7 ноября стало двойным праздником для Михаила Савина из деревни Шалагири
Сёмага лістапада, у дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі, жыхару вёскі Шалагіры Бярэзінскага сельсавета Міхаілу Савіну спаўняецца дзевяноста гадоў. Наведаліся да Міхаіла Мікалаевіча, каб павіншаваць з юбілеем і пацікавіцца, станоўчым ці адмоўным ён лічыць супадзенне ўласнага дня нараджэння з дзяржаўным святам, якое раней адзначалася вельмі ўрачыста.
– Гэта здорава, што мае імяніны прыпалі на такі дзень! – у блакітных вачах суразмоўцы загараюцца агеньчыкі. – Раней жа як гадавіны рэвалюцыі святкаваліся – мітынгі, дэманстрацыі, канцэрты святочныя, а то і дзень ураджаю маглі прымеркаваць: работы на палях у калгасе заканчваліся. Дык як жа было не радавацца ў такі дзень: людзі ўсе па-святочнаму апранутыя, шары, сцяжкі паўсюдна, музыка, песні. І ўсе цябе яшчэ віншуюць асобна, пажаданні на кожным кроку – настрой цудоўны з самай раніцы. І гэта з года ў год.
– Цяпер, вядома, ужо не тое: у маіх Шалагірах нас тры жыхары засталося… Так, ёсць тэлефон, але ж на свеце няма нічога лепшага за жывыя чалавечыя зносіны. Таму вось на юбілей імкнуся сабраць як мага больш гасцей: госць у хату – радасць у хату.
Міхаіл Мікалаевіч родам з Загалаўя. У дзевяноста мае добрую памяць, дакладна і нязмушана распавядае пра розныя этапы свайго жыцця, пачынаючы з маленства, з часоў Вялікай Айчыннай. Як і ўсім дзецям таго пакалення, давялося хлебануць гора, зведаць голад, страх, жыццё ў зямлянках. Але што адметна: пра цяжкасці, нястачы распавядае неяк між іншым, мімалётам, а ўвагу стараецца засяродзіць менавіта на яркіх пазітыўных момантах. Напрыклад, згадвае цукеркі, просценькія “падушачкі”, і тое, якой неверагоднай смакатой ім, вясковыя хлапчукам, не распешчаным прысмакамі, здаваліся тыя ласункі. Далей гэтаксама пра службу ў арміі: ні слова пра цяжкасці, тугу па радзіме, з якой развітаўся на чатыры гады, а толькі пра памятныя падзеі і выпадкі, цікавых людзей, уражанні ад прыроды Прыморскага краю (а служыў наш герой, дарэчы, у марской авіяцыі).
Па радзіме ж, канечне, сумаваў, як на крылах ляцеў у водпуск, і пасля арміі варыянтаў іншых не разглядаў: толькі дадому. На той час у Беразіне была МТС, дзе і адвучыўся Міхаіл на трактарыста. Першы трактар яго зваўся ХТЗ, меў жалезныя колы і не меў кабіны. Араў на ім малады механізатар, баранаваў. Ого, распавядае з цёплай усмешкай, як пачэсна было і ганарова: трактарыст! І зноў ні слова пра ўмовы працы, калі, само сабой зразумела, і пад дажджом мокнуць даводзілася, і на ветры калець, і пылам пакрытым быць з галавы да пят. Гэта пасля ўжо з’явіліся МТЗ-50, МТЗ-80 – раскоша ў параўнанні з тым ХТЗ. Механізатарам і адпрацаваў Міхаіл Мікалаевіч аж да выхаду на пенсію – у сельгасхіміі, саўгасе “Камунар”. Нейкі час рупіўся на аэрадроме ў Варлані – загружаў мінеральныя ўгнаенні ў самалёты АН-2, што ў народзе называлі “кукурузнікамі”. Кажа, не сорамна згадваць тыя гады, бо працаваў сумленна і старанна і з усімі людзьмі, з якімі зводзіў лёс, стараўся ладзіць добрыя зносіны.
Цяпер у аціхлай ад шуму і людскіх галасоў вёсачцы Шалагіры жыццё Міхаіла Мікалаевіча такое ж ціхае і размеранае. У хатцы парадак – сам стараецца трымаць і сацработнік вельмі дапамагае. Сам гатуе і цепліць печку. Глядзіць тэлевізар, ходзіць на прагулкі: на могілкі ў адзін бок і ў другі – па вёсцы. Дзеці далёка: сын, палкоўнік у адстаўцы, у Маскве, дачка ў Піцеры. Вядома ж, прыязджаюць, адведваюць, клапоцяцца пра яго быт і здароўе, бо сам ён ехаць у горад не хоча. А на юбілей – ды яшчэ які! – чакае ў госці не толькі дзяцей з унукамі, але і іншых родных, іх сяброў. Хоча, каб было мнагалюдна, весела, шумна, ярка. А як жа інакш, калі ў гэтага чалавека не адно дзесяцігоддзе дзень нараджэння быў менавіта такім.
Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота Вячаслава Чарвінскага.