В Докшицах пройдёт конкурс ёлок

Вось такія елачкі да Навагодніх святаў падрыхтавалі вучні Параф’янаўскай школы. Хутка яны адправяцца ў райцэнтр, дзе прымуць удзел у раённым конкурсе ёлак “Ёлка ФЭСТ — 2013”, які арганізаваў аддзел культуры.

20 год настаўнікам працоўнага навучання працуе ў Параф’янаўскай школе Вольга Антонаўна Сазановіч (на здымку), і ўсе гэтыя гады яна з’яўляецца нязменным кіраўніком гуртка “Мастацтва і рукадзелле”. Гэта яе выхаванкі ствараюць уласнымі рукамі такую прыгажосць.
 

Вучаніца 6 класа Вольга Пашкоўская з дапамогай сваёй настаўніцы прыдумала і зрабіла ёлачку “Абжорку”, якую ўпрыгожваюць лыжкі, відэльцы і макарона. Аляксандра Галавашка, таксама з 6 класа, для конкурсу ў намінацыі “Палёт фантазіі: лепшая рэкламная ёлка” сваю зімнюю прыгажуню прыбрала ў ніткі, карункі і стужку швачкі. Работа Аляксандры будзе рэкламаваць раённае прадпрыемства “Бытавік”. Вікторыя Чарняўская, вучаніца 8 класа, на конкурс прадставіць дзве ёлкі-сяброўкі. Іх яна апранула ў сукенкі з кавалачкаў тканіны, пер’яў, а на макушкі прымацавала капялюшыкі. Як усё гэта зроблена – сакрэт.

– Фантазіі маім дзяўчатам не займаць, кожны дзень у іх юных галоўках з’яўляюцца ўсё новыя і новыя ідэі, – расказвае Вольга Антонаўна. – Зараз у нас ідзе актыўная падрыхтоўка да сустрэчы Новага 2013 года, а на працягу ўсяго навучальнага года мы займаемся яшчэ і вязаннем, і вышыўкай, і шыццём.

Гурток “Мастацтва і рукадзелле” наведвае 12 вучаніц. На занятках з імі Вольга Антонаўна стараецца выкарыстоўваць новыя сучасныя тэхналогіі працоўнага навучання. Як яна лічыць, вышыўка крыжыкам і гладдзю перажыла ўжо сябе. Зараз з’явіліся новыя, больш цікавыя матэрыялы для рукадзелля. Адзенне, пашытае сваімі рукамі ці купленае ў краме, дзяўчаты ўпрыгожваюць вышыўкай са стужкі, бісерам. Таксама шыюць джынсавыя сумачкі, а старым рэчам са скуры надаюць новае жыццё. Веды, якія дзяўчаты набываюць падчас заняткаў, ім абавязкова спатрэбяцца ў далейшым жыцці. А зараз яны дапамагаюць ім паспяхова ўдзельнічаць у раённых алімпіядах. Так, вучаніца 11 класа Дзіна Фёдарава, вось ужо чатыры гады запар атрымлівае на іх прызавыя месцы. Такімі вынікамі задаволена не толькі сама школьніца, але і настаўніца, якая ўпэўнена, што з яе дзяўчат атрымаюцца сапраўдныя гаспадыні.

А ўвогуле за 20 год дзеяння гуртка яго выхаванцы былі ўдзельнікамі шматлікіх раённых і абласных конкурсаў і неаднаразова траплялі ў тройку лідараў. Вялікія надзеі ўскладаюць і на раённы конкурс “Ёлка ФЭСТ – 2013”.
Убачыць работы рукадзельніц з Параф’янава, а таксама шматлікія іншыя вырабы, якія рыхтуюць школьнікі з усіх школ раёна, а таксама працоўныя калектывы можна будзе ўжо зусім хутка. Выстава самых неверагодных ёлак пройдзе з 18 па 28 снежня ў фае Гарадскога цэнтра культуры. А 25 снежня, падчас правядзення “Парада Дзедаў Марозаў і Снягурак”, будуць падведзены вынікі і названы пераможцы конкурсу.

Таццяна ШУЛЬГАТ.

Фота аўтара.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *