В Докшицах прошёл утренник для умников и умниц

Штогод па ўжо добрай традыцыі кінаканцэртная зала “Іскра” збірае ў сваіх сценах лепшых вучняў школ раёна. У новым 2013 годзе ўшаноўванне пераможцаў прадметных алімпіяд, прызёраў абласных, рэспубліканскіх конкурсаў і спартыўных спаборніцтваў адбылося 4 студзеня.

Мерапрыемства пачалося з навагодняга прадстаўлення ў фае кінаканцэртнай залы, якое для школьнікаў падрыхтавалі работнікі ГЦК. Тут жа разгарнуліся выставы работ выхаванцаў Цэнтра дзяцей і моладзі, некаторыя вырабы можна было набыць у бяспройгрышнай латарэі. Вясёлая дыскатэка з конкурсамі і гульнямі яшчэ больш узняла і без таго добры настрой хлопцаў і дзяўчат, якіх наперадзе чакала ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання.

Зала «Іскры» была запоўнна лепшымі вучнямі, іх настаўнікамі і бацькамі. Прысутных павіншавалі з Новым годам Дзед Мароз і Снягурка, якія і распачалі адну з галоўных школьных урачыстасцей года.

Школьнікаў прывітала намеснік старшыні райвыканкама Валянціна Рандарэвіч:

– Новы год – час, калі мы ставім перад сабой новыя задачы і мэты. Хтосьці з вас сёння ўпершыню атрымае дыплом, а некаторыя ўжо не раз мелі такое прызнанне і тым самым год ад году пацвярджалі свае веды. Я жадаю вам, каб гэта былі далёка не апошнія перамогі ў вашым жыцці. Няхай ваш запал і імкненне да пазнання новага, расце і развіваецца. Будзьце ўдзячнымі за гэта сваім настаўнікам, якія аднойчы знайшлі ў вас здольнасці і прывялі да перамог. У Новым годзе здзяйснення ўсіх жаданняў!

Затым урачыстасць прадоўжылі вучні СШ №1 Улада Малюжанец і Дзмітрый Сачына, якія запрашалі на сцэну пераможцаў. Пад гучныя апладысменты граматы раённага аддзела адукацыі райвыканкама ўручаў яго начальнік  В.А. Лаўцэвіч.

На сцэну адзін за адным падымаліся хлопцы і дзяўчаты, якія занялі першае, другое і трэцяе месцы ў раённым этапе рэспубліканскай алімпіяды. Дыпломы І, ІІ і ІІІ ступені атрымалі 112 вучняў за добрыя веды беларускай і рускай моў і літаратур, англійскай мовы, матэматыкі, фізікі, астраноміі, інфарматыкі, гісторыі, грамадазнаўства, геаграфіі, хіміі, біялогіі і працоўнага навучання.

Вольга Янкавіч, Уладзіслаў Шымковіч, Дар’я Біратка, Вікторыя Крупская (на здымку верхні рад злева направа), Кацярына Зінькевіч, Наталля Рудзік, Ірына Гігель (на здымку сярэдні рад злева направа), Таццяна Камінская, Мікалай Каляга і Ксенія Каляга (на здымку ніжні рад злева направа) атрымалі па тры і чатыры дыпломы. Абсалютным лідарам па колькасці і якасці перамог з’яўляецца Кацярына Зінькевіч, вучаніца 10 класа СШ № 2, якая стала ўладальніцай чатырох дыпломаў І ступені – па рускай мове, матэматыцы, фізіцы і інфарматыцы.

– Я жадаю вам яшчэ больш перамог і не толькі ў раёне, але і ў вобласці, краіне, а можа, яшчэ вышэй, – выказаў пасля ўручэння дыпломаў свае пажаданні Васілій Аляксандравіч. – І дзякуй вашым настаўнікам, якія ўкладваюць у кожнага з вас не толькі веды, але і душу.

Акрамя гэтага, начальнік аддзела адукацыі прывітаў пераможцаў і прызёраў абласных і рэспубліканскіх творчых і спартыўных конкурсаў і спаборніцтваў.

Упрыгожылі ўрачыстасць музычныя нумары, якія дарылі прысутным вакальная студыя “Тоніка” і танцавальны калектыў Цэнтра дзяцей і моладзі.

З 14 па 18 студзеня каманда з трынаццаці вучняў будзе прадстаўляць наш раён на абласным этапе рэспубліканскай прадметнай алімпіяды.

Таццяна ШУЛЬГАТ.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *