В Докшицах открылась рождественская выставка

Напярэдадні навагодніх святаў традыцыйна ў раённым Цэнтры дзяцей і моладзі праходзіць выстава творчых работ дзяцей, якія займаюцца ў аб’яднаннях па інтарэсах.  У гэтым годзе “Калядная фантазія” ўвасобілася    больш чым у 220 экспанатах. 

Выставачную залу некалькімі сектарамі падзялілі экспазіцыі кожнага аб’яднання: бісерапляцення, вышыўкі, беларускай саломкі, цестапластыкі, прыроды і фантазіі, дэкаратыўнага дызайну, студыі выяўленчага мастацтва “Вясёлка”. Дэбютантамі каляднай выставы сталі работы гурткоўцаў “мяккая і дэкаратыўная цацка”.

Падчас урачыстага адкрыцця выставы, у суботу 22 снежня, гурткоўцы  прэзентавалі свае экспазіцыі. Акцэнт зрабілі на  работы, выкананыя ў новых тэхніках, такіх як квілінг, аплікацыя з саломкі, модульнае арыгамі, тарцаванне і іншых.

– Карціны, вышытыя з каляровых стужак могуць упрыгожыць любы інтэр’ер, – гаварыла Насця Плюта (на здымку). Яна займаецца ў гуртку дэкаратыўнага дызайну, і нядаўна асвоіла новую тэхналогію.

Павіншаваць рукадзельнікаў   з надыходзячым Новым годам і Калядамі прыйшлі Дзед Мароз і Снягурачка. Разам з дзецьмі яны спявалі, вадзілі карагод. Потым прыязна запрасілі ўсіх пацешыцца з  выставачных экспанатаў, пагрузіцца ў нястрыманае свята фантазіі і арыгінальнай выдумкі. Была магчымасць пакінуць голас за кампазіцыю, якая найбольш спадабалася, і згуляць у бяспройгрышную латарэю.

Выстава будзе дзейнічаць на працягу студзеня. Пераможцы вызначацца ў некалькіх намінацыях.

Таццяна СТАДОЛЬНІК.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *