, якіх стаіць на  ўліку 28 чалавек, на 2 мільёны рублёў набыта памперсаў. Грошы выдзеліў спонсар з г. Віцебска. З ім Вязнікава супрацоўнічае ўжо 3 гады. Два інваліды-калясачнікі атрымалі інвалідныя каляскі. Ёсць надзея, што да Новага года яшчэ два чалавекі атрымаюць такі неабходны ім сродак руху. Сёлета людзям з абмежаванымі магчымасцямі раздадзена больш за 2 тоны адзення, абутку, якія паступілі па гуманітарнай дапамозе.

Да Дня інвалідаў шляхам вялікіх намаганняў удалося правесці акцыю “Міласэрнасць” і сабраць больш за 2 мільёны рублёў. На жаль, з году ў год гаротным людзям дапамагаюць практычна адны і тыя ж кіраўнікі, і прадпрымальнікі. Гэта Генадзій  Ласкін, Віктар Мігай, Аляксандр Рамейка, якія сёлета таварыству аказалі найбольш адчувальную дапамогу. Удзячна Вязнікава Галіне Філончык, Але Камянецкай, Вользе Анісковіч. Сабраныя грошы вырашана было ў якасці матэрыяльнай дапамогі раздаць інвалідам дзяцінства, як найбольш абяздоленай катэгорыі. На тыя невялікія пенсіі, якія яны атрымліваюць, вельмі складана пражыць, асабліва, адзінокім.

Збіраць узносы, шукаць спонсараў, раздаваць гуманітарку Еўдакіі Андрэеўне дапамагаюць актывісты таварыства Леаніда Міхмель, Вольга Каляга, Яўгенія Марковіч, Таццяна Каляга, Аляксандр Каляга, Сяргей Кішэня, Аляксандр Ільініч. Гэтыя людзі самі маюць групу інваліднасці, але знаходзяць сілы дапамагаць падобным сабе, бо разумеюць чужы боль. Шкада, што не заўсёды разумеюць яго здаровыя і багатыя.

Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ. 

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *