В Докшицах отпраздновали 90-летие ОАО «АСБ «Беларусбанк»

Свой юбілей Беларусбанк сустракае безумоўным лідарам банкаўскай сістэмы краіны. Каб заняць гэта пачэснае месца, банк прайшоў доўгі шлях станаўлення і развіцця.

Вехі біяграфіі

Гісторыя стварэння і развіцця Беларусбанка непарыўна звязана з гісторыяй Беларусі. Годам заснавання з’яўляецца 1922, калі СНГ РСФСР сваёй пастановай “Аб зацвярджэнні дзяржаўных ашчадных кас” паклаў пачатак ашчаднай справе і ў нашай краіне. Перад Вялікай Айчыннай вайной у асноўным завяршылася пабудова сістэмы ашчадных кас. Гэтыя ўстановы былі ва ўсіх рэгіёнах  БССР. Вайна парушыла планы мірнага жыцця. З пачаткам акупацыі ўпраўленне дзяржпрацашчадкас было эвакуіравана ў Казань. Трэба адзначыць, што на працягу ўсіх чатырох ваенных год на франтах дзейнічалі палявыя ашчадкасы, якія прымалі і выдавалі ўклады, праводзілі падпіску на ваенныя пазыкі, ажыццяўлялі зборы сродкаў у Фонд абароны.

Гісторыя ашчаднай справы на тэрыторыі Докшыцкага раёна вядзе свой адлік з 6 кастрычніка 1944 года, калі ў Докшыцах была адкрыта цэнтральная ашчадная каса № 6483. Што датычыцца Бягомля, то там, зразумела, ашчадныя касы пачалі дзейнічаць яшчэ да вайны, бо гарпасёлак уваходзіў у БССР. У той час асноўнае месца ў рабоце займалі аперацыі па страхаванні заработнай платы ад абясцэньвання. У снежні 1947 года была праведзена грашовая рэформа, адменены карткі на харчовыя і прамысловыя тавары. У час ажыццяўлення рэформы дзяржава прадаставіла вялікія льготы грамадзянам, якія захоўвалі свае грошы на рахунках у ашчадкасах. Усе зберажэнні ўкладчыкаў захаваліся ў намінальнай суме, у той час, як абмен грошай на руках адбываўся ў суадносінах 10:1. Гэта садзейнічала прытоку грошай на ўклады ад насельніцтва.

У 1945 годзе адкрыліся ашчадкасы ў Бярозках і Валкалаце, праз 2 гады – у Крулеўшчыне. Затым у Беразіно і Параф’янава. У 1949 сваю ашчадкасу займелі Порплішча і Вітунічы. Павялічвалася колькасць ашчадных кас (да 1984 года іх было ўжо 22), больш рознабаковымі станавіліся аперацыі, якія яны выконвалі. Ашчадныя касы набывалі, прымалі на захаванне аблігацыі, грашовыя ўклады, выдавалі і аплачвалі акрэдытывы, выйгрышы па латарэйных білетах, выдавалі персанальныя пенсіі і дзяржаўную дапамогу шматдзетным і адзінокім маці, прымалі аплату за кватэры, выконвалі іншыя аперацыі.

Ля руля ашчаднай справы раёна стаялі Марыя Пусташыла, Галіна Стагурава, Марыя Панцялеева, Ніна Касарэўская, Васілій Грамовіч, Ала Самусевіч, Васілій Віткоўскі, Ірына Даніловіч.

З 1995 года пачынаецца сучасны этап у развіцці Беларусбанка. Шляхам злучэння Ашчаднага банка і акцыянернага камерцыйнага банка “Беларусбанк” было арганізавана адкрытае акцыянернае таварыства “Ашчадны банк “Беларусбанк”. Адметнай падзеяй для філіяла банка ў Докшыцкім раёне стала ўвядзенне ў эксплуатацыю ў 2000 годзе новага будынка, які сёння ўпрыгожвае горад. У памяшканні створаны цудоўныя ўмовы для работы банкаўскага калектыву і абслугоўвання кліентаў.

Банк № 1

Чацвёрты год запар Беларусбанку прысвойваецца званне “Банк № 1”. І гэта невыпадкова. Выбраўшы стратэгію быць прывабным для прыватнага ўкладчыка, рэспектабельным у вачах карпаратыўных кліентаў, прызнаным аўтарытэтам на міжнародным рынку, банк мае рэпутацыю надзейнага і канкурэнтназдольнага партнёра сярод айчынных і замежных крэдытных інстытутаў.

Кліентамі Цэнтра банкаўскіх паслуг № 209 з’яўляюцца 253 прадпрыемствы, арганізацыі і індывідуальныя прадпрымальнікі. Іх разлікова-касавае абслугоўванне ажыццяўляецца па 362 рахунках у нацыянальнай і замежнай валюце. Кліентам аказваецца шырокі спектр паслуг. Банк працягвае актыўна ўдзельнічаць у рэалізацыі дзяржаўных праграм развіцця  эканомікі з дапамогай крэдытавання. Напрыклад за час рэалізацыі праграмы жыллёвага будаўніцтва ў эксплуатацыю ўведзена 12 шматкватэрных дамоў на 414 сям’яў і 184 індывідуальныя дамы. Пазычальнікамі банка сталі больш за 4 тысячы грамадзян.

Актыўна развіваюцца паслугі па прадстаўленні розных відаў крэдытаў на спажывецкія патрэбы. Сёлета такімі паслугамі карысталіся 200 кліентаў.

Хуткімі тэмпамі развіваецца такі від паслуг, як выдача заработнай платы з дапамогай банкаўскіх крэдытных картак. Зараз у ЦБП атрымліваюць зарплату работнікі 91 арганізацыі агульнай колькасцю каля 7000 чалавек. Сёлета дадаткова гэтай паслугай пакарысталіся яшчэ 4 працоўныя калектывы раёна. У ЦБП і яго аддзяленнях атрымліваюць пенсію 1620 пенсіянераў.

Шырокі спектр паслуг аказваецца фізічным асобам. Гэта дэпазітныя і разліковыя аперацыі ў нацыянальнай і замежнай валюце, спажывецкае і льготнае крэдытаванне, валютна-абменныя і канверцыйныя аперацыі, міжнародныя банкаўскія пераклады і іншыя.

Банк прапаноўвае кліентам розныя схемы для аптымальнага змяшчэння сродкаў ва ўклады. На сённяшні дзень адкрыта 43305 укладных рахункаў  у нацыянальнай і 1179 – у замежнай валюце.

За 6 год ЦБП выпушчана ў зварот каля 13 тысяч пластыкавых картак, устаноўлена 3 банкаматы, 6 інфакіёскаў. Узяты на абслугоўванне 64 гандлёвыя і сэрвісныя арганізацыі, у якіх устаноўлены 83 адзінкі абсталявання.

Дзякуючы актыўнай рабоце па пашырэнні сеткі пунктаў абслугоўвання кліентаў па сістэмах WESTЕRN UNION, BLIZKO жыхары раёна маюць магчымасць адпраўляць грашовыя пераводы з любой кропкі свету.  

На юбілейнай урачыстасці

Святкаваць юбілей свайго банка супрацоўнікі Цэнтра банкаўскіх паслуг  № 209 філіяла № 216 ААТ “ААБ “Беларусбанк”  у г. Докшыцы, ветэраны банкаўскай справы, госці свята сабраліся ў кінаканцэртнай зале “Іскра”.

З галоўнымі вехамі ў станаўленні лепшага банка краіны прысутных пазнаёміў кінафільм “Гісторыя Беларусбанка”. Пра справы калектыву расказаў дырэктар Цэнтра банкаўскіх паслуг Сяргей Зубар. Ён выказаў удзячнасць за працу кожнаму работніку, падзякаваў ветэранам, выказаў спадзяванні, што супрацоўніцтва з кліентамі будзе плённым і доўгім.

Заслугі Беларусбанка перад краінай і раёнам адзначыў у сваім выступленні намеснік старшыні райвыканкама Аляксей Місачэнка.

Свае віншаванні выказаў юбілярам намеснік начальніка ўпраўлення філіяла Віцебскага абласнога ўпраўлення ААТ “ААБ “Беларусбанк” Максім Казак, які назваў сённяшні Беларусбанк інстытутам еўрапейскага ўзроўню.

Лідарам банкаўскай сістэмы краіны ўстанову зрабілі пакаленні банкаўскіх работнікаў, якія заўсёды былі ўзорам настойлівасці ў авалоданні прафесіяй, добразычлівасці ў адносінах з кліентамі, адданасці выбранай справе. Працаваць у банку прэстыжна, але разам з тым складана і адказна. Работа з фінансамі патрабуе карпатлівасці, сабранасці, увагі і, канечне, высокапрафесійных ведаў. Усе работнікі Цэнтра банкаўскіх паслуг працуюць адказна і добрасумленна, але заўсёды ёсць той, хто робіць гэта крышачку лепш за іншых. Уклад такіх людзей у агульную справу быў адзначаны адпаведнымі ўзнагародамі.

Ганаровай граматай райвыканкама і райсавета дэпутатаў была ўзнагароджана начальнік аддзела рознічнага бізнесу І.Р. Малюжанец. Удзячнасць атрымала спецыяліст па аказанні рознічных банкаўскіх паслуг В.М. Кальчынская.

Ганаровыя граматы філіяла № 200 Віцебскага абласнога ўпраўлення ААТ “ААБ Беларусбанк” былі ўручаны галоўнаму спецыялісту службы крэдытавання насельніцтва аддзела рознічнага бізнесу А.І. Варанкевіч, загадчыцы аддзялення № 209/128 аграгарадка Крулеўшчына В.П. Рута.

Граматы Цэнтра банкаўскіх паслуг уручаны спецыялісту па аказанні банкаўскіх паслуг аддзялення № 209/128 аграгарадка Крулеўшчына Л.В. Маразько, вядучаму спецыялісту адміністрацыйна-гаспадарчай службы А.М. Салаўю, спецыялісту 1 катэгорыі карпаратыўнага бізнесу В.І. Падбярэзска.

Удзячнасць атрымалі В.А. Баркова, В.А. Бязверхава, А.Р. Судніковіч, Ж.У. Насеннік, Т.В. Стальмакова, К.А. Вахавіч, А.Т. Чарапачэвіч, В.П. Пятровіч, М.М. Дземідовіч, Г.П. Садоўская.

Асаблівыя словы ўдзячнасці ў гэты дзень атрымалі ветэраны банкаўскай справы. Не адзін дзясятак год адпрацавала ў банку Ларыса Кандратовіч, якая ўзначальвала калектыў з 1986 па 2006 год. Амаль увесь гэты час яе намеснікам была Лідзія Ікановіч, якой на свяце было ўручана пасведчанне “Ветэран ААТ “ААБ “Беларусбанк”. Прафесійны дуэт гэтых разумных, адукаваных, творчых жанчын прынёс вялікі плён развіццю банка. Свой працоўны ўклад у развіццё крэдытна-фінансавай установы ўнеслі ў свой час Л.Б. Калбасіч, М.М. Бяляева, М.І. Лазар, Л.І. Плюта, А.М. Піскуновіч, А.У. Стульба, В.П. Васюковіч, З.Я. Насеннік, Т.А. Плюта, Г.У. Палянская, Р.М. Рымант, А.А. Грыцкевіч, М.В. Калічонак.

 У сувязі з 90-годдзем банк вырашыў заахвоціць сваіх кліентаў, якія на працягу 30 год з’яўляюцца пастаяннымі. Такімі аказаліся Войцех Бальчэўскі і Таццяна Васкрасенская. Яны атрымалі ад банка каштоўныя падарункі.

Музычныя віншаванні героі свята атрымалі ад удзельнікаў мастацкай самадзейнасці ГЦК. У завяршэнне ўрачыстасці прагучаў гімн Беларусбанка. 

Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.

На здымках: лепшыя з лепшых; выступае дырэктар ЦБП № 209 С.А. Зубар; віншаванні ад ветэранаў банкаўскай справы.

Фота В. Чарвінскага. 

 

 

 

 

 

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *