«Не хлебам адзіным…»

І ўсё ж менавіта хлебам, перш за ўсё хлебам жыве чалавек

У суботу ва ўрачыстай абстаноўцы работнікі аграпрамысловага комплексу  і перапрацоўчай прамысловасці раёна адзначылі сваё прафесійнае свята. Каля дзевяці гадзін раніцы перадавікі калектываў сельгаспрадпрыемстваў,  кіраўнікі і галоўныя спецыялісты, узрушаныя і бадзёрыя, збіраліся ў кінаканцэртнай зале “Іскра”.  Мерапрыемства пачалося з выстаў і дэгустацыі  вырабаў перапрацоўчай прамысловасці: сыру і тварагу, каўбас і рознай вэнджаніны, хлеба, булак, пірожных… Свой куток аздобіла інспекцыя па насенняводстве, каранціне і ахове раслін, дзе былі выстаўлены лепшыя сарты агародніны і садавіны, аналагі насеннага  матэрыялу збожжавых культур. Як на п’едэстале, стаялі снапы жыта, пшаніцы, ячменю. Упрыгожылі фае майстрыхі народнага клуба “Докша” і работнікі Дома рамёстваў вырабамі ў нацыянальным беларускім стылі. Гучала музыка ансамбля народных інструментаў. Святочны настрой панаваў, захапляў, агортваў і бадзёрыў.

На сцяне ў глядзельнай зале – слайд, а на ім фотаздымак поля высокай з буйнымі каласамі пшаніцы. Поруч са сцэнай – эмітаваны каравай хлеба на ручніку з беларускім арнаментам. Поўная зала людзей. Гэта тыя, хто песціў і лілеяў зярняткі, араў і гладзіў зямлю, недасыпаў у чарговую пасяўную кампанію, пацеў ад гарачай работы, шчыраваў на збожжавай ніве, пыліўся на льняным палетку, разам з сонцам уставаў у касавіцу…

Каравай свежаспечанага хлеба ўраджаю 2012 года старшыні раённага выканаўчага камітэта, гаспадару раёна Алегу Леанідавічу Пінчуку ўручаюць лепшыя работнікі сельскагаспадарчай вытворчасці: шасцікратны пераможца рэспубліканскага спаборніцтва  сярод камбайнераў Уладзімір Лаўцэвіч з ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс”, шматлікі ўдзельнік рэспубліканскага свята “Дажынкі” механізатар Вячаслаў Аніковіч і перадавы аператар машыннага даення Наталля Гаўрыловіч з ААТ “Таргуны”.

А.Л. Пінчук звярнуўся да прысутных са словамі прывітання:

– Сёння мне вельмі прыемна павіншаваць  вас, працаўнікі сельскагаспадарчай вытворчасці і перапрацоўчай прамысловасці, ветэраны працы, з адным з самых галоўных нашых святаў. Дзякую за самаадданую працу, вытрымку, цярпенне, разуменне важнасці той работы, якую выконваеце. Дзякуючы гэтаму дасягнуты пэўныя поспехі. Упершыню за апошнія 30 гадоў дабіліся валавых намалотаў у аб’ёме больш чым 78 тысяч тон зерня. Найбольш багата ўрадзіла ніва ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс”, дзе з кожнага гектара намалацілі ў сярэднім па 34 цэнтнеры, а вал склаў 15 тысяч тон! Практычна столькі ж сабралі хлебаробы ААТ “Таргуны”. Заслугоўваюць асаблівай падзякі за працу на збожжавай ніве працаўнікі СГФ “Бягомльскі” ААТ “Віцебскдрэў” і КУСГП імя Чэрныша. Больш чым па тысячы тон збожжа намалацілі 24 экіпажы камбайнераў. Сярод іх лепшых вынікаў дабіліся экіпажы У.П. Лаўцэвіча з ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс”, В.І. Аніковіча з ААТ “Таргуны” і  А.А. Кудзеркі з ДП “АграСітцы”. Нядрэнна сёлета ўрадзіў рапс. Лідарам у яго вытворчасці стала ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс”. Вышэй, чым запланавалі сабралі зерня рапсу ў ААТ “Барсучанка”, КУСГП імя Чэрныша, ДП “АграСітцы”. На першае месца ў вобласці выйшлі докшыцкія льнаводы, дзе льновалакно дало ў сярэднім па 9,6 цэнтнера з кожнага гектара.

Пэўныя дасягненні маем сёлета ў жывёлагадоўлі. Валавая вытворчасць малака склала 34 тысячы 600 тон. У ДП “Гняздзілава-Агра” за 10 месяцаў надаілі ад кожнай каровы па 4200 кілаграмаў малака, у ААТ “Таргуны” – 4020 кілаграмаў (аператар Н. Гаўрыловіч павялічыла надой ад каровы ў параўнанні з аналагічным паказчыкам мінулага года на 500 кілаграмаў!), а ў КУП “Докшыцкі” – па 3 500 кілаграмаў. Хачу асабліва адзначыць, што жывёлаводы камунальнага ўнітарнага прадпрыемства дабіліся такіх вынікаў працуючы ў значна горшых умовах, дзе матэрыяльна-тэхнічную базу ні ў якім разе нельга параўнаць з базай вышэйназваных таварыстваў. Пэўнае задавальненне маем ад рэалізацыі мяса: у раёне  выраблена больш чым 6 тысяч тон ялавічыны,  трэцяя частка ад усяго прыпадае на долю ААТ “Таргуны”. Добра ў гэтым кірунку папрацавалі таксама жывёлаводы ДП “Порплішча” і ААТ “Замастачанскі” .

Выказваю вялікую ўдзячнасць тым арганізацыям і кіраўнікам, якія падстаўляюць надзейнае плячо ў складаных сітуацыях сельскагаспадарчай вытворчасці. Гэта  РУП ЖКГ “Докшыцкі камунальнік”, ДЛГУ “Бягомльскі лясгас”, райста,  РВУ “Докшыцырайгаз”, раённы аддзел адукацыі, ДКУБП “Докшыцкая ПМК № 52”, а таксама Лепельскі і Глыбоцкі МКК, Глыбоцкі камбікормавы завод.

Са святам усіх і дзякуй за працу. Няхай збываюцца мары ў асабістым жыцці і на вытворчасці. Здароўя вам моцнага і вялікага шчасця!

Да прысутных з трыбуны свята звярнулася начальнік райсельгасхарчу Наталля Паўлаўна Бортнік. Яна таксама дзякавала за добрасумленную працу, называла шматлікія прозвішчы тых, хто ўнёс вялікі ўклад у сёлетнія дасягненні.  Затым быў паказаны фільм аб працаўніках сельгаспрадпрыемстваў раёна, аб планах і здзяйсненнях, у якім з годнасцю гучалі словы “чалавек-працаўнік” і “хлеб”, які ні з чым не параўнаеш і нічым не заменіш.

Чарговай часткай святочнага мерапрыемства стала ўшанаванне перадавікоў вытворчасці. Адны за адным падымаліся на сцэну  калектывы сельгаспрадпрыемстваў, якія выйшлі ў перадавікі ў розных намінацыях, работнікі розных рангаў.

Толькі праца – старанная, карпатлівая робіць ніву шчодрай, зямлю  – 
урадлівай, а будучыню – надзейнай. Хвала тым рукам, што пахнуць хлебам.

Ганаровым дыпломам раённага выканаўчага камітэта і раённага Савета дэпутатаў “За павышэнне ўраджайнасці і павелічэнне вытворчасці зерня” ўзнагароджаны калектыў ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс”. Гэты калектыў прызнаны пераможцам і ў намінацыях “За павышэнне ўраджайнасці, павелічэнне вытворчасці і продажу дзяржаве льну” і “За павышэнне ўраджайнасці, павелічэнне вытворчасці і продажу дзяржаве насення алейнага рапсу”.

За павышэнне ўраджайнасці і павелічэнне вытворчасці зерня сярод сельскагаспадарчых арганізацый раёна другой групы  першае месца прысуджана калектыву СГФ “Бягомльскі” ААТ “Віцебскдрэў”. Калектыў узнагароджаны Ганаровай граматай раённага выканаўчага камітэта і раённага Савета дэпутатаў.

Першае месца ў намінацыі “Вытворчасць малака” прысуджана калектыву ДП “Гняздзілава-Агра”.

За дасягненне высокіх паказчыкаў па вытворчасці мяса сярод сельскагаспадарчых арганізацый раёна першае месца прысуджана калектыву ААТ “Таргуны”. Калектыў узнагароджаны Ганаровым дыпломам раённага выканаўчага камітэта  і раённага Савета дэпутатаў.

Аб’яўлена ўдзячнасць раённага выканаўчага камітэта і раённага Савета дэпутатаў экіпажу камбайнераў ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс” у складзе Уладзіміра Лаўцэвіча і Паўла Шульгата, які заняў першае месца ў раёне, намалаціў першую тону зерня ў вобласці, а затым першым прыйшоў і да двухтысячнай мяжы.

Сярод маладзёжных экіпажаў камбайнераў першае месца прысуджана Дзмітрыю Юрэвічу з  КУСГП імя Чэрныша, сярод вадзіцеляў першай групы, якія перавозілі зерня з поля на ток, – Валянціну Марозу з ААТ “Барсучанка”,  другой  групы – Сяргею Юшкевічу з ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс”. Лепшым маладым вадзіцелем у дадзенай намінацыі прызнаны Віктар Раткевіч з ААТ “Таргуны”.

Першыя месцы прысуджаны:
сярод камбайнераў, якія былі заняты на церабленні льну і нарыхтоўцы травяных кармоў, адпаведна, Пятру Кавалёву  і Вячаславу Аніковічу з ААТ “Таргуны”;
сярод аператараў машыннага даення – Наталлі Гаўрыловіч з ААТ “Таргуны”;
сярод жывёлаводаў па абслугоўванні дойнага статка – Сяргею Гаўрыловічу з ААТ “Таргуны”;
сярод аператараў па вырошчванні маладняку буйной рагатай жывёлы – Алене Скакун з ААТ “Замастачанскі;
сярод аператараў па адкорме  маладняку буйной рагатай жывёлы – Сяргею Грышановічу з ААТ “Замастачанскі;
сярод аператараў па адкорме свіней – Ларысе Каросцік з ДП “АграСітцы”;
сярод аператараў па вырошчванні парасят – Дзмітрыю Уліцкаму з ДП “Порплішча”;
сярод аператараў па доглядзе свінаматак – Таццяне Будзіч з ДП “АграСітцы”;
сярод загадчыкаў малочнатаварных ферм – Валянціне Яцухна з ААТ “Таргуны” (МТФ “Вецяра”);
сярод тэхнікаў-асемянатараў – Валянціне Сінкевіч з ДП “Порплішча”.
Дзень работнікаў аграпрамысловага комплексу і перапрацоўчай прамысловасці  аб’ядноўвае тых, хто любіць сваю зямлю і працуе на дабрабыт людзей. На сцэну былі запрошаны:
кандытар Ганна Грыцкевіч і пекар Наталля Шыла з філіяла РУП ВП “Докшыцкі хлебазавод”;
трактарыст Яўген Зікрацкі і вадзіцель Юрый Козел з УП “Докшыцкая ПМС”;
вядучы ветурач Вольга Войніч і лабарант дыягнастычнага аддзела Алена Францкевіч з райветстанцыі;
апаратчык пастэрызацыі Докшыцкага вытворчага цэха ААТ “Лепельскі МКК” Валянціна Шуткіна.
Словы ўдзячнасці гучалі ў адрас усіх спецыялістаў сельгасвытворчасці. Лепшымі прызнаны:
аграном – Васіль Грыгаровіч з ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс”;
заатэхнік – Ларыса Федзюшына з КУП “Докшыцкі”;
эканаміст – Ірына Траба з ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс”;
бухгалтар – Галіна Арлоўская з ААТ “Таргуны”;
ветурач – Аляксандр Камзакоў з ААТ “Таргуны”;
галоўны інжынер – Аляксандр Парфяновіч з СГФ “Бягомльскі”.
Важкі ўклад у развіццё сельскагаспадарчай вытворчасці раёна ўносяць сялянска-фермерскія гаспадаркі. Удзячнасць аб’яўлена Віктару Корсаку, Леаніду Юхнаўцу і Юзэфу-Мар’яну Касцюку.

Немалая роля ў развіцці аграпрамысловага комплексу раёна належыць спецыялістам упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама.

Удзячнасць старшыні абласнога выканаўчага камітэта А.М. Косінца аб’яўлена першаму намесніку старшыні райвыканкама, начальніку ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Наталлі Бортнік.

Ганаровай граматай абласнога выканаўчага камітэта ўзнагароджана намеснік начальніка райсельгасхарчу па раслінаводстве Людміла Бальчэўская.

Удзячнасці раённага выканаўчага камітэта заслужылі начальнік аддзела інтэнсіфікацыі сельскагаспадарчай вытворчасці Васілій Шылёнак, галоўны спецыяліст па ўліку і справаздачнасці Вольга Герасімовіч, галоўны  дзяржаўны інжынер-інспектар Пётр Несцяровіч.

У намінацыях сярод сельгасарганізацый раёна першай групы другія месцы прысуджаны: калектыву ААТ “Таргуны” – “За павышэнне ўраджайнасці і павелічэнне вытворчасці зерня” і “Вытворчасць малака”; калектыву КУСГП імя Чэрныша – “За павышэнне ўраджайнасці і павелічэнне вытворчасці зерня” сярод арганізацый другой групы;

калектыву ААТ “Барсучанка” – “За павышэнне ўраджайнасці, павелічэнне вытворчасці і продажу дзяржаве насення алейнага рапсу”.

Калектывы ўзнагароджаны Ганаровымі дыпломамі раённага выканаўчага камітэта і раённага Савета дэпутатаў.

Трэція месцы па вытворчасці і продажу малака, а таксама ў намінацыі «За павышэнне ўраджайнасці, павелічэнне вытворчасці і продажу дзяржаве насення алейнага рапсу» прысуджана калектыву КУП “Докшыцкі”;

“За вытворчасць мяса”  другое месца прысуджана калектыву ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс”, а трэцяе – ДП “Порплішча”.

 На свяце былі адзначаны экіпажы камбайнераў і вадзіцелі, якія выйшлі ў пераможцы раённага спаборніцтва на жніве, і пераможцы ў жывёлагадоўлі. На сцэну былі запрошаны і атрымалі ўдзячнасць кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый раёна, якія аказваюць пастаянную дапамогу сельскагаспадарчым арганізацыям.

Нэлі БЯЛЯЎСКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *