В Докшицком районе идёт охота на волков

Ліса, воўк,  янотападобны сабака лічацца жывёламі-шкоднікамі.  Яны ўяўляюць небяспеку для жывёлагадоўлі і паляўнічай гаспадаркі, з’яўляюцца пераносчыкамі віруса шаленства. Правілы вядзення паляўнічай гаспадаркі і палявання Рэспублікі Беларусь абавязваюць паляўніцтвакарыстальнікаў сачыць за колькасцю непажаданых відаў жывёл у паляўнічых угоддзях і весці іх адстрэл. У нашым раёне егерскай службай і паляўнічымі за 11 месяцаў мінулага года было застрэлена 9 ваўкоў, 89 ліс і 33 янотападобныя сабакі.

Найбольш актыўна работу па адстрэле жывёл-шкоднікаў вядзе Докшыцкае Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў.

– У нашым раёне ёсць факты захворвання жывёл на шаленства. Сумесна з раённай ветэрынарнай службай мы ўзмацнілі работу па адстрэле непажаданых відаў жывёл, якія могуць быць пераносчыкамі віруса, – гаворыць дырэктар Аляксандр Кізін. – Кожны месяц егеры і паляўнічыя БТПР вядуць адстрэл ваўкоў, ліс і янотападобных сабак. Спецыяльна для гэтага распрацаваны графікі, выдзяляецца транспарт. У мінулым годзе  быў нават арганізаваны конкурс сярод паляўнічых на найбольшую колькасць здабытых жывёл-шкоднікаў.  Хутка будуць падводзіцца яго вынікі, пераможцаў узнагародзяць грашовымі прэміямі. Раённая ўлада ініцыіруе, падтрымлівае такую работу і ўсяляк дапамагае.

У першы дзень новага года БТПР праводзіла арганізаванае паляванне на непажаданыя віды жывёл. Яно азнаменавалася добрым трафеем.  Егер Крыпульскай паляўнічай дачы Кірыл Ванюшын у лясным масіве ля вёскі Куты застрэліў мацёрага ваўка (на здымку).

– Падстрэліць ваўка – гэта прэстыж для паляўнічага, – гаворыць Кірыл Ванюшын. – Мой паляўнічы стаж – 10 гадоў. Гэта першы воўк на маім рахунку.

Таццяна СТАДОЛЬНІК.

Фота В. Чарвінскага.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *