На МТФ «Староселье» Докшицкого района работают «молодые, озорные, поворотливые» доярки

IMG_4932

Рэзка з-за павароту выглянула, нібы частка яснага неба, блакітна-бэзавая ферма “Стараселле” ААТ “Таргуны”. Яе знешні воблік радуе вока. Не псуецца настрой і ад унутранага выгляду. Тут парадак і чысціня.

Якраз ішла абедзенная дойка, калі мы прыехалі ў Стараселле. Гудзеў размерана матор даільнай устаноўкі, чулася цмоканне вакуумных апаратаў, з подбегам ішла па праходзе жанчына з вялікай бутэлькай, на якой была надзета сыска.

– А як жа, – жвава адказала Алеся, – спачатку поім немаўлят праз сыску. Пасля вучым іх піць з вядра. А пакуль, як з дзецьмі, цацкаемся. І жывёлу шкадуем, і грошы зарабляем такім чынам. Сёлета за здадзенае цяля на дарошчванне па 150 тысяч плаціць паабяцалі.
32-гадовая Алеся Скурат 8 гадоў працуе на ферме. Прыйшла сюды дваццацігадовай дзяўчынай. Выйшла замуж, нарадзіла трох дзетак і вярнулася на ўжо аблюбаванае месца.

– Мне тут падабаецца працаваць, – расказвае жанчына. – Калектыў стабільны. Мы пасябравалі. Гарэлкай ніхто з нас не цікавіцца, а працаваць стараемся. Вось таму і вынікі пэўныя ёсць. І заробак нядрэнны. Канечне, гэта важна. Трэба дзяцей гадаваць.

У Валянціны Санковіч сын ужо дарослы. Ёсць унукі. А яна, пасля таго як адпрацавала ў Асіповічах у гарачым цэху аўтазавода і атрымала льготную пенсію, прыехала на радзіму. Бацькі яе з Атрубка Бярэзінскага сельсавета. Маці Надзея Фамінічна Касцючонак 25 гадоў адпрацавала даяркай. За працу мела ўрадавыя ўзнагароды: медалі, ордэны, граматы. Валянціна ў дзяцінстве дапамагала ёй на ферме, а вось тое, што некалі і сама стане даяркай, не думала.

У свае 50 з хвосцікам яна выглядае, нібы дзяўчына. Стройная, энергічная, вясёлая, з чароўным бляскам у вачах. Тлумачыць такі знешні выгляд станам душы. У яе ўсё складваецца добра. Побач сястра, брат, маці. Сын, які застаўся ў Асіповічах у бацькоўскай кватэры, жыве з сям’ёй дружна. Яна атрымала дом у Несцераўшчыне. Падвяла ваду ў хату. Працай задаволена. Ідзе на ферму з радасцю. Дома зімой адпачывае ля тэлевізара, а з вясны да восені – на агародзе. Ён у яе невялікі, для душы.
У Святланы Кузменка сярод аператараў машыннага даення МТФ “Стараселле” самы вялікі стаж працы ў жывёлагадоўлі. У 27 гадоў прыехала яна ў Беларусь з Казахстана. Выбару месца працы не было, прызнаецца жанчына, а таму і пайшла ў жывёлагадоўлю. Хутка ўвайшла ў курс справы, навучылася працаваць з жывёлай, стала дабівацца поспехаў. Справу сваю палюбіла, і задавальненне ад яе атрымлівае. Ніколькі не скардзіцца на цяжкасці, не зайздросціць жыццю гарадскому.
Анжэла Васілевіч – самы малады аператар машыннага даення ў Стараселлі. Яе стаж налічвае месяцы. 25-гадовая жанчына пасля нараджэння другога дзіця знаходзілася ў дэкрэтным водпуску. Але ўзнікла патрэба ў падменнай даярцы. Загадчыца фермы прапанавала ёй. Анжэла згадзілася паспрабаваць. Да гэтай справы дачынення ніколі не мела. Гадавалася ў Бягомльскай школе-інтэрнаце, вучылася за швачку, а, як давялося, стала даяркай. І па словах “куліжанак”, з работай спраўляецца. Ніякіх папрокаў у свой адрас не заслугоўвае.

Вось такія жанчыны працуюць на МТФ “Стараселле”. На дзень нашага прыезду мы не сустрэліся з загадчыцай Ганнай Шыкавец, бо яна была на вытворчым сходзе ў Таргунах, і з даяркай Наталляй Саковіч, якая знаходзілася ў выхадным. Між тым на поспех працуюць усе. Адгэтуль і парадак на ферме, і задавальненне ад зробленага.

Нэлі БЯЛЯЎСКАЯ.

НА ЗДЫМКУ: (злева направа) Валянціна Санковіч, Анжэла Васілевіч, Святлана Кузменка і Алеся Скурат.

Фота А. Варанковіча.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *