Любители шахмат живут в Докшицах

шахматы  012

Заняткі шахматамі прыпадаюць на долю высокалобых інтэлектуалаў. Каб авалодаць сакрэтамі гульні, трэба мець добрую памяць, аналітычны розум, матэматычнае мысленне. Прыхільнікаў гэтага інтэлектуальнага віду спорту заўсёды было няшмат, а зараз і, наогул, паменшыла. Да гонару нашага раёна на Докшыччыне такія ёсць. Праўда, усе яны энтузіясты-адзіночкі. Узяць пад сваё апякунства шахматыстаў да сённяшняга дня не пажадала ніводная ўстанова з тых, якія павінны далучаць людзей да спорту, займацца арганізацыяй іх вольнага часу.

Шахматысты аб’ядналіся самі і зараз пад кіраўніцтвам самага большага сярод іх энтузіяста Сяргея Валодзькіна вядуць актыўнае спартыўнае жыццё. На трэніровачныя паядынкі збіраюцца дзе прыйдзецца. Апошні раз іх прытуліла СШ № 1. Амаль кожныя два тыдні выязджаюць на сяброўскія спаборніцтвы ў іншыя раёны, а то прымаюць гасцей у сябе. Спонсарамі такіх паездак выступаюць самі: складаюцца на бензін для аўтамабіля і на прызы для пераможцаў. Апошні раз гулялі ва Ушачах, куды акрамя докшыцкіх шахматыстаў прыехалі таксама спартсмены з Шуміліна, Глыбокага, Браслава, Пастаў. У камандным заліку дакшычане занялі першае месца.

Сярод докшыцкіх аматараў шахмат значацца як прадстаўнікі старэйшага пакалення Уладзімір Дудзін, Генадзій Шымановіч, Валерый Сапрыкаў, Аляксандр Гарбачоў, так і маладзейшыя шахматысты. У большасці сваёй усе яны выхаванцы майстара гульні і цудоўнага чалавека Аляксея Смірнова. Аляксей Цярэнцьевіч доўгі час кіраваў шахматным гуртком у доме піянераў. Адным з першых яго выхаванцаў і быў Сяргей Валодзькін, а адным з апошніх – Юрый Чувахоў. Гэтыя хлопцы, а яшчэ Аляксандр Садоўскі, Антон Дрокін, Вячаслаў Жытковіч, Сцяпан Барсегян, Леанід Рундзя не здраджваюць свайму захапленню і сёння. Многія гуляюць у шахматы з дапамогай камп’ютара, але, на думку Валодзькіна, такі спосаб ні ў якай меры не можа замяніць гульню з жывым чалавекам і ў рэальны час.

Нядаўна гэтыя апантаныя людзі прымалі ўдзел у абласных спаборніцтвах па шахматах сярод сельскіх раёнаў вобласці. Докшыцкі – прадстаўлялі Вячаслаў Жытковіч, Антон Дрокін і Сяргей Валодзькін. Майстры шахматнай дошкі выступілі цудоўна.

Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.

НА ЗДЫМКУ: С.А. Валодзькін за чарговай партыяй.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *