Молодой юрист из Докшиц благодарен судьбе и своим учителям

Дзяніс Малько юрыдычнай практыкай займаецца крыху больш за тры гады, але за гэты параўнальна кароткі тэрмін ён набыў аўтарытэт у раёне сярод суб’ектаў гаспадарання. Маючы асноўным месцам працы пасаду юрыста ў ДП “Гняздзілава-Агра”, ён дапамагае яшчэ вырашаць юрыдычныя праблемы ААТ “Замастачанскае”, “Барсучанка”,  ДП “Порплішча”, КУП “Докшыцкі” і нават Бягомльскаму заводу “Ветразь”. Шмат у якіх сферах гаспадарання прыходзілася працаваць, але самую большую практыку набыў з прыватызацыяй жылля. Тэма складаная, бо звязаная з чалавечым фактарам, але працаздольнасць і ўпарты характар Дзяніса, які прымушае яго ўнікаць у кожную дробязь, даводзіць любую справу да канца, дазволілі яму ў большасці спраў атрымліваць станоўчы вынік. Найбольшае маральнае задавальненне малады юрыст атрымлівае, па яго словах, калі ўдаецца дапамагчы прадпрыемству пры пагашэнні запазычанасці, спісаць пеню. Гэта акалічнасць патрабуе віртуознай работы юрыста, якая пачынаецца яшчэ з таго часу, калі складаецца дагавор.

Прафесійнаму росту Дзяніса ў вялікай ступені садзейнічала грунтоўная падрыхтоўка, якую ён атрымаў у БДУ на факультэце кіравання і сацыяльных тэхналогій. Выпускнікі групы, якая спецыялізавалася на прававым забеспячэнні бізнесу, амаль усе аселі ў сталіцы. Ён жа пасля таго, як пабыў на практыцы ў следчым аддзяленні, бачыў сябе толькі там. Перашкодзіла гэтаму … здароўе. Не прайшоў міліцэйскую медкамісію, затое армейская адправіла яго ў спецназ. Пасля службы ў элітнай часці, маладому чалавеку расхацелася ісці ў сілавыя структуры.  Зараз ён задаволены, што адбыўся ў сельскай гаспадарцы. Няхай у юрыдычнай галіне, але працягвае справу большасці сваіх родных, якія працуюць на зямлі.

Жыццёвую школу праходзіў у ААТ “Таргуны”, дзе рабіў свае першыя крокі юрыста. Удзячны лёсу, які звёў яго з У.М. Новікавым.

– Гэта дзіўны чалавек, – дзеліцца сваімі думкамі Дзяніс. – Ён 40 год прарабіў у сельскай гаспадарцы і ні дня не пашкадаваў пра гэта. Каб толькі такія гаспадары як Новікаў працавалі на зямлі, то аграпрамысловы комплекс быў бы заўсёды прыбытковым. Захапляюся і памятаю кожны ўрок, які сам, таго не ведаючы, даваў мне Уладзімір Мяфодзьевіч. Што датычыцца юрыдычных спраў гаспадаркі, то добра падрыхтаваную спадчыну пакінуў пасля сябе Юрый Іосіфавіч Мацяюн.  Гэтага чалавека таксама лічу сваім настаўнікам. Такім чынам, калі на самой справе нешта атрымалася за той час, пакуль працую юрыстам, то за гэта, у першую чаргу, удзячны тым, у каго меў гонар вучыцца.

Доўга размаўляць з Дзянісам не давялося, хлопец быў патрэбны вельмі многім. Размову часта перарывалі званкі мабільніка. Дзяніс адным даваў кансультацыю па тэлефоне, другім паведамляў, што перазвоніць, трэцім – абяцаў разабрацца. Вялікая нагрузка для маладога хлопца, што ні кажы. Яна стамляе, але і прыносіць задавальненне. Не кожны ў 27 год адчувае сябе ў такой ступені патрэбным людзям.

Тэкст і фота Тамары АЛЬШЭЎСКАЙ.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *