Знаток документального порядка
Любая арганізацыя, установа ці прадпрыемства можа прэтэндаваць на паспяховасць і аўтарытэт толькі ў тым выпадку, калі там наладжаная граматная і дасканалая інфармацыйна-дакументальная і прававая сістэма. У сучасных умовах дакумент з’яўляецца матэрыяльным адлюстраваннем любой сферы дзейнасці, паказчыкам яе законнасці, сур’ёзнасці і кампетэнцыі. Часта спецыялісты дакументальнай і заканадаўчай справы застаюцца “за кулісамі” асноўнай дзейнасці арганізацыі, аднак з’яўляюцца яе фундаментам. Такой можна назваць і прафесію юрыскансульта Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Віктара Чысцякова. Сёмы год ён стварае прававую і заканадаўчую абарону Тэрытарыяльнага цэнтра.
Дагаворы, кантракты, пратаколы, ахова працы, пажарная бяспека – далёка не ўвесь пералік накірункаў адказнасці Віктара Чысцякова. Яму з лёгкасцю давяраюць работу па зваротах грамадзян і юрыдычных асоб, а таксама кадравую.
– Выкананне ўсіх гэтых работ патрабуе ад спецыяліста шырокага круга ведаў, дакладнасці, уважлівасці. Нашаму юрысту гэтага не займаць, – гаворыць пра Віктара Дзмітрыевіча дырэктар ТЦСАН Марыя Курдзека. – А самае галоўнае, што акрамя прафесіянальных якасцяў, у ім прысутнічаюць і чалавечыя – добрапрыстойнасць, чэснасць, справядлівасць і дабрыня. У нашай сферы без іх нельга.
Высокая маральнасць, высакароднасць, інтэлект і прага да глыбокіх пазнанняў адрозніваюць увесь род Чысцяковых. Дзядуля Віктара Мікалай Дзмітрыевіч быў вядомым у раёне краязнаўцам. З Віктарам у яго была моцная сувязь. Ён прывіваў унуку інтарэс да гісторыі, любоў да радзімы, вучыў яго адказна ставіцца да любой справы, быць разважлівым, удумлівым. Асуджаў павярхоўнасць і неахайнасць у рабоце. Відавочна, што дзедавы вучэнні не былі дарэмнымі. Хоць Віктар стрыманы ў размове, нешматслоўны, у ім выразна адчуваецца шырыня душы, глыбіня думкі і эрудыцыя. Галоўнай задачай у сваёй рабоце ён лічыць дапамогу людзям. Вышэйшая адукацыя, атрыманая ў Акадэміі МУС Рэспублікі Беларусь на факультэце гаспадарчага права, дае магчымасць яму праводзіць кансультацыі па пытаннях працоўнага і грамадзянскага права як для сваіх супрацоўнікаў, так і для падапечных Тэрытарыяльна цэнтра.
– Разам з калегамі мы стараемся весці своечасовае інфармаванне грамадзян, якія знаходзяцца пад апекай Цэнтра, пра ўсе новаўвядзенні ў прававым заканадаўстве, пра з’яўленне новых сацыяльных паслуг. Імкнёмся павышаць іх юрыдычную граматнасць, каб яны ведалі свае правы, адчувалі сябе ўпэўнена ў інфармацыйнай прасторы, – гаворыць Віктар Чысцякоў.
За час працы ў Цэнтры юрыст неаднаразова прайшоў выпрабаванне на прафесійную кампетэнтнасць. Першы раз, калі ў Докшыцах стваралася аддзяленне дзённага прабывання інвалідаў. Тады на адказнасць Віктара Дзмітрыевіча лягла ўся суправаджальная дакументацыя. Другі раз вялізны аб’ём работы прыйшлося выканаць пры адкрыцці аддзялення кругласутачнага прабывання ў Крулеўшчыне. Так як юрыст адказвае за пажарную бяспеку і ахову працы, ён быў адным з каардынатараў работ па забеспячэнні ўсёй гаспадарчай дзейнасці аддзялення, кантраляваў дзяржаўныя закупкі, вёў праектна-каштарысную дакументацыю. Пасля будаўніцтва дзвюх сацыяльных аб’ектаў спецыяліст прайшоў некалькі грунтоўных праверак. Памылак у афармленні справаздачнай дакументацыі не было знойдзена.
Зараз Віктар Дзмітрыевіч заклапочаны падрыхтоўкай да абласнога семінару, правядзенне якога запланавана ў Тэрытарыяльным цэнтры на пачатак студзеня. Падчас яго будзе ўздымацца шмат пытанняў, сярод іх тыя, што тычацца кампетэнцыі юрыста. Трэба будзе паказаць узор у рабоце па ахове працы, пажарнай бяспецы, справаводстве і іншых. Адміністрацыя ТЦСАН упэўнена, што Віктар Чысцякоў зробіць гэта бездакорна.
Таццяна СТАДОЛЬНІК.
Фота аўтара.