Засияла новая святыня в Докшицком районе (+ ФОТО)

  IMG_3034 IMG_2990Тры гады працы пакладзена на тое, каб у Докшыцкай парафіі Святой Тройцы, практычна ў цэнтры могілак,  заззяла прыгажосцю капліца Уваскрослага Езуса Хрыста. На першы погляд падаецца, што паняцці  прыгажосць і смерць несумяшчальныя. Толькі канец зямнога быцця таксама патрабуе нечага ўзвышанага.

Падобныя разважанні і падштурхнулі парафіян да будаўніцтва святыні. А яшчэ для таго, каб была магчымасць годна развітацца з дарагім чалавекам, бо не з’яўляецца вялікім сакрэтам, у якіх умовах часам праходзяць пахавальныя цырымоніі. Немагчыма дакладна падлічыць, колькі сродкаў і фізічнай сілы ўкладзена сюды. Любое будаўніцтва заўсёды выклікае шмат клопатаў і турбот. Неспадзявана з’яўляюцца так званыя падводныя цячэнні, якія перашкаджаюць і накіроўваюць намаганні па іншым рэчышчы. Так было і пры ўзвядзенні капліцы. Але Божы провід заўсёды суправаджаў памкненні парафіян, і справа набірала тэмп і сілу. Праз сотні рук прайшлі цэгла і каменне, перакінута безліч зямлі і пяску. Адным словам, у аснову прыгажосці пакладзена цяжкая работа. А найперш сюды аддадзена любоў. Любоў і павага да Бога, да сваіх родных і блізкіх, якія знайшлі вечны спачын на гэтым месцы.
Субота, 1 кастрычніка, выдалася лагодна-цёплай і па стане надвор’я, і па настроі людзей, якія таропка ў гэту раніцу накіроўваліся на каталіцкія могілкі. Узрушана-шчымлівы стан перажывалі, напэўна, усе, хто сабраўся каля пабудаванай капліцы. Факт з’яўлення такой святыні на нашай зямлі сведчыць пра тое, што людзям хочацца верыць у жыццё, жыццё вечнае. Бо, як было зазначана падчас Літургіі, мы аднабока глядзім на рэчаіснасць смерці. А гэта толькі фізічная з’ява, бо яе перамог Хрыстос сваім Уваскрашэннем. І новая святыня стала яскравым сведчаннем таму. Месца пахаванняў выклікае ў нас смутак і боль, горыч і слёзы. Цяпер жа ёсць магчымасць прыходзіць сюды не толькі падчас скрухі, але і для размовы з Богам, каб радавацца вечнаму жыццю, якое дае смерць. Гэта можна зразумець толькі маючы глыбокую веру. Таму і падобная святыня з’явілася менавіта тут, на могілках, каб мы маглі пераканацца ў словах з малітвы за памерлых:
“…І хоць нас засмучае непазбежнасць смерці, мы знаходзім суцяшэнне ў абяцанні будучай несмяротнасці. Бо жыццё Тваіх верных, Пане, не заканчваецца…”
Гэта месца стала збудаваннем, дзе пасяліліся жыццё вечнае. А камень, закладзены ў падмурак, сімвалізуе моц і глыбіню веры, якой напоўнены сэрцы людзей.
Капліцу асвяціў біскуп Віцебскай дыяцэзіі Алег Буткевіч. На самой жа ўрачыстасці прысутнічала шмат гасцей: духоўныя асобы з розных мясцін, прадстаўнікі Польскага консульства і раённай улады, вернікі і дабрачынцы з Польшчы.

[nggallery id=135]

Ірына Несцяронак.

Фота Т. Падбярэзкай.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *