Первым в новом году в Докшицком районе родился мальчик
У 2012 годзе ў раёне нарадзілася 220 немаўлят, з якіх 100 з’явілася на свет у Докшыцкім раддоме
Нараджэнне дзіцяці — заўсёды шчасце, а нараджэнне яго пад навагоднія святы і ў час іх – лепшы падарунак для бацькоў і блізкіх. Пра такіх можна казаць, што знайшлі іх не ў капусце, а пад навагодняй ёлачкай.
Вольга Конанава з в. Замасточча Бягомльскага пассавета планавала сустрэць Новы год разам з мужам Юрыям і сям’ёй, толькі гэтыя планы парушыў яе сынок, які вырашыў з’явіцца на свет практычна пад бой курантаў. За тры гадзіны да Новага года ён ашчаслівіў сваім нараджэннем маму і тату, якія сталі імі ўпершыню. Адметна і тое, што Аляксей, такое імя выбралі для хлопчыка бацькі, стаў сотым дзіцем, якое нарадзілася ў 2012 годзе ў Докшыцкім раддоме.
Першае дзіця 2013 года ў нашым раёне з’явілася на свет 2 студзеня ў 3.40. Гэта хлопчык. У яго мамы, Анастасіі Батура з в. Ваўча Бягомльскага пассавета, гэта трэцяе дзіця. Дома немаўля і маму чакаюць тата Аляксандр, пяцігадовая Валерыя і двухгадовы Дзяніска. Імя хлопчыку яшчэ не выбралі, бо на сямейным савеце было вырашана зрабіць гэта пасля вяртання дахаты мамы і нованароджанага.
На наступны дзень, 3 студзеня, упершыню прагучаў голас першай дзяўчынкі гэтага года. Маленькая Валерыя стала трэцяй дачкой у сям’і Надзеі і Пятра Зубрыцкіх з в. Слабада Крулеўшчынскага сельсавета.Старэйшыя сястрычкі, дзесяцігадовая Аляксандра і васьмігадовая Вікторыя, з вялікай нецярплівасцю чакаюць Валерыю дома, для іх яе нараджэнне было самым найлепшым падарункам на Новы год.
Усе дзеткі нарадзіліся моцнымі і здаровымі, іх мамы адчуваюць сябе добра і вельмі шчаслівыя ад сваіх падарункаў пад “ёлачку”.
На здымку: (злева направа) Вольга Конанава, Анастасія Батура і Надзея Зубрыцкая са сваімі немаўлятамі.
Таццяна ШУЛЬГАТ.