В Докшицах прошёл парад Дедов Морозов и Снегурочек

У парадзе прынялі ўдзел навагоднія героі з 25 арганізацый, устаноў і прадпрыемстваў раёна.

Ля гарадской ёлкі парад сустракалі галоўныя Дзед Мароз і Снягурка. Пасля таго, як кожная пара была прадстаўлена, свята перанеслася ў залу ГЦК. Дзеды Марозы і Снягуркі з Барсукоўскай СШ, ЦРБ, райста, Тумілавіцкай СШ-сада і завода “Ветразь” прадставілі свае конкурсныя праграмы і тым самым змагаліся за права называцца “Дзед Мароз і Снягурка года”.

Кожная праграма была напоўнена перш за ўсё добрым настроем, якія дарылі прысутным Дзеды Марозы і іх унучкі-Снягуркі. Акрамя святочных віншаванняў яны спявалі песні, танцавалі, загадвалі загадкі, забаўлялі, запрашалі ў гульні і конкурсы дзяцей і дарослых, з імі ж вадзілі карагоды. Прыемна здзівілі гледачоў некаторыя касцюмы. Так, работнікі ЦРБ адышлі ад традыцый і апранулі Дзеда Мароза ў шапку з антэнай, а Снягурка, акрамя экзатычнага касцюма, мела яшчэ і цёмны колер скуры.

Прадстаўленыя праграмы і касцюмы ацэньвала журы, у склад якога ўвайшлі намеснік старшыні райвыканкама па сацыяльных пытаннях В.Ю. Рандарэвіч, начальнік аддзела культуры райвыканкама І.М. Журомская, начальнік аддзела арганізацыйна-кадравай работы райвыканкама Т.К. Молчан. Пасля невялікага канцэрта, які падрыхтавалі салісты народнай эстраднай студыі “Калейдаскоп”, журы назвала пераможцаў, якім уручыла дыпломы і памятныя падарункі.

У намінацыі “Высокі ўзровень выканаўчага майстэрства” перамаглі Дзед Мароз і Снягурка Барсукоўскай СШ, у намінацыі “Арыгінальнасць і інавацыйны падыход да правядзення навагодняй праграмы” – ЦРБ, “Артыстызм” – райста, “Папулярызацыя беларускіх нацыянальных традыцый” – Тумілавіцкая СШ-сад. Галоўны прыз і званне “Дзед Мароз і Снягурка года” атрымалі навагоднія героі Бягомльскага завода “Ветразь”.

                       ***
Цыкл калядных і навагодніх мерапрыемстваў быў распачаты 18 снежня выставай-конкурсам “Ёлка-ФЭСТ 2012”. Падвядзення вынікаў з вялікай нецярплівасцю чакалі 40 арганізацый, устаноў і прадпрыемстваў раёна, якія прынялі ўдзел у конкурсе ёлак і навагодніх кампазіцый. На суд гледачоў і журы было прадстаўлена 67 работ у пяці намінацыях. З вялікай разнастайнасці работ журы неабходна было выбраць самыя цікавыя і арыгінальныя. І вось аб’яўлены вынікі.

У намінацыі “Навагодняя феерыя” (самая арыгінальная ёлка) лепшай прызнана работа “Залаты век” Таргуноўскага СДК. У гэтай жа намінацыі адзначаны работы “Цуд пад Новы год” (СШ № 2), “Навагодні крэатыўчык” (ГЦК), “Ёлачка-прыгажуня” (Парплішчанская СШ). У намінацыі “Палёт фантазіі – лепшая рэкламная ёлка” перамогу атрымалі работы завода “Ветразь” і “Будзь здароў” ЦРБ. У намінацыі “Зімняя казка” (лепшая навагодняя кампазіцыя) адзначана работа “Ёлкі-модніцы” Параф’янаўскай СШ. У намінацыі “Ёлка-прыгажуня” (ёлка з выкарыстаннем нацыянальных традыцый) лепшай названа работа “Калядны пост” Сітцаўскага СДК. У намінацыі “Навагоднія сюрпрызы” (арыгінальнае навагодняе ўпрыгожванне) адзначана работа “Навагодні сюрпрыз” Гарадзішчанскага СДК.

Арганізатарамі конкурсу была прадугледжана яшчэ адна намінацыя “Прыз глядацкіх сімпатый”. Пераможцу ў ёй вызначылі наведвальнікі выставы. Найбольшую колькасць галасоў, а менавіта – 87 (усяго прагаласавала больш за 400 чалавек) атрымала работа “Прысмакі для душы”. Для вырабу гэтай ёлкі Зоя Хілько з ЦРБ выкарыстоўвала цукеркі, магчыма таму яе работа стала такой папулярнай.

Членамі журы быў заснаваны заахвочвальны прыз “За ўдзел у некалькіх намінацыях”. Яго ўладальнікамі сталі калектывы ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва райвыканкама, Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, Барсукоўскай СШ, Парплішчанскага СДК, Станіслаўскай сельскай бібліятэкі.

У заключным слове Валянціна Рандарэвіч выказала ўдзячнасць усім удзельнікам “Ёлка-ФЭСТ 2012” і парада Дзедаў Марозаў і Снягурак:

– Вы прынеслі ўсім нам не толькі добры настрой, але і вялікую радасць. Няхай Новы 2013 год будзе яшчэ больш яскравым і запамінальным. Са святам!

Таццяна ШУЛЬГАТ.

На здымку: парад Дзедаў Марозаў і Снягурак у Докшыцах.

Фота В. Чарвінскага.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *