Запас бяды не чыніць

У вяскоўцаў ёсць добрая звычка: усё вырашчанае ўбраць і захаваць. І тут грэх выдзяляць, што галоўнае, што пабочнае. Бясспрэчна, хлеб – усяму галава. Аднак, каб быў хлеб і да хлеба, неабходна правесці цэлы комплекс работ своечасова і якасна.

Актывізавалася праца сельскагаспадарчых вытворцаў ДП “АграСітцы” з прыходам на пасаду выконваючага абавязкі дырэктара П.Р. Маслава. Дзяржпрадпрыемства пастаянна ў перыяд жніва знаходзіцца на Дошцы гонару, якая ўстаноўлена ў райгазеце. Вялікі каравай далі раёну “АграСітцы”. Ён ужо вымяраецца 9956 тонамі. Тут атрымалі і самую вялікую ў раёне ўраджайнасць рапсу.

Адначасова з уборкай сітцаўскія механізатары вызваляюць плошчы ад саломы, вядуць падрыхтоўку глебы пад сяўбу азімых культур, сеюць рапс.

Юрый Буката, якога вы бачыце на здымку, механізатар з вялікім працоўным стажам. Пачаў працаваць яшчэ да арміі ў СВК “Валкалата”, які зараз далучаны да ДП “АграСітцы”. Добрасумленна выконвае любую даручаную справу, аднак яго “каронным нумарам” з’яўляецца скручванне сена і саломы ў рулоны. У гэтай справе ён непераўзыдзены майстар. 90 рулонаў за змену – справа гонару. Юрый Калікставіч ведае, на якім валку трэба набраць патрэбную хуткасць, каб без асаблівай мітусні прыйсці да пастаўленай мэты. Спакойна і размерана ідзе яго стары, але дагледжаны “Беларус” з рулонным падборшчыкам “ПРФ-115”. Адзін за адным выкатваюцца туга скручаныя круглякі і прыгожа ўсцілаюць поле ў чаканні тэхнікі, якая збярэ іх і даставіць да месца захоўвання. Праўда, спецыялізаваных прычэпаў, на якіх перавозяць рулоны да месца сціртавання, “АграСітцы” не мае. Аднак выйсце знайшлі: на дапамогу запрасілі школьнікаў. Яны ўскатваюць рулоны на жалезныя лісты, якія зачэплены за трактарамі. Работа ручная, але не патрабуе вялікай фізічнай сілы. У канчатковым выніку ў гаспадарцы вызваляюцца палі ад саломы, а падрастаючая моладзь вучыцца зарабляць грошы на ўласныя расходы. Аплачваецца гэта работа дастаткова высока.

На дзень нашага прыезду ў гаспадарцы 71 працэнт ад скошанай плошчы быў вызвалены ад саломы. Запас нарыхтаванага бяды не чыніць.

Нэлі БЯЛЯЎСКАЯ.

Фота В. Чарвінскага.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *