Коллектив МТФ «Староселье» Докшицкого района удовлетворён итогами работы за 2012 год и зарплатой

Калгасныя дамы ў цэнтры Несцераўшчыны нічым асаблівым паміж сабой не адрозніваюцца. Цагляная пабудова пад нізкім дахам некалі была ў ліку тыпавога жылля для вяскоўцаў. Пад такімі дахамі пачыналі новае жыццё маладыя работнікі сельскай гаспадаркі, іх атрымлівалі з мэтай паляпшэння жыллёвых умоў работнікі са стажам, перадавікі вытворчасці. Вось і сям’я Аляксандра Парцянкі пабудавала сваё шчасце ў гэтакім доме. А да таго муж і жонка мянялі месцы жыхарства і работы. 

Мы спускаемся з цэнтральнай дарогі  і ідзём па ачышчанай ад снегу шырокай сцяжыне да хаты. Разважаем між сабой: да дарогі метраў 30, а заезд чысты. Бачна, што гаспадар у хаце ёсць. А вось і сляды ад колаў машыны, значыць, і аўто ў сям’і маецца. Заможна жывуць людзі ў вёсках, якія працаваць хочуць і ўмеюць. Ды чаму і не? Адчувальнае дапаўненне да зарплаты дае прыбытак з агарода, асабістай гаспадаркі. Толькі не лянуйся – працуй.

Ганна Пятроўна Шыкавец сустракае нас ля дзвярэй і шчыра запрашае далей. Ідучы за ёй, акідваем вокам сучасную абстаноўку вясковай хаты: па-гарадскому выглядае кухня з дзвярным праёмам у выглядзе аркі, вуглавая мяккая канапа ў зале…

– Даўно рамонт не рабілі, – быццам апраўдваецца гаспадыня. – У гасціннай трэба памяняць шпалеры, пакласці лінолеум. Зала патрабуе абнаўлення. Але дачушка абяцае, што зробіць сама. Яна вучыцца ў Маладзечне за муляра-тынкоўшчыка. У школе асабліва вызначалася па маляванні, а таму развіць сваю здольнасць вырашыла ў вучылішчы.

Са слоў жанчыны мы хутка даведаліся, што ў сям’і выраслі два сыны, якія ўжо на сваім хлебе, і дзве дачушкі. А яна ў 49 гадоў з’яўляецца бабуляй 5-гадовай унучкі. Ездзіць у Барысаў, каб праведаць яе. Але больш часу аддае рабоце.

– Працу ў жывёлагадоўлі пачала з лабаранткі, – расказвае гаваркая кабета. – Але пасля далучэння СВК “Несцераўшчына” да СВК “Таргуны”  Уладзімір Мяфодзьевіч Новікаў прапанаваў мне ўзначаліць МТФ “Стараселле”. Напачатку крыху засумнявалася наконт таго ці пагаджацца. Пайшла, бо выбару не было. А цяпер упэўнена, што паступіла правільна. Прызнаецца Ганна Пятроўна, што работу сваю любіць, спраўляецца з пастаўленымі задачамі. Праўда, адразу дадае:

– Не толькі мая заслуга ў тым, што МТФ пастаянна займае лідзіруючыя месцы ў таварыстве. Калектыў падабраўся добры. Аператары машыннага даення – старанныя, даглядчыкі – адказныя. За фермай замацаваны трактар. Механізатар Генадзь Падбярэзкі заўсёды на падхваце.  Калі трэба ўцяпліць вокны-дзверы, зрабіць бягучы рамонт ці экстранна ліквідаваць непаладкі, то і механізатар, і даглядчык тут жа бяруцца за справу.

Заработная плата кожнага члена калектыву залежыць ад надояў. Вось таму і  працуюць на канчатковы вынік. У сярэднім ад каровы атрымліваюць цяпер па 11 кілаграмаў малака. А на раздоі – і таго больш: па 15 кілаграмаў. У аператараў машыннага даення ёсць дадатковы стымул дабівацца высокіх вытворчых паказчыкаў. За карову, якая дае больш чым 20 кілаграмаў малака ў дзень, па выніках месяца плацяць  100 тысяч рублёў. Слесары могуць павялічыць свой заробак шляхам эканоміі электраэнергіі. Пасля таго, як распрацавалі такія ўмовы, іх заробак павялічыўся на 300-400 тысяч рублёў.

Калектыў жывёлаводаў на ферме “Стараселле” ўкамплектаваны, стабільны. У кожнага жывёлавода ёсць выхадныя дні. Рабочы механізм адладжаны і працаваць тут не складана.  У сярэднім заробак за месяц у 2012 годзе склаў па ферме больш чым 3 мільёны рублёў. А значыць, людзі маюць як маральнае, так і матэрыяльнае задавальненне. Як гаворыць Ганна Пятроўна, яны жыццём задаволеныя, чаго жадаюць і ўсім работнікам сельскагаспадарчай вытворчасці.

Нэлі БЯЛЯЎСКАЯ.

НА ЗДЫМКУ: Ганна Пятроўна Шыкавец.

Фота В. Чарвінскага.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *