Лучший главный зоотехник работает в «Докшицком»

На МТФ “Слабада” КУП “Докшыцкі” стаяў шум матора ад работы даільнай устаноўкі: дзве даяркі ў размераным  рытме вялі абедзенную дойку. Разам з імі была і Ларыса Мікалаеўна Фядзюшына, якая працуе каля двух гадоў галоўным заатэхнікам на прадпрыемстве.  На гэтай ферме яе можна сустрэць дастаткова часта, бо яна паставіла перад сабой і, канечне ж, калектывам жывёлаводаў задачу: сфарміраваць статак кароў і рэалізоўваць атрыманае ад іх малако класам экстра. Справа ў тым, што яшчэ напачатку 2012 года адгэтуль прадавалі малако  найвышэйшым гатункам. А ў апошні час у арганізме жывёлы выявілі больш саматычных клетак, чым патрабуе стандарт, урэшце, і статак папоўніўся аналагічнымі пяршачкамі. Таму і рэалізоўвалася малако толькі вышэйшым гатункам. Але, што для некаторых добра, для докшыцкіх жывёлаводаў выклікае вялікае незадавальненне.

У сярэднім на ферме “Слабада” за 2012 год атрымалі ад кожнай каровы па 4156 кілаграмаў малака. У працэнтных суадносінах да ўзроўню 2011 года гэта склала лічбу 109. Ёсць значнае павелічэнне і ў атрыманні прыплоду. Калі ў папярэднім годзе атрымалі 826 цялятак, то ў 2012-м – 876,  дзякуючы змяншэнню сэрвіснага перыяду кароў. Гэта  стала адным з фактараў у павелічэнні надояў. Другім, не менш важным, з’явілася нарыхтоўка якасных кармоў. Калі ў 2011 годзе іх было нарыхтавана больш, то летась – лепшай якасцю. Асабліва пільна сачыў за закладкай сенажу і сіласу галоўны ветурач прадпрыемства Аляксандр Супранёнак. Ён рабіў замеры зялёнай масы на працэнт вільготнасці і кантраляваў тэмпературны рэжым. І трэцім, не менш важным фактарам у павелічэнні надояў, стала пастаяннае выкананне жывёлаводамі даведзеных эканамістам заданняў. Выгада ад пералічанага двухбаковая. А заслуга, у большай ступені, галоўнага заатэхніка. Прынцыповая, адказная, патрабавальная Ларыса Фядзюшына  трымае пад кантролем увесь тэхналагічны і рабочы працэс у жывёлагадоўлі. Дарэчы, сама не мае спецыяльнай адукацыі. Але, як кажуць у народзе, галоўнае навучыцца танцаваць, а працаваць, пры жаданні, навучыцца можа кожны. Ларыса Мікалаеўна вельмі ўдзячна за дапамогу і паразуменне намесніку дырэктара па жывёлагадоўлі,  ветурачам, усім спецыялістам, якія  падтрымліваюць практычнымі ведамі і парадамі. Жанчына хоча працаваць і ўсю сябе аддае вытворчасці. На дамашнім падворку большая нагрузка лягла на мужа. Ён, яе надзейны сябар і памочнік, даў магчымасць жонцы больш часу аддаваць вытворчасці. Урэшце, у тым, што Ларыса Мікалаеўна Фядзюшына прызнана лепшым заатэхнікам раёна, ёсць пэўная яго заслуга. А яна, па-ранейшаму, абяцае працаваць на карысць сельгаспрадпрыемства самааддана і дбайна.

Нэлі БЯЛЯЎСКАЯ.

НА ЗДЫМКУ: (злева) Ларыса Фядзюшына на калегіі райсельгасхарчу на базе КУП «Докшыцкі».

Фота аўтара.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *