Докшицкий энергосбыт выявляет нарушителей

У сістэме забеспячэння  электраэнергіяй на службу энергазбыту ўскладаюцца важнейшыя функцыі па яе ўліку і кантролі за выкананнем спажыўцамі Правілаў карыстання. У раёне налічваецца больш за 200 юрыдычных і каля 12,5 тысячы бытавых спажыўцоў электраэнергіі, з якімі заключаны дамоўленасці на яе пастаўку. У лістападзе ўсім спажыўцам адпушчана 3,794 мільёны кВт/гадз. электраэнергіі на суму 3,782 мільярды рублёў.

Непасрэдна падрыхтоўкай дакументаў для заключэння дамоўленасці на электразабеспячэнне,  кантролем за выкананнем гэтых дамоўленасцей, а таксама за станам разліку за зрасходаваную электраэнергію, выяўленнем безуліковага электраспажывання займаюцца інспектары. Іх на вытворча-збытавым участку “Энергазбыт”  працуе трое. Гэта Сяргей Рудзік, Эдмунд Іваноўскі і Вадзім Кішулька. Усе спецыялісты высокага класа, маюць вышэйшую інжынерную адукацыю і багаты вопыт работы. Ад такіх прафесіяналаў складана ўтаіць факты крадзяжу электраэнергіі. Як правіла, рана ці позна, але раскрадальнікі прыцягваюцца да адказнасці. Яшчэ ў 1998 годзе была створана рэйдавая брыгада па выяўленні фактаў крадзяжу, якая паспяхова працуе і зараз. Сёлета за 11 месяцаў было складзена 106 актаў на 196,7 тысяч кВт/гадз. аб парушэнні правілаў карыстання электраэнергіяй. У гэтай рабоце энергазбыту дапамагае РЭС, які праводзіць замеры нагрузак у начны час (у асноўным па бытавых спажыўцах). Па іх інфармацыі інспектары ажыццяўляюць праверку. Так, дзякуючы сумесным дзеянням былі выяўлены такія раскрадальнікі электраэнергіі, як Валерый Сушко з Будачоў (814 кВт/гадз. – 187,1 тыс. руб.), Генадзь Юковіч з Параф’янава  (2030 кВт/гадз. – 484,16 тыс. руб.) і іншыя.

– За той час, што дзейнічае рэйдавая брыгада, – гаворыць інспектар В.Г. Кішулька, –  раскрадальнікаў электраэнергіі стала менш, але, на жаль, зусім яшчэ яны не зніклі. Так і цягне некаторых спажыўцоў уступіць у канфлікт з законам. Маніпуліруюць з уводнымі кабелямі пры падключэнні электраабагравальнікаў, электракатлоў, падсобных памяшканняў, адціскаюць шкло на электралічыльніку і ўстаўляюць пласцінку, каб яна тармазіла дыск. Бывае, што проста навязваюць сабак на ўваходзе ў дом. Пакуль інспектар змагаецца з імі, гаспадар тым часам знішчае сляды крадзяжу. Але, шчыра кажучы, няма яшчэ такога спосабу, які б не ведаў інспектар. Нават заходзячы першы раз у дом, шляхам аналізу тых электрапрыбораў, якія ёсць у гаспадарцы, і паказанняў электралічыльніка, вопытны работнік адразу бачыць рэальную карціну спраў.  Час жа затрачваецца толькі на тое, каб злавіць спажыўца на “гарачым” учынку. Тры гады патрацілі на тое, каб улічыць у крадзяжы грамадзянку Тэрэзу Турко з вёскі Целяшы. І нам гэта ўдалося. Тэрэза Іосіфаўна кампенсуе страты (2441кВт/гадз. –720,09 тыс. руб.) энергазбыту, а потым справу будзе разглядаць энерганагляд. Менавіта гэта інстанцыя ўстанаўлівае ступень віны спажыўца і назначае пакаранне ў выглядзе штрафу, а ён даволі высокі. Таму лепшы выхад – быць законапаслухмяным грамадзянінам і сябраваць з энергазбытам. Мы патрабуем толькі строгага захавання дагаворных абавязацельстваў, бо без гэтага нельга абысціся ў спажыванні электраэнергіі.

Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.

НА ЗДЫМКУ: інспектар В.Г. Кішулька перад выездам у рэйд.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *