ЛЮДЗІ Ў ЛЕСЕ

Некранутая пушча Бярэзінскага запаведніка, здаецца, не мае канца і краю. Шчыльнай сцяной стаяць векавыя дрэвы, даючы прытулак жывёле і птушцы. Ім тут прастора і спакой. У аднолькавай бяспецы адчуваюць сябе і лось, і мурашка, бо чалавек для  іх у запаведніку – лепшы сябра.

Дзе-нідзе суцэльная лясная сцяна перарываецца, і на вызваленай ад дрэў і хмызняку палянцы ці возера блішчыць, ці хаты вясковыя туляцца адна ля адной. Лясныя вёсачкі невялікія, але ва ўсіх яшчэ цепліцца жыццё. На змену мясцовым жыхарам, прыходзяць дачнікі, якія, пажыўшы ў загазаваных гарадах,  зараз трапятліва адносяцца да гаючага ляснога паветра. Зальхаўе – адна з такіх вёсачак. Жывуць у ёй 16 вяскоўцаў і 11 дачнікаў. Супрацоўнікі рэдакцыі нядаўна бліжэй пазнаёміліся з некаторымі з гэтых людзей.

Фаіна Кульба, старэйшына

Калі пад’язджаеш да вёскі, пафарбаваная ў яркі колер хата Кульбы адразу кідаецца ў вочы. Яна, быццам гасцінная гаспадыня, запрашае спадарожнікаў не спяшацца, затрымацца і прайсціся па вузенькай вясковай вуліцы. Хат на ёй няшмат, але амаль усе яны дагледжаныя, з чыстымі панадворкамі і нават вясёлыя ад рознакаляровых дахаў і  сцен.  Такімі іх робіць каляровая плёнка з  рознымі рэкламнымі сюжэтамі. Ёй вяскоўцаў забяспечвае сын ці ўнук аднаго з тутэйшых жыхароў, які працуе ў Мінску ў рэкламным агенцтве. Вяскоўцы ж ёй латаюць дзіркі ў сваіх пабудовах.

Фаіна Лукінічна 36 год даіла саўгасных кароў. Гадоў з дзясятак рабіла гэта ўручную. Тады ў яе групе было 25 галоў жывёлы. А яшчэ раздавала кармы, чысціла, мыла, адным словам,  працавала, як у сваім хляве. Дома яе чакала свая гаспадарка і падмяніць не было каму. У 32 гады засталася маладая жанчына ўдавой. Спрытная была, руплівая, але замуж так другі раз і не выйшла. За абы-каго не хацела, а такога, каб стаў ёй мужам і бацькам адзінаму яе сыну, не знайшлося. Дзіма з сям’ёй жыве зараз у Мінску, як і большасць дзяцей усіх зальхаўцаў. Але тое, што ён не забывае матулю і мае ўмелыя рукі, бачна ўсюды: у хаце, на панадворку. Акуратныя гаспадарчыя пабудовы, плот, веснічкі – усё зроблена з любоўю і па-гаспадарску. Нявестка Ніна зрабіла на панадворку  “модную” клумбу і высадзіла там ружы. Вырошчваннем кветак захапляюцца амаль усе зальхаўскія гаспадыні і таму запрашалі нас абавязкова прыехаць летам, калі вёска, па іх словах, патанае ў кветкавым харастве.

– Вы не думайце, што мы, калі жывём у лесе, удалечыні ад райцэнтра, то зусім ужо адсталыя людзі, – запэўнівала старэйшына. – Тэлевізар глядзім, радыё слухаем, таму ведаем, чым жыве краіна. І мы жывём нядрэнна. Спадзяёмся, што пенсія павялічыцца, а лекі, без якіх мы ўжо зараз не можам існаваць, стануць таннейшымі.

Васіль  і Ірына Бабічы,
дачнікі

Шчыра кажучы, іх так называць будзе не зусім правільна. Дачнікі яны фармальныя, а на справе Васіль Яфімавіч самы што ні на ёсць мясцовы, вырас у гэтай хатцы пад лесам. Тут яму знаёмы кожны кусток і кожная галінка. Маляўнічая радзіма мужа прыйшлася да спадобы і яго жонцы, былой дзяўчыне з Восава. У гэтай вёсцы, куды Васіль прыехаў працаваць кінамеханікам,  яны пазнаёміліся, пажаніліся. Потым паехалі ўладкоўвацца ў сталіцу. У Мінску жыццё склалася. Васіль Яфімавіч працаваў рабочым у тэрмічным цэху, а Ірына Арсеньеўна закончыла інстытут і доўгі час узначальвала аддзяленне сувязі № 70 у Партызанскім раёне Мінска. З вёскай сувязі не парывалі, наведваліся сюды вельмі часта.

Жаданне пераехаць на пастаяннае месца жыхарства ў Зальхаўе пасля таго, як памерлі бацькі, было ўзаемным. Прычым зрабілі гэта, як толькі дасягнулі пенсіённага ўзросту.

Першы месяц пасля пераезду Ірына Арсеньеўна дыхала і надыхацца не магла чысцюткім, лясным, пахучым паветрам. Потым узяліся за працу.

Зараз у іх прыгожай хаце вельмі ўтульна. Яны садзяць гарод, гадуюць курэй і бычка, ласуюцца мёдам з уласнай пасекі. Кожны летні дзень пачынаецца з паходу ў лес, балазе, ён у некалькіх метрах ад хаты. Ірына Арсеньеўна запэўнівае, што баравікі яна чуе па паху і ніколі з паўпустым кошыкам  дамоў не прыходзіць. Гарадскія сябры, што наведваюцца да іх на госці, пакуль едуць вохкаюць, што забраліся Бабічы ў такую глуш, а ад’язджаючы ахаюць, як добра Бабічы ўладкаваліся. Санаторый з працатэрапіяй круглы год!

З іх прыездам стала больш цывілізаваным жыццё ў вёсцы. Тут правялі водаправод, і зараз вада, якую сяляне ўвесь час вазілі на саначках ці тачках ад вадакачкі, падведзена нават у некаторыя хаты.

– З просьбай вырашыць як-небудзь праблему з вадой у Зальхаўі я звярнулася да старшыні райвыканкама, – расказвае Ірына Арсеньеўна. –  І вельмі хутка ўсё было зроблена. Трубы і іншае абсталяванне мы купілі за свае грошы, а работы выканаў РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік”. Таму ад імя ўсіх вяскоўцаў хачу выказаць вялікую падзяку Алегу Леанідавічу Пінчуку, а таксама Аляксею Уладзіміравічу Місачэнку і Аляксандру Уладзіслававічу Хілько. Гэтыя кіраўнікі ўдыхнулі, вобразна кажучы, жыццё ў нашу вёску. Людзі, якія ў ёй жывуць, вельмі шмат перажылі гора, цяжка працавалі і гэтым заслужылі крышачку ўвагі для сябе.

Вікторыя  Гаманёк
і Зінаіда Петрашэўская,
суседкі-сяброўкі

Агульнае ў лёсе гэтых дзвюх прыемных у зносінах бабулек тое, што ў іх былі рэпрэсіраваны бацькі. Гэты факт біяграфіі зрабіў гаротным іх дзяцінства, пасяліў у сэрцы боль, які не затух яшчэ і зараз.

Бацька Вікторыі Іван Вашкевіч быў адзіным сынам у сям’і, і ўвесь ладны кавалак бацькоўскай зямлі дастаўся яму аднаму. Апрацоўваць яе ён наймаў людзей, хаця і сам працаваў да сёмага поту. Гэтага было дастаткова, каб яго прылічылі да кулакоў і вывезлі невядома куды. Маёмасць разрабавалі, прычым свае ж вяскоўцы, а жонку з дзецьмі выкінулі на вуліцу. Маці, каб уратаваць Вікторыю, адправіла яе ў вёску Вецяра да кумы.

За што забраў праз ноч “хапун” (так называлі ў 30-я гады сяляне ў беларускіх вёсках начныя арышты людзей чэкістамі) бацьку Зінаіды Якаўлеўны і яшчэ некалькі мужчын з вёскі, яна не ведае і зараз. З маці дома засталося 8 дзяцей. Гадаваць іх жонцы ворага народа не дапамагаў ніхто. У перыяд хрушчоўскай адлігі прыйшла паперка, што бацька, маўляў,  несправядліва быў рэпрэсіраваны. Ім вельмі б хацелася ведаць, дзе яго магілка, ды хто скажа?

Вікторыя Іванаўна ўспамінае, як штурхалі яе, “кулацкую” дачку, дражнілі ў школе. Яна і правучылася там усяго паўтара гады. А іншыя аднавяскоўцы ноччу ціхенька прыносілі маці ежу, каб дзеці з голаду не папухлі. Людзі розныя.

 Бабулі ўспамінаюць, як у вайну зальхаўцы схаваліся ў лесе, але немцы іх там знайшлі і пагналі ўсіх у Лепель. Там за калючым дротам сядзелі сотні галодных людзей. Дзеці падлазілі пад дрот, падбягалі да салдат, прасілі есці. Некаторыя давалі хлеба, галет, былі і такія, што па галоўцы гладзілі, а іншыя з крыкам : «Рус! Рус!» ускідвалі аўтамат. Пашанцавала, іх не спалілі і не расстралялі. А потым прыйшоў голад. Ягады і грыбы, якіх было поўна ў лесе, не выручалі. Збіралі верас, лісты ліпы, таўклі і пяклі праснакі, ад якіх колам стаяў страўнік. Дужэйшыя хадзілі за Докшыцы ў заходні край за хлебам. Вікторыя жабравала па суседніх вёсках. Іншым сем’ям давалі хоць што-небудзь з амерыканскай дапамогі, а дзеці “ворагаў” не мелі і гэтага.

Звыклыя спадзявацца толькі на сябе, яны выжылі, стварылі сем’і, пабудавалі хаты (Вікторыя Іванаўна зрабіла гэта яшчэ калі была дзяўчынай), зарабілі на працы дзяржаўныя ўзнагароды і зараз у згодзе з людзьмі і ладзе з сабой дажываюць век.

 Пётр Марковіч,
адзінокі мужчына і апякун

Жыве Пётр з бацькамі і братам, але не траціць надзеі сустрэць жанчыну, з якой бы можна было наладзіць сумеснае жыццё. У вёсачцы, дзе жыве крыху больш за 10 чалавек, маладому мужчыну, канечне, сумна. Ратуецца працай, але бывае не стрымаецца і чарку кульне. Упэўнены, што з сям’ёй у рот бы не браў. Для мясцовых жыхароў ён ды яшчэ Віктар Гайдук першыя памочнікі і апекуны. У мужыкоў ёсць коні, якімі яны аруць соткі вяскоўцам, перавозяць невялікія грузы. Віктар прыводзіць дзядзькавага каня з Бяседы, а Пётр даглядае агульнага. Орліка зальхаўцам далі пасля таго, як у райвыканкам звярнулася ўсё тая ж Ірына Бабіч. Да гэтага часу спраўляцца з гародам для вяскоўцаў было вялікай праблемай.

Орліка Пётр даглядае добра, конік сыты і спакойны. Спецыяльна для яго сеюць шмат ячменю, толькі ратаваць яго ад дзікоў цяжка. Дзякуючы запаведніку, іх распладзілася столькі, што мясцовым жыхарам жыцця не стала. Рыюць гароды, псуюць пасевы. Падыходзяць пад самыя хлявы. Кажуць, што неяк бачылі статак у 60 галоў. Калі нават зрабіць скідку на перабольшанне, якое заўсёды характэрна для падобных расказаў, лічба ўсё роўна застаецца ўнушальнай. Дарэчы, паляўнічых у вёсцы няма і, кажуць, не было ніколі. Мясцовыя жыхары лічаць за лепшае сябраваць з лесам, вось толькі ніяк не могуць зразумець, чаму, нават па дазволе, ім нельга збіраць у лесе ламачча. Дровы яны, як і ўсе, купляюць у лясніцтве.

Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *